Гэта першае такое адкрыццё за апошнія дваццаць гадоў. Эксперты з Архіва Баха ўстанавілі, што дзве арганныя п’есы амаль дакладна належаць Баху. Дырэктар архіва Петэр Вольні заявіў, што верагоднасць іх аўтарства складае 99,9%, піша Bild.

Музычныя творы ўпершыню прагучалі праз 275 гадоў пасля смерці кампазітара — у царкве Святога Фамы ў Ляйпцыгу, дзе Бах працаваў многія гады. Тысячы слухачоў сачылі за прэм’ерай анлайн. Міністр культуры Германіі назваў адкрыццё сапраўднай музычнай сенсацыяй.
Рукапісы знайшлі яшчэ ў 1990-я, але тады не ўдалося дакладна вызначыць аўтара. Толькі летась Вольні даведаўся, што копіі зрабіў малавядомы вучань Баха Саламон Гюнтэр Ён, і аднёс гэтыя творы да ранняга арнштацкага перыяду, калі 18‑гадовы Бах працаваў арганістам.
Каментары