Грамадства2222

«Наіўна спадзяваліся зарабляць у Еўропах, прыязджаць дадому лячыць зубы на халяву і здаваць кватэру». Прапаганда пачала апраўдваць дарагія жыроўкі для «дармаедаў»

У Беларусі з 1 кастрычніка памяняўся парадак разліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі для незанятых у эканоміцы грамадзян. У сацыяльных сетках людзі абурыліся вялікім коштам і несправядлівым, на іх думку, падыходам. У адказ дзяржаўныя СМІ выступілі з тлумачэннямі і апраўданнямі.

Асноўны ўдар па крытыках узяла на сябе газета «Мінская праўда», на старонках якой выйшла адразу два артыкулы на гэтую тэму.

Першы матэрыял, напісаны журналісткай Варварай Марозавай, уяўляе сабой агляд рэакцый у сацсетцы Threads. Аўтарка адразу акрэслівае сваю пазіцыю, з іроніяй заўважаючы:

«Відаць, грамадзяне наіўна спадзяваліся, што будуць зарабляць у Еўропах, прыязджаць дадому лячыць зубы на халяву і здаваць кватэру, а падаткі пры гэтым не плаціць».

Марозава коратка тлумачыць сутнасць змен: калі ўласнік жылля прызнаны «не занятым у эканоміцы», то ацяпленне, падагрэў вады і газазабеспячэнне для ўсіх яго кватэр разлічваюць па поўным тарыфе. Пасля гэтага яна развівае свой асноўны тэзіс:

«І тут у незанятых «падгарэла»: яны ж працуюць! Падаткі, праўда, плацяць недзе там, але ніякага парадоксу ў гэтай сітуацыі не бачаць. І шчыра вераць, што дзяржава будзе па-ранейшаму поўнасцю ацяпляць іх кватэры, вывозіць смецце і сачыць за спраўнасцю ліфтаў».

Выказаўся і палітычны аглядальнік газеты Андрэй Лазуткін. Ён тлумачыць сэнс змен «калектыўнай адказнасцю»:

«каб сваякі і тыя, хто сумесна пражывае, ціснулі на чалавека: той павінен працаваць ці знайсці варыянты самазанятасці».

Як даводзіць прапагандыст, акрамя невялікай колькасці людзей, якія сапраўды «вядуць асацыяльны лад жыцця», асноўны ўдар накіраваны на тых, хто мае «лявак, з якога падаткі плацяць у Польшчы». Такія сем'і, перакананы Лазуткін, маюць дастаткова грошай, таму для іх павышаны тарыф не з'яўляецца непад'ёмным. У гэтым кантэксце жыроўка ператвараецца ў інструмент вяртання сродкаў у бюджэт:

«Такім чынам дзяржава часткова вяртае гэтыя падаткавыя сродкі праз камуналку».

Аглядальнік звяртае ўвагу на яшчэ адну важную дэталь: цяпер па поўным тарыфе давядзецца плаціць нават тым уласнікам, якія працуюць, але афіцыйна здаюць кватэру «дармаеду». Гэта, паводле Лазуткіна, зроблена для таго, каб пазбегнуць фіктыўных здзелак:

«Напрыклад, раней два прысутныя ў Варшаве таварышы маглі фіктыўна здаць адзін аднаму кватэры і не плаціць падаткаў. Цяпер такія варыянты будуць вельмі праблемнымі».

Лазуткін сцвярджае, што грамадству навязваецца памылковае разуменне праблемы:

«Барацьба ідзе не з дармаедамі, як гэта падаюць інтэрнэт-рэсурсы, а з шэрай занятасцю».

На яго думку, новыя правілы — гэта не толькі спосаб збору падаткаў, але і інструмент сацыяльна-эканамічнай палітыкі. Яны павінны стаць «стрымліваючым фактарам выезду на заробкі», калі ў чалавека застаюцца сям'я і нерухомасць у Беларусі.

Больш за тое, як даводзіць Лазуткін, гэта мера прымусіць людзей пераафармляць жыллё на тых, хто рэальна ў ім жыве. У выніку дзяржава атрымлівае больш дакладную карціну жыллёвага фонду:

«Нашая дзяржава будуе нямала кватэр за немалыя грошы, і хацелася б разумець, хто ў іх рэальна жыве потым і колькі метраў рэальна прыпадае на людзей у краіне. Ці трэба субсідаваць метры, калі кватэры потым стаяць пустыя? Ці, можа, трэба больш справядліва вызначаць катэгорыі тых, хто мае патрэбу?»

«Пытанні гэтыя рытарычныя, таму што ў Беларусі і так самая танная камуналка ў Еўропе і СНД, асабліва калі чалавек працуе, і звыш гэтага мае ільготны тарыф на электраацяпленне ў 3 капейкі. (…) Але гэта не значыць, што ў Беларусі вада і святло таннейшыя, чым у іншых краінах свету — проста іх субсідуюць за кошт тых, хто працуе (у меншай ступені), а ў большай ступені — з даходаў дзяржаўных прадпрыемстваў і падаткаў юрыдычных асоб», — даводзіць прапагандыст.

У Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі сёння пракаментавалі, што асноўная мэта новаўвядзенняў — стварыць «больш справядлівую сістэму размеркавання нагрузкі ў жыллёва-камунальнай сферы».

Каментары22

  • Гена
    17.11.2025
    Переживаю, чтобы первого тунеядца не задело, а то 19 жилищ нелегко оплачивать было и без повышения.
  • не такі, як ёсць
    17.11.2025
    не, трэба сядзець у Беларусі, хадзіць з гнілымі зубамі і палажыць сківіцу на паліцу 🤣
  • Ўот
    17.11.2025
    Чынавенства, праўладных журналісты і іншыя сапраўдныя дармаеды(уся гэтая хеўра, якая ў сусьвеце рынку не вытворвае ні воднай адзінкі прадукцыі за якую хоць хто хоча заплаціць адзінку грошай) нясуць поўную адказнасць за адсутнасць адэкватных умоў існавання для беларускага народа ў краіне.

Цяпер чытаюць

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці7

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Усе навіны →
Усе навіны

«Мне так добра раней ніколі не было». Як жыве беларуская сям’я, у якой жонка аддала нырку мужу1

СБУ атакавала авіябазу «Сакі» ў Крыме8

У мінскім аэрапорце запусцілі тэставанне сэрвісу па самастойнай рэгістрацыі і здачы багажу

У Беларусі ўжо +30°С

Коля Лукашэнка скончыў універсітэт — ці трапіць ён пад бліжэйшы прызыў у армію ці зможа адкасіць?28

У Беларусі пад Колю Лукашэнку створаць адмысловы цэнтр «спецыяльнасцяў будучыні»25

У Сейм Літвы ўнеслі папраўкі па мігрантах. Як зараз трэба будзе здаваць іспыт па літоўскай13

Зяленскі пракаментаваў удар па заводзе змазачных матэрыялаў ва Уфе1

Добкін: Шмат гавораць, колькі работнікаў ШІ зробіць непатрэбнымі, але ж колькі новых спраў і прац ён дазволіць стварыць?5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці7

Міністэрства абароны Расіі заявіла, што Украіна ўпершыню ўжыла балістычную ракету вялікай далёкасці

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць