Грамадства3333

«Калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу». Рэпартаж з прымежных Баброўнікаў

У мясцовай краме ў Баброўніках, польскай вёсцы на мяжы з Беларуссю, — поўныя паліцы спецый і пральных парашкоў: хадавы тавар сярод беларусаў. Пасля адкрыцця двух дадатковых пунктаў пропуску на мяжы з Польшчай з'ездзілі туды, каб паглядзець, што адбываецца.

Аўтобусны вакзал у Беластоку. Менавіта адсюль накіроўваюцца першыя аўтобусы ў Беларусь праз адчынены пункт пропуску «Баброўнікі — Бераставіца»

Да мяжы дабіраемся на белым бусе «Беласток — Гродна». За дваццаць хвілін да нашага рэйса тут стаіць натоўп з торбамі з «Бедронкі»: людзі сталага і сярэдняга ўзросту, змерзлыя, стомленыя. Пачынаецца пасадка, моладзь развітваецца з бацькамі, усе патроху рассаджваюцца. Адна пасажырка ўстае і праціскаецца да выхаду:

— Дайце прайсці, я на вуліцу, дачку абняць.

Пасажыры закідваюць кіроўцу пытаннямі:

— Доўга стаяць будзем?

— Як заўсёды: ад мытні залежыць, — адказвае ён.

Першы пасажырскі бус, які праедзе праз адчынены ўначы памежны пункт, чакае пасажыраў

У торбах — гасцінцы дадому. Жанчыны абмяркоўваюць справы ўнукаў у Польшчы і доўгую дарогу назад.

Наша маршрутка ехала ў Беласток праз Брэст, а вяртацца будзе праз толькі што адкрытую «Бераставіцу».

— Ну што, стартуем! Ніхто не перадумаў? Едзем адкрываць мяжу! — гучна абвяшчае кіроўца а 8:30, роўна па гадзінніку.

— Галоўнае, каб не закрылася, пакуль даедзем! — заўважае хтосьці з пасажыраў.

— Не, гэта да літоўцаў! — смяецца кіроўца.

Ззаду даносіцца:

— Вязіце нас дамоў, у гасцях добра, а дома лепей…

Па дарозе на мяжу

Мы выязджаем пад песню In the Army Now брытанскага рок-гурта Status Quo. Паабапал дарогі — патрулі памежнай службы. На гарызонце — чарга фур, доўгі «вусень», які расцягнуўся па ўскрайку дарогі на некалькі кіламетраў. Легкавых амаль няма.

Просім высадзіць нас перад самай мяжой, у вёсцы Баброўнікі. Кіроўца здзіўлены, але спыняецца.

Баброўнікі

Пры дарозе — два шэрыя аблезлыя панэльныя дамы, абгароджаныя плотам. На плоце вісіць рэкламны банер, які па-руску заваблівае работнікаў: сантэхнікаў, электрыкаў. Побач — прыпынак з выцвілым раскладам руху, а пад дрэвам — самаробны, такі ж абшарпаны паказальнік «Крама». Накіроўваемся туды.

Так выглядаюць Баброўнікі ў першую раніцу пасля адкрыцця мяжы

Міма гандлёвага пункта шпацыруе на падкошаных ад хмелю нагах мясцовы жыхар. Размаўляе «па-просту», перыядычна мацюкаючыся і пераскокваючы з тэмы на тэму.

— Па тэлебачанні кажуць, што ўсё добра, а тут — нічога няма! Ваш бацька — во! На верталёце абляцеў краіну — усё бачыў. Добры гаспадар, але парадкі — па-сталінску…

Ён успамінае добры гандаль свінінай да прыходу ў ваколіцы афрыканскай чумы, машыны, якія мылі беларускія памежнікі, дзесяць крам раней і адну цяпер, блытае Пачобута з Пратасевічам, а потым раптам ківае:

— Але я палітыкай не цікаўлюся. Я — чалавек зямлі.

У мясцовай краме — поўныя паліцы спецый і пральных парашкоў: хадавы тавар сярод беларусаў.

Памежная крама, поўная тавараў, чакае сваіх пакупнікоў

«А нас у заторах зацісне»

Каля гаражоў мужчына распальвае вогнішча. Гэта — Лех Малашэньскі, мясцовы солтыс, кіраўнік вёскі.

— Я не супраць адкрыцця мяжы. Але чаму менавіта «Баброўнікі» зрабілі і для легкавых, і для фур? У «Кузніцы» дарога шырэйшая. Мы цяпер, каб дадому даехаць, будзем стаяць у заторах па 40 хвілін да самага Гарадка (мястэчка за 15 км ад Баброўнікаў. — НН). Ніхто пра нас не думае.

Кіраўнік вёскі Баброўнікі Лех Малашэньскі

Ззаду чуюцца гудкі. Да вёскі пад’язджае аўталаўка — яна тут бывае тры разы на тыдзень. Жанчыны выходзяць з бліжэйшых будынкаў хутка, як па сігнале.

— Можа, гандаль і пойдзе. Калі мяжу адкрылі, то, можа, адчыняць і нашы крамы — кажа адна. — Але хто яго ведае.

Так выглядае гандаль для жыхароў памежжа цяпер
Чарга фур ля Баброўнікаў

Увогуле, Баброўнікі выглядаюць як мяжа не толькі дзяржаў, але і часу. Два абшарпаныя панэльныя дамы трымаюцца ля дарогі, нібы апошнія сведкі таго, што тут некалі кіпела жыццё. Побач — шэраг закінутых крамаў: пацямнелыя шыльды і залепленыя плёнкай выбітыя шыбы. З пустой дзіцячай пляцоўкі, дзе арэлі рыпяць нават без ветру, адкрываецца даволі добры від на чаргу фур — быццам сама вёска прызвычаілася назіраць, як людзі ўцякаюць адсюль у адзін альбо другі бок.

«Родзічы ў мяне па той бок»

Транспарт ходзіць рэдка, і даводзіцца ісці пешшу доўгія кіламетры, пакуль спыняецца машына. Двое мужчын з суседняй вёскі гатовыя падвезці да Беластока.

Жыхары памежжа накіроўваюцца ў Беласток

— У нас тут паветраныя шары з папіросамі нават заляталі, — смяецца адзін з выпадковых спадарожнікаў. — А родзічы ў мяне па той бок. Быў час — ездзіў у Беларусь. А цяпер — усё, жалезная заслона, як некалі ў Нямеччыне.

Ён расказвае, што папуляцыя жывёл у памежных лясах разбураецца: частка звяроў сышла ў Беларусь, а тая, што засталася, — дэградуе.

— Але калі б у Беларусі ўсё было добра, то вашы б не ехалі сюды па каўбасу, — дадае ён. — Нармальнай няма — толькі сасіскі ды мартадэла. Ды і бульбу вашую расейцы паелі ўсю.

Спадарожнікаў непакоіць, што цяпер, пасля адкрыцця мяжы, трэба чакаць павышэння цэн на тавары. Але бачаць і пазітыў: крамы адчыняцца, прымежны бізнэс зноў запрацуе.

Мужчыны высаджваюць нас ля беластоцкага прыпынку і жадаюць поспеху.

Тут, у цэнтры горада, каля касцёла, стаіць вялікі банер з партрэтам Анджэя Пачобута. Пераход «Баброўнікі — Бераставіца» ў лютым 2023‑га закрылі акурат праз пасадку гэтага вядомага гродзенскага журналіста і сябра Саюза палякаў Беларусі. Цяпер, калі Польшча адкрыла мяжу, наступны крок мае быць за Лукашэнкам — вызваленне новай групы палітвязняў з Андрэем Пачобутам. Аднак ён усё яшчэ за кратамі.

Банер з Анджэем Пачобутам у цэнтры Беластоку

Закрыццё паралізавала адзін з самых ажыўленых участкаў мяжы. Да 2023 года праз «Бераставіцу» праязджала да 500 адзінак пасажырскага транспарту ў дзень, а фур — ад 100 да 300. Цяпер пункт працуе зноў.

Прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск, абвяшчаючы пра аднаўленне працы польскіх пераходаў «Баброўнікі» і «Кузніца», акцэнтаваў, што адкрыццё мяжы тут — на пробу. «Калі з якіх-небудзь прычын давядзецца закрыць мяжу, то я не буду вагацца ні хвіліны», — падкрэсліў ён.

Мясцовыя жыхары таксама гэта адчуваюць. У іх няма ні эйфарыі, ні ўпэўненасці ў доўгатэрміновасці гэтага рашэння. Ёсць страх, што гэта прывядзе да росту цэн, і спадзяванні, што будуць і магчымасці для прымежнага бізнэсу.

Прыдарожны банер «Дзякуем за абарону польскай мяжы» на самым пад’ездзе да пункта пропуску
Дарога на памежны пункт «Баброўнікі»

Каментары33

  • НАРОД ВНЕ ПОЛІТІКІ
    18.11.2025
    Міма гандлёвага пункта шпацыруе на падкошаных ад хмелю нагах мясцовы жыхар. Размаўляе «па-просту», перыядычна мацюкаючыся і пераскокваючы з тэмы на тэму.
    — Па тэлебачанні кажуць, што ўсё добра, а тут — нічога няма! Ваш бацька — во! На верталёце абляцеў краіну — усё бачыў. Добры гаспадар, але парадкі — па-сталінску…
    Ён успамінае добры гандаль свінінай да прыходу ў ваколіцы афрыканскай чумы, машыны, якія мылі беларускія памежнікі, дзесяць крам раней і адну цяпер, блытае Пачобута з Пратасевічам, а потым раптам ківае:
    — Але я палітыкай не цікаўлюся. Я — чалавек зямлі.

    Проста тыповае апісанна простанароднага глыбіннага беларуса, якія ў свой час абралі іншага падобнага сабе. Проста частка тых русаў апынулася пасля вайны на польскім баку.
  • Геапалітычны выбар
    18.11.2025
    Было б цікава, калі б палякі як літоўцы, на мяжы пыталіся пра стаўленне да Расіі і вайны. Магчыма, шмат аматараў закупаў у Бедронцы хаця б крышачку задумалася.
  • Кузніца
    18.11.2025
    Паглядзім, як зараз, але да закрыцця мяжы столькі ваты едзіла на закупы і працу ў варожую іх каханай Расіі Польшчу, што цяжка сабе ўявіць.

Цяпер чытаюць

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам4

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Усе навіны →
Усе навіны

Шмыгаль назваў, якую новую мэту па знішчэнні ва Украіне паставіла сабе Расія9

Частку парку каля гасцініцы «Беларусь» рыхтуюць да забудовы. Раней будаваць там забараняў Лукашэнка2

Беларускі бізнэс просіць улады дапамагчы пацярпелым прадаўцам Wildberries16

Расійскі вайсковец адкрыў агонь у вёсцы пад Севастопалем. Чатыры чалавекі загінулі1

Ozon у Расіі пачаў вывозіць дарагія тавары са складоў у пункты выдачы заказаў на фоне атак беспілотнікаў1

Беларус запусціў рэсурс для маніторынгу выдачы ДНЖ у розных гарадах Польшчы5

У Мінску прадаюць кватэру, інтэр'ер якой немагчыма забыць, хаця некаму і захочацца5

Беларус Залівака папрасіў у расійскай паліцыі дапамогі. Але ў выніку пашкадаваў2

Беларуска з Германіі павезла дзяцей на радзіму — прыгразілі, што не выпусцяць без беларускіх пашпартоў20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам4

Хто быў той байкер, які справакаваў смяротную гонку па вуліцах Брэста, у якой загінулі трое — у тым ліку і ён сам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць