Іншаземцу не ўдалося таемна правезці ў Беларусь вялікую суму грошай
У Брэсце на мяжы ў аднаго іншаземца знайшлі вялікую суму схаваных грошай. Ён ехаў праз пункт пропуску «Варшаўскі мост» і абраў чырвоны калідор, але падчас праверкі высветлілася, што ў машыне грошай значна больш, чым пазначана ў дакументах, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

Усяго ў мужчыны аказалася 133 тысячы еўра і яшчэ невялікая сума ў іншай валюце. Частку купюр ён расклаў па асабістых рэчах, частку схаваў у салоне аўтамабіля, а ў дэкларацыі пазначыў толькі 70 тысяч еўра.
Пры гэтым у чалавека не было дакументаў, якія пацвярджалі б законнае паходжанне нават задэклараваных грошай, таму і праверка была надзвычай пільнай.
Брэсцкі транспартны пракурор дазволіў узяць мужчыну пад варту, улічваючы вялікую суму схаваных грошай, абставіны паездкі і тое, што ён не змог растлумачыць паходжанне сродкаў.
Цяпер супраць яго распачалі крымінальную справа паводле ч.2 арт. 228 Крымінальнага кодэкса Беларусі — за незаконную перавозку вялікіх сум праз мяжу ЕАЭС. Паводле правіл, трэба дэклараваць любую суму, большую за эквівалент 10 тысяч даляраў, а тое, што спрабуюць схаваць, лічыцца парушэннем.
Каментары