У Беларусь з Расіі спрабавалі ўвезці больш за тону біўняў мамантаў
У Краснінскім раённым судзе Смаленскай вобласці рыхтуецца да разгляду крымінальная справа аб экзатычнай партыі кантрабанды, якую везлі ў Беларусь, пішуць «Моцныя навіны».

У лістападзе 2022 года смаленскія мытнікі зрабілі справаздачу аб затрыманні ў памежжы грузавіка са зборным грузам. Сярод офіснага абсталявання, запчастак, электрапрыбораў, кардона і ўпаковак для фастфуду былі знойдзеныя тры драўляныя скрыні з біўнямі мамантаў.
Усяго ў гэтых скрынях было 97 разцоў памерам ад паўметра да метра. Агульная вага перавышала тону, а кошт біўняў ацанілі ў 16 мільёнаў расійскіх рублёў (амаль 200 тысяч даляраў).

Як паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры Расіі, абвінавачванне выставілі бізнэсмену Дзмітрыю Сасіноўскаму. Яму пагражае пазбаўленне волі да 7 гадоў з буйным штрафам за кантрабанду культурных каштоўнасцяў у буйным памеры і замах на злачынства.
У чым прычына такога працяглага следства, не паведамляецца. У суд крымінальную справу накіравалі толькі ў пачатку лістапада 2025 года, а першае пасяджэнне прызначанае на 25‑е чысло.
Цалкам верагодна, што ў гэтай гісторыі быў працяг, але ўжо на нашай тэрыторыі. Можна меркаваць, што наша краіна выкарыстоўвалася для транзіту старажытнасцяў.

Пацвердзілі гэтую гіпотэзу беларускія сілавікі праз 7 месяцаў пасля затрымання тоны біўняў на Смаленшчыне. У канцы мая 2023 года ў Мінску затрымалі ўдзельнікаў трансгранічнай злачыннай групы, якая, прыкрываючыся легальнымі фірмамі, арганізоўвала пастаўкі біўняў з Якуціі, а потым прадавала іх у краіны Еўропы, ЗША і Паўднёва-Усходняй Азіі.
«На момант затрымання зламыснікі рыхтавалі да адпраўкі ў Літву чарговую партыю біўняў мамантаў і іх фрагментаў агульнай вагой 3,5 тоны. Іх кошт на ценявым рынку складае каля 1,8 мільёна даляраў», — паведамлялі тады прэс-службы беларускіх ведамстваў.
Аб прысудзе па «справе мамантаў» не паведамлялася.
Знойдзены пад Віцебскам бівень маманта магло прынесці туды талымі водамі
Польскія мытнікі знайшлі ў машыне немца, які ехаў з Беларусі, біўні маманта
Навукоўцы аб'явілі пра прагрэс у адраджэнні маманта. Але навошта яго адраджаць?
Што будзе з чэрапам маманта, які знайшлі ў рацэ Бесядзь
У Беларусі затрымалі кантрабандыстаў з біўнямі мамантаў
З Расіі ў Беларусь не пусцілі машыну з 60 мяхамі біўняў маманта
Каментары