Мульт пра генацыд рэптылій багатымі жывёламі б'е рэкорды ў сусветным пракаце. Некаторыя бачаць алюзію на Палесціну
Мульт «Звераполіс 2» (Zootopia 2) сабраў за першы ўік-энд пракату больш за паўмільярд даляраў, і гэта найлепшы старт у гісторыі анімацыі. Выходзіць, гісторыя пра звярыны горад зноў скарыла свет. Чаму?

Першы «Звераполіс» выйшаў яшчэ ў 2016 годзе. Тады гледачам прадставілі гэты горад-рай, дзе жывуць розныя сысуны. Жывуць яны па правілах Homo sapiens: горад хаця і адаптаваны пад асаблівасці розных звяроў, але ж у ім лёгка пазнаецца звычайны чалавечы мегаполіс са сваёй структурай грамадства, службамі, прафесіямі і забавамі.
Але ж нас асабліва цікавяць два жыхары гэтага горада. Перш за ўсё, гэта трусіха Джудзі Хобс. Шчырая і трохі наіўная, яна з дзяцінства імкнулася працаваць у паліцыі, і ў першым «Звераполісе» дасягнула сваёй мары ды яшчэ і выратавала горад.
Ёй у гэтым дапамагаў ліс Нік Уайлд, нашмат больш практычны і прыземлены, чым прыгажуня Джудзі. Яны распачынаюць сіквэл мульта ў якасці напарнікаў, бо Нік таксама далучыўся да паліцыі і цяпер працуе разам з Джудзі.
Як і шмат якія іншыя паспяховыя дыснэеўскія і піксараўскія мультфільмы, «Звераполіс 2» ствараецца адразу на некалькіх узроўнях. Канечне, ён перадусім зроблены для дзяцей, але рэжысёры спецыяльна пакідаюць багата рассыпаных жартаў для дарослых, алюзій на дарослае жыццё і сацыяльную сатыру. Так і тут — трусіха Джудзі і ліс Нік вымушаныя ісці на групавую псіхатэрапію, каб разабрацца ў тым, як асабістыя адрозненні не даюць ім спрацавацца.

А ў горадзе тым часам рыхтуюць свята. Звераполісу 100 гадоў, і ў гонар гэтага на святочным вечары пакажуць дзённік стваральніка сцен стыхій: за мудрагелістай назвай хаваюцца прылады, якія падзяляюць горад на чатыры кліматычныя зоны. На гэтым вечары Джудзі і Нік знаходзяць новага сябра — змяю Гэры Ды Снэйк. А заадно даведваюцца, што героі іх горада, сям’я стваральніка тых самых сцен, насамрэч зусім не тыя, кім прыкідваюцца
Гэры — першая рэптылія ва ўсёй сазе пра Звераполіс. Калі гэты горад — праекцыя чалавечага грамадства, то што значыць свядомае выключэнне з яго такой вялікай групы жывёлаў? Нам пакажуць і адказных за гэта, багатую сям'ю рысяў па прозвішчы Лінкслі, якія імкнуцца кантраляваць увесь горад і заадно фактычна абвясцілі вайну рэптыліям.
І тут важна адзначыць яшчэ адну адметнасць «Звераполіса 2» і падобных мультфільмаў. Яны па-ранейшаму мяккая амерыканская сіла, якая вучыць ліберальным каштоўнасцям — талерантнасці, павагі да асабістай свабоды. Дзеці ўспрымаюць гэта на ўзроўні падсвядомасці, дарослыя стараюцца счытаць задуму рэжысёраў.
Паглядзеўшы «Звераполіс 2», некаторыя гледачы намацалі паралель сюжэта з палітычнай сітуацыяй на Блізкім Усходзе. Багатая патрыярхальная сям'я рысяў (а калі хочаш, можна прыгледзецца і да пэйсаў на пысе рысі!) фактычна ўчыняе генацыд рэптылій і ў сваіх інтарэсах спрабуе выселіць іх з наседжанага месца. Нічога не нагадвае, калі глядзець на сітуацыі з пазіцыі заходніх прыхільнікаў Палесціны?

Што не выклікае ніякіх сумневаў, дык гэта ўзровень анімацыі. «Звераполіс 2» адпрацоўвае ўсе 150 мільёнаў даляраў, укладзеныя ў яго: вы ўбачыце гэта ў сотнях унікальных жывёл-персанажаў, зробленых так файна, што можна ацэньваць іх акцёрскую працу. Не забудзьцеся і на тое, каб ацаніць дэталізацыю самога горада, што складаецца з тысяч дробных элементаў.

Студыі Disney, стваральнікам «Звераполіса 2», няма прычын бедаваць наконт выдаткаваных мільёнаў. Мульт аказаўся суперпрыбытковым і за першы ўік-энд у сусветным пракаце сабраў 556 мільёнаў даляраў — гэта найлепшы старт у пракаце ў гісторыі анімацыі.
Частка з гэтых мільёнаў пойдзе на ганарар Шакіры, бо музычная суперзорка зноў вярнулася ў Звераполіс. Як і ў мінулы раз, яна агучыла ролю Газэлі — поп-зоркі Звераполіса, а таксама запісала для мульта песню. У арыгінальнай версіі мульта гучаць галасы шматлікіх зорак кіно накшталт Жана Рэно і Ідрыса Эльбы, знайшлося месца нават для Эда Шырана. А калі вы будзеце глядзець уважліва, заўважыце адсылкі да топавых кінапраектаў накшталт «Маўчання ягнятаў» ці «Рататуя».

Але не гэта галоўнае ў сусвеце «Звераполіса 2». У абгортцы мульта з шалёным бюджэтам стваральнікі сіквэла, як і ў мінулы раз, умудрыліся схаваць глыбокія сэнсы, за якія гэтую гісторыю любяць мільёны. Гэта расказ пра грамадства, сяброўства і тое, што хаця мы ўсё знешне розныя, унутры нас жыве жаданне падзяляць гэтае жыццё і свае пачуцці з іншымі.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары