Кіно1616

Герой нямецкага супраціву ўладкаваўся да нацыстаў, каб падабрацца да іх бліжэй — новы фільм, які будзе цікавы і беларусам

Гістарычны трылер пра Дытрыха Банхёфера, пастара і ўдзельніка змовы супраць Гітлера, атрымаўся сціплы, але поўны важных сэнсаў.

Фота: кадр з тызера

З 27 лістапада ў мінскім пракаце бельгійска-ірландскі фільм «Банхёфер: пастар, шпіён, забойца».

Вы маглі ніколі не чуць імя Дытрыха Банхёфера, але ў гісторыі нямецкага супраціву гэта важная асоба. Лютэранскі пастар, Банхёфер выступаў супраць нацызму яшчэ з 1933 года, калі Гітлер толькі прыйшоў да ўлады. Але хутка зразумеў, што слоў тут будзе мала, і ў 1938‑м далучыўся да ўдзельнікаў антынацысцкай змовы.

Праз тры гады ён пайшоў працаваць у абвер, выкарыстоўваючы працу на фашыстаў у мэтах супраціву. Інакш кажучы, пайшоў у двайныя агенты — нечаканая справа для рэлігійнага чалавека, улічваючы колькасць неабходнай для гэтага хлусні. А потым ён падтрымаў змоўшчыкаў, якія вырашылі забіць Гітлера. Вынікам стала аперацыя «Валькірыя» — знакаміты замах на Гітлера 20 ліпеня 1944 года, які скончыўся няўдачай і арыштам соцень змоўшчыкаў. Арыштавалі і пастара.

Дытрыха Банхёфера павесілі 9 красавіка 1945 года ў адным з нямецкіх канцлагераў. За 80 гадоў, што прайшлі з таго дня, гэтую супярэчлівую гісторыю спрабавалі расказаць у кнігах, фільмах і нават п’есах, але годных мастацкіх стужак па ёй яшчэ не было. 

Фота: кадр з тызера

«Банхёфер: пастар, шпіён, забойца» спрабуе закрыць гэтую нішу, і атрымліваецца няпроста.

Напрыклад, у стужцы хапае гістарычных недакладнасцяў. Адна з галоўных — ідэя пра тое, што нібыта Банхёфер быў адным з асноўных змоўшчыкаў у аперацыі «Валькірыя». Насамрэч гэта не вызначана. Дакладна вядома толькі тое, што пастар ведаў пра планы забойства, падтрымліваў змоўшчыкаў маральна і як сувязны, але пры гэтым наўрад ці ўдзельнічаў у арганізацыі замаху ці ў яго выкананні.

Гэта не робіць гісторыю менш супярэчлівай, і добра, што ў фільме паспрабавалі прасачыць матывацыю Банхёфера. Не, пастар не пачаў раптам апраўдваць гвалт і забойства. Хутчэй ён бачыў замах на Гітлера як апошні спосаб перамагчы зло, сродак, які трэба было выкарыстаць, нават калі для гэтага трэба пераступіць праз свае ідэалы і перакананні.

Бяздзейнасць, на думку Банхёфера, была нашмат горшым выбарам: «Маўчанне перад тварам зла — само па сабе зло».

Фільм гэты прынялі супярэчліва. Крытыкі адзначалі гістарычныя недакладнасці і нюансы пастаноўкі, але пры гэтым прызнавалі: фільм атрымаўся. У пракаце праект не акупіўся ($12,6 мільёна збораў пры бюджэце $25 мільёнаў), але ж кіно толькі выходзіць у пракат у некаторых рэгіёнах, у прыватнасці, у Беларусі і Расіі — магчыма, сітуацыя крыху выправіцца.

Тым больш цікава, што ў простых гледачоў водгукі на фільм выдатныя. На платформе Rotten Tomatoes ён набраў 92% па водгуках гледачоў — тыя адзначаюць, што стужка атрымалася моцнай і эмацыйнай, а гісторыя галоўнага героя іх захапіла.

Фота: кадр з тызера

Вядома, гэта не блакбастар з бюджэтам узроўню «Аперацыі «Валькірыя» 2008 года, дзе за забойства Гітлера адказваў герой Тома Круза. У цяперашнім выпадку атрымалася нішавае кіно не для ўсіх, малавядомая і фактычна нерасказаная раней гісторыя пра чалавека, які паслядоўна ішоў шляхам супраціву сістэме і не здраджваў сваім перакананням.

А заадно і пакінуў шмат тэкстаў, якія ў нечым робяць яго падобным да Віктара Франкла, таксама былога вязня канцлагера, крыніцы натхнення шмат для каго з беларусаў пасля 2020-га.

Але ж калі Франкл казаў пра тое, як выжыць самому, Банхёфер прапаведуе іншае. Ён — пра тое, як спыніць пекла, нават калі для гэтага трэба ахвяраваць сабой і сваімі перакананнямі, пра тое, каб не быць ахвярай, а свядома выбіраць супраціў, бо бяздзеянне роўнае саўдзелу. 

«Не казаць — значыць казаць, не дзейнічаць — значыць дзейнічаць», пісаў Банхёфер. Голас, не менш важны ў часы крызісу, чым парады пра тое, як захаваць сябе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары16

  • Беларус
    27.11.2025
    Дык Гітлер вызваліў Беларусь ад камуністаў і дазволіў абвясціць другую БНР, нам та што да вашых банхёфераў...
  • Пытаннечка
    27.11.2025
    А дзе героі беларускага супраціву, якія ўладкаваліся да лукашыстаў-камуністаў?
  • Ага
    27.11.2025
    Gorliwy Litwin. Чикотило то же был молодец и очищал мир от опустившихся женщин. Можно найти хорошие поступки у любого психа, лучше бы он ничего не делал, чем продвигал свои «хорошие» идеи с автобанами и вырезать полевропы.

Цяпер чытаюць

Зяленскі: Даю Лукашэнку тыдзень130

Зяленскі: Даю Лукашэнку тыдзень

Усе навіны →
Усе навіны

На пажары ў Нароўлі загінулі двое малых дзяцей мясцовага ўчастковага13

«Ад бязвыхаднасці з'ездзіў у Беларусь, дзе яму зрабілі аперацыю». Пабрацім расказаў, што вядома пра арыштаванага каліноўца Андрэя Сяргеева13

Уводзіцца адміністрацыйная адказнасць для аператараў за дрэнную сотавую сувязь1

«Уся турма ўвосені 2023 года чула, як працавалі над Дзядком»5

Зяленскі звярнуўся да ўкраінцаў: Карыстайцеся, калі ласка, сховішчамі. Я вас вельмі прашу, вельмі5

Мінчанка вяртаецца на радзіму пасля 23 гадоў жыцця ў ЗША. Бо дзяцей хоча нараджаць толькі тут — каб былі рускамоўнымі63

У расійскай Пензе прайшлі масавыя аблавы на мужчын, якія не сталі на вайсковы ўлік12

Улады Венесуэлы пачалі дыялог з апазіцыяй7

У 29 гадоў памёр прадзюсар Дрэйка і Беёнсе Тэй Кіт

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Зяленскі: Даю Лукашэнку тыдзень130

Зяленскі: Даю Лукашэнку тыдзень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць