Нарвегія будуе самы доўгі і глыбокі падводны аўтамабільны тунэль у свеце
Працягласць аўтамабільнага тунэля Rogfast складзе 27 кіламетраў, а максімальная глыбіня — 392 метры ніжэй за ўзровень мора. Праектам прадугледжаны дзве асобныя трубы з чатырма палосамі руху і ўнікальная падводная кальцавая развязка.

У Нарвегіі рэалізуецца грандыёзны інжынерны праект, які назаўжды зменіць транспартную сістэму заходняга ўзбярэжжа краіны. Як паведамляе CNN, ён павінен скараціць час у дарозе паміж буйнымі гарадамі і стаць часткай магістралі без паромаў.
Тунэль атрымаў назву Rogfast. Гэта скарот ад выразу «Rogaland fastforbindelse», утвораны ад назвы рэгіёну Ругалан і нарвежскага тэрміна, які значыць «сталае злучэнне». Яго даўжыня складзе 27 кіламетраў, а ў самай глыбокай кропцы ён пройдзе на 392 метры ніжэй за ўзровень мора. Падводных дарожных тунэляў такога маштабу ў свеце яшчэ не было.
Першыя работы пачаліся яшчэ ў студзені 2018 года, аднак у канцы 2019 года будаўніцтва было прыпынена праз прагназаванае перавышэнне бюджэту. Пасля перагляду кантрактаў і рэструктурызацыі праекта працы аднавіліся ў канцы 2021 года. Агульны кошт будаўніцтва ацэньваецца прыкладна ў 25 мільярдаў нарвежскіх крон (каля 2,4 мільярда долараў).

Rogfast павінен істотна палепшыць сувязь уздоўж заходняга ўзбярэжжа Нарвегіі. Галоўная практычная мэта — замяніць сённяшнія паромныя пераправы. Гэта дазволіць скараціць час у дарозе паміж буйнымі гарадамі Берген і Ставангер (адпаведна другім і чацвёртым па колькасці насельніцтва гарадамі краіны) прыкладна на 40 хвілін і зробіць штодзённыя паездкі паміж імі значна прасцейшымі.
Інжынерныя выклікі і інавацыі
Паводле праекта, тунэль будзе складацца з дзвюх асобных труб, у кожнай з якіх прадугледжана па дзве паласы руху. Адной з самых цікавых дэталяў з'яўляецца падводная развязка: прыкладна пасярэдзіне тунэля, на глыбіні 260 метраў, будзе пабудавана «кальцо», якое злучыць асноўную трасу з востравам Квітсёй — самай маленькай камунай Нарвегіі.
Будаўніцтва такой доўгай падводнай магістралі патрабуе асаблівай тэхнічнай дакладнасці. Каб паскорыць працу, тунэль прабіваюць адначасова з двух канцоў. Мэта — каб дзве каманды сустрэліся ў цэнтры з хібнасцю не больш за 5 сантыметраў.

Такой дакладнасці дасягаюць праз складаную сістэму вымярэнняў. Спецыяльны лазерны сканер з люстэркам круціцца і скануе кожную нядаўна выкапаную частку тунэля. Ён збірае каля 2 мільёнаў кропак даных за секунду і стварае «лічбавы двайнік» тунэля, які параўноўваюць з праектнымі планамі, каб адразу выявіць нават самыя дробныя адхіленні.
Пяцісантыметровы допуск — адзін з самых жорсткіх у свеце, але ён эканоміць час, грошы і рэсурсы. Калі адхіліцца больш, трэба будзе вывозіць лішнюю пароду і потым запаўняць пустэчы, а гэта азначае рост выдаткаў.
Хоць праект і рухаецца наперад, не абыходзіцца без цяжкасцяў. Галоўнай праблемай з'яўляецца герметызацыя скальнай пароды ад працёкаў салёнай вады пад высокім ціскам.
Тунэль таксама патрабуе мер па абароне аўтамабілістаў ад забруджвання паветра. У ім усталююць складаную сістэму вентыляцыі. Магутныя вентылятары павінны ствараць паток паветра ўздоўж трасы, а дадатковы паветраабмен забяспечыць вертыкальная шахта, якую выведуць на паверхню вострава Квітсёй. Разлічваецца, што такое спалучэнне гарантуе бяспеку і нармальную цыркуляцыю паветра на ўсім доўгім маршруце.
Акрамя таго, плануецца ўкараненне сістэмы папярэджання пра здарэнні ў рэжыме рэальнага часу (напрыклад, паломкі або заторы). Рух будуць кантраляваць камеры і радары.
Breaking: Norway is building the world’s longest and deepest undersea road tunnel. The Rogfast tunnel will stretch 26.7 km and reach 390–392 m below sea level, connecting key coastal cities and reducing reliance on ferries.
Follow: @globaltrendsX pic.twitter.com/DBKHK8MMVa
Уплыў на рэгіён
Гэты праект — ключавая частка мадэрнізацыі прыбярэжнай шашы E39 працягласцю 1100 кіламетраў. Сёння шлях па гэтай трасе ад Тронхейма на поўначы да Крысціянсанда на поўдні займае каля 21 гадзіны і ўключае сем паромных перапраў. Нарвегія ставіць перад сабой амбіцыйную мэту: зрабіць усю дарогу свабоднай ад паромаў, скараціўшы час падарожжа напалову. Завяршэнне ўсёй магістралі плануецца не раней за 2050 год, але Rogfast павінен быць гатовы ўжо ў 2033 годзе.
Чакаецца, што праект палепшыць лагістыку для рыбнай прамысловасці, знізіць выдаткі бізнэсу і пашырыць рынак працы, дазваляючы людзям лягчэй дабірацца да працы і вучобы ў суседніх рэгіёнах.
.@SkanskaGroup is leading project Rogfast, building the longest and deepest subsea road tunnel to unite Norway. Our measurement #technology is ensuring #precision and #safety every step of the journey.
Dive in to discover how: https://t.co/sPnUlBee6D pic.twitter.com/tDHZ5gz42d
Сёння самы доўгі ў свеце тунэль з падводным участкам — гэта Сэйкан у Японіі. З агульнай даўжыні 53,85 кіламетра на падводную частку прыпадае 23,3 кіламетра. Тунэль пад Ла-Маншам карацейшы (50,46 км), але яго падводны адрэзак дасягае 37,9 км.
Аднак яны прызначаны выключна для чыгуначнага транспарту. Акрамя таго, Rogfast значна пераўзыходзіць іх па глыбіні залягання: Сэйкан апускаецца да 240 метраў ніжэй за ўзровень мора, а тунэль пад Ла-Маншам — да 115 метраў.
Каментары
Надо было на какую-то соседнюю страну напасть. Вот тогда было бы окей...