МУС Польшчы пракаментавала, ці магчымае аднаўленне чыгуначнага руху з Беларуссю
«Працэс адкрыцця пераходаў прайшоў вельмі гладка», але калі чакаць пасажырскіх цягнікоў паміж Польшчай і Беларуссю?

Пасажырскія цягнікі з Польшчы ў Беларусь перасталі ездзіць у сакавіку 2020 года. Першапачаткова яны былі прыпынены з прычыны пандэміі COVID-19. Аднак частка правіл была захавана і пасля нармалізацыі эпідэміялагічнай сітуацыі. Польскі ўрад тады спасылаўся на рост пагрозы міграцыйнага ціску, піша rynek-kolejowy.pl.
Выданне адзначае, што з таго часу адносіны з Мінскам застаюцца напружанымі не толькі з прычыны нелегальнай міграцыі, але і з-за супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй. Нягледзячы на гэта, нядаўна адбыліся сур'ёзныя змены на мяжы: былі адкрыты непрацуючыя на працягу многіх гадоў дарожныя пераходы: Кузніца — Брузгі і Баброўнікі — Бераставіца.
— На тэрыторыі Падляскага ваяводства працэс адкрыцця пераходаў прайшоў вельмі гладка. Мы не фіксуем ніякіх інцыдэнтаў, — заяўляе Аддзел абслугоўвання медыя Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі (MSWiA).
Паслабленні ў галіне дарожнага транспарту таксама ставяць пытанне аб магчымым аднаўленні пасажырскіх перавозак на чыгуначных пераходах Кузніца — Гродна і Тарэспаль — Брэст.
— Гэта залежыць ад зніжэння пагрозы масавай міграцыі на гэтым кірунку, — адказвае міністэрства. — Нам важна, каб беларускія службы спынілі атакі і правакацыі на тэхнічнае забеспячэнне польскай дзяржаўнай мяжы, — дадала прэс-служба міністэрства.
MSWiA кажа, што міграцыйны ціск, які захоўваецца, інспіраваны і каардынуецца беларускім бокам. Падкрэсліваецца таксама, што ўлады Беларусі аказваюць падтрымку Расіі ў агрэсіі супраць Украіны.
— Таму мы не можам аднавіць чыгуначны памежны рух. Для нашага міністэрства галоўнае — гэта бяспека Польшчы і палякаў, — адзначылі ў міністэрстве.
Каментары