Грамадства1010

«Сабачая савецкая сістэма». Алесь Бяляцкі расказаў пра стаўленне ў турме да нобелеўскага лаўрэата

Нобелеўскі лаўрэат Алесь Бяляцкі, вызвалены 13 снежня са зняволення і неадкладна выдвараны рэжымам Лукашэнкі ў Літву, даў вялікае інтэрв'ю «Радыё Свабода». Сярод іншага ён расказаў пра тое, ці змяніла Нобелеўская прэмія міру стаўленне да яго ў турме.

Алесь Бяляцкі. Фота: Андрэй Шаўлюга / «Радыё Свабода»

— Алесь, скажыце, ваш аўтарытэт сярод вязняў і прадстаўнікоў адміністрацыі вырас пасля Нобелеўскай прэміі міру?

— Што тычыцца вязняў, то так. Тыя, хто разумее, хто чуў калі-небудзь пра гэтую Нобелеўскую прэмію, штосьці ведае пра яе, то, безумоўна, яны ставіліся з павагай. Асабліва зараз, калі было шмат размоў пра тое, ці атрымае Дональд Трамп гэтую прэмію, ці не ў 2025 годзе, гэта зноў прыцягнула ўвагу.

Мы сядзім у так званай «ленцы», у «ленінскім пакоі», глядзім тэлевізар, а там ідуць дэбаты, ці атрымае Нобелеўскую прэмію міру Трамп, ці не, а тут сядзіць нобелеўскі лаўрэат разам з такімі ж… Дваццаць чалавек сядзяць на гэтых лаўках, і ён сядзіць паміж імі. Зразумела, што для людзей гэта быў нейкі нонсэнс — як такое можа быць.

Але з улікам таго, што беларусы неэмацыйны народ, і што ў турме гэта яшчэ больш праяўляецца, бо любыя эмоцыі абсякаюцца адміністрацыяй, лічыцца, што ты павінен там сядзець з закрытым ротам, то, безумоўна, там гэтых выказванняў і пасылаў ад зняволеных было менш. Але было відавочна, што нават у крымінальнікаў, у людзей, якія ніколі не займаліся палітыкай, якія адмоўна ставяцца ўвогуле да ўсёй палітыкі, навіна выклікала пэўную павагу: гэты дзядзька сапраўды нейкі там вельмі вядомы. Гэта спрэс было і ў калоніі, і ў СІЗА.

А што тычыцца адміністрацыі — гэта я таксама заўважаў — яны пра гэта ведаюць, па-першае, але яны працуюць. Асабліва тыя, хто робіць кар’еру. Як у любой строгай дзяржаўнай структуры, ёсць больш такія кар’ерысты, а ёсць звычайныя працаўнікі. І вось кар’ерысты працавалі строга па інструкцыях, як трэба адносіцца да палітзняволеных, усё гэта распаўсюджвалася і на мяне.

— То бок палёгкі для нобелеўскага лаўрэата не было?

— Не, асабліва гэта тычылася 2023 года, як толькі я прыехаў у калонію, гэтак было яшчэ і ў 2024-м. Я праходзіў праз усё тое, праз што праходзілі палітычныя зняволеныя. Гэта і знявагі, гэта і размовы на «ты», да цябе ставіліся як да звычайнага зняволенага, як да палітзняволенага. Захацелася начальніку рэжыму — ён цябе распрануў дагала, прымусіў прысядаць, бо ён робіць поўную праверку, хаця там у цябе толькі сустрэча з адвакатам. Перад гэтым ён цябе распрануў, а то раптам ты пранясеш нейкую цыдулку, ці што ён там шукаў, я не ведаю. Гэта ўсё — здзекі і нечалавечае абыходжанне — было, безумоўна.

І былі бясконцыя пратаколы аб парушэнні правіл унутранага распарадку, яны вельмі любілі выпісваць гэтыя паперы. За любую дробязь і па справе, і не па справе — што ты не паголены, у цябе чаравікі не пачышчаныя, ты кепска прыбраў у секцыі, калі твой час прыбіраць, не павітаўся, калі прайшоў начальнік нейкі. Усё гэта было, я і сам не ведаў, што на мяне было столькі папер.

Але пару месяцаў таму я праходзіў палову тэрміну свайго зняволення. Улічваючы норму «дзень у СІЗА за паўтара ў калоніі» і тое, што мы ў СІЗА правялі амаль два гады, мне атрымалася чыстага тэрміну 9 гадоў і паўтара месяца — тое, што я мусіў адсядзець. Нядаўна я праходзіў атэстацыю за палову гэтага тэрміну і на ёй пачуў, што на мяне, аказваецца, за два з паловай гады знаходжання ў Горацкай калоніі склалі 23 пратаколы аб парушэнні ўнутранага распарадку. Я лічыўся злосным парушальнікам. Нобелеўскі лаўрэат — злосны парушальнік правіл распарадку. Гэта цалкам нармальна, без усякай шызафрэніі для мясцовага горацкага начальства.

Асабліва балюча было пры вызваленні 13 снежня, калі намеснік начальніка калоніі, начальнік рэжымнага аддзела, начальнік аператыўнага аддзела, афіцэры, якія выпускалі мяне з калоніі, забралі ўсе паперы, якія ў мяне былі, усю перапіску, тыя лісты, якія на пачатку да мяне даходзілі, а потым перасталі даходзіць. Але я стараўся захаваць тое, што даходзіла ў 2021—2022 гадах да пачатку вайны, бо як пачалася вайна, то фактычна мы апынуліся ў інфармацыйнай ізаляцыі, лістоў было вельмі мала. За ўвесь 2025 год я атрымаў толькі адзін ліст ад жонкі, напрыклад. А яна не атрымала ніводнага майго ліста. Гэта была поўная ізаляцыя.

Акрамя таго, я напісаў трыста старонак успамінаў пра музей Максіма Багдановіча і вёў дзённік, у якім імкнуўся занатаваць умовы, каб нешта засталося. Але ўсё гэта засталося там і было фактычна знішчана. Мне не далі вывезці з калоніі ніводнай паперкі. Вось такое стаўленне да цябе, вось ты і нобелеўскі лаўрэат. Ты для іх ніхто там, а не нобелеўскі лаўрэат.

Хаця, ведаючы, праз якія колы праходзілі іншыя зняволеныя, якіх білі, якія знаходзіліся ў горшых умовах, чым я, мушу сказаць, што мяне гэта абышло.

— Ці можаце сказаць, ці былі катаванні, нялюдскае абыходжанне з вамі?

— Нялюдскае абыходжанне, безумоўна, так. Што тычыцца катаванняў — не. Калі цябе зачыняюць у ШІЗА, а на табе толькі лёгкае адзенне, а ў камеры плюс 8 і ты мусіш сядзець 10 сутак, не можаш спаць, бо цябе калоціць ад холаду, — гэта што? Гэта і ёсць нялюдскае абыходжанне. Калі ты не можаш сесці, бо прышпіленыя нары, мусіш хадзіць, а лаўка вузкая — 20 сантыметраў. Гэта тое месца, дзе ты можаш пасядзець пры плюс 8 у камеры, максімум плюс 10, а ты ў кашульцы — гэта што такое?

Гэта тычыцца ўсіх зняволеных, не толькі палітычных. Гэтая сабачая савецкая сістэма, якая была накіраваная на знішчэнне любых зняволеных, роўна перайшла ў беларускую сістэму ў такіх месцах, як штрафныя ізалятары, БУРы, самі калоніі, і роўна яна распаўсюджвалася на палітычных зняволеных, часам з асаблівым акцэнтам, асаблівымі пераборамі. Вось і зараз, перад выхадам з турмы, некаторыя палітвязні сядзелі ў БУРах.

Каментары10

  • Ёсік
    16.12.2025
    Якімі трэба быць людажэрамі, вы.лядкамі, каб так ставіцца да людзей? Хто гэты трэш кантралюе, здаецца мне, што Віцька ўсім гэтым кіруе. Не крыўдуйце, цэрберы, калі праз некаторы час вас пакараюць, нават, не судовая сістэма, а тыя, над кім вы ў зьняволеньні зьдзекваліся. Не ўсе немцы па нарэджэньню, не ўсім атрымаецца ў Нямеччыне знайсьці прытулак.
  • !!!
    16.12.2025
    Сабачая савецкая сістэма

    Менавіта. А не нейкі фашызм, пра які нічым пад капірку савецкай камуністычнай прапаганды пісалі многія беларусы.
  • Галя з Камароўкі
    16.12.2025
    Ёсік, таму, у Нямеччыне, я не пазайздрошчу. Служба бяспекі Германіі праверыць не так, як правяралі, калі ў вертухаі бралі. А куды ўжо пабяжыш? Хіба што ў Венесуэлу.

Цяпер чытаюць

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў13

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінскім заапарку выбралі сімвал наступнага года ФОТЫ4

Мінск трапіў у рэйтынг топавых кірункаў для аматараў казіно

Апошнія амерыканскія цэнты прадалі на аўкцыёне амаль за $17 мільёнаў1

«Лукашэнка ўяўляе, што Польшча магла б адмовіцца ад падтрымкі беларускай апазіцыі ў абмен на Пачобута. Гэтага не будзе»1

Што Бяляцкі расказаў пра турму, вайну, Нобелеўскую прэмію і будучыню Беларусі. Поўны тэкст інтэрв'ю13

Меліціна Станюта выходзіць замуж20

Вялікабрытанія перадасць 2,5 мільярда фунтаў стэрлінгаў, якія Абрамовіч атрымаў ад продажу «Чэлсі», у фонд дапамогі Украіне3

Халезін: Трэба пытацца «што вы вытвараеце» не ў Бабарыкі, а ў яго дарадцаў76

Дом рамесніка ў Паставах прадалі на аўкцыёне значна даражэй за першапачатковую цану

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў13

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць