Грамадства22

Максім Знак напісаў першы пост пасля вызвалення: «Я вярнуўся»

У фэйсбуку былога палітвязня з'явіўся вялікі допіс. У ім Знак расказвае пра свае планы і дзякуе ўсім за падтрымку. Падаём яго цалкам. 

Новая аватарка Максіма Знака ў фэйсбуку.

«Прывітанне, сябры!

Я вярнуўся.

Вось толькі атрымалася зноў увайсці ў свой, здавалася, ужо страчаны акаўнт. Але наўрад ці найбліжэйшым часам у мяне атрымаецца актыўна камунікаваць: я не планую рабіць ніякіх заяў, даваць інтэрв’ю і гэтак далей. Галоўнае зразумела без слоў: я тут, і гэта — шчасце. Але горыч у тым, што безліч добрых людзей застаюцца недасяжнымі, замкнёнымі. Я спрабую знайсці тых, хто пісаў і дапамагаў… і быццам бы гуляю ў нейкі жахлівы «марскі бой»: «С8?» — «Паранены…», «В6?» — «Забіты…». І так раз за разам, у каго ні запытайся пра асабістыя навіны апошніх гадоў. Зрэдку з палёгкай чуеш у адказ «Міма…»: «на Радзіме, усё OK». Але межы таго, што лічыцца OK, таксама змяніліся.

На жаль, я не здолею адразу адказаць на ўсе вітанні. Я нават не здолею ў бліжэйшы час прачытаць гісторыю паведамленняў і датычных мяне падзей з мінулых гадоў. Некалькі месяцаў мне спатрэбяцца на простыя, не вельмі цікавыя, але неабходныя для жыцця на новым месцы ў новай якасці рэчы. І, канешне, перш за ўсё мне трэба быць як мага бліжэй да маіх самых родных і блізкіх: увесь магчымы час і з усёй адданасцю — як і яны былі разам са мной усе гэтыя гады. І ўвесь гэты час ім, натуральна, было больш балюча ад адсутнасці якіх-небудзь звестак і ад нядобрай невядомасці.

Пэўна, я зноў знікну на час з эфіру, але я хачу падзякаваць кожнаму, хто падтрымліваў маю сям’ю, хто мне пісаў (незалежна ад таго, ці дайшоў ліст), ці рабіў штосьці для падтрымкі (я расчулены ад таго, што ўжо пабачыў — імпрэзы, творы, відэа, забегі, учынкі… столькі ўсяго добрага і светлага, што перахоплівае дыханне, калі гляджу на фота ці відэа), ці хаця б проста думаў пра нас — гэта таксама дапамагала.

Дзякуй, што падтрымлівалі і чакалі: толькі адчуванне і разуменне гэтага (назапашанае яшчэ з таго часу, калі хадзілі лісты) дапамагло знайсці шлях да захавання сябе на ўвесь час суцэльнай альбо амаль суцэльнай адзіноты. Усё здарылася проста — у мяне насамрэч не было ані адзіноты (бо родныя і сябры ж побач), ані вольнага часу: атрымлівалася прымушаць сябе жыць напоўніцу ва ўмовах, якія з’яўляліся абмежавальнымі для нейкіх рэчаў, але адкрывалі бясконцасць у іншым.

Зараз у мяне рэжым «звышкамунікада». Я ўсё яшчэ баюся прачнуцца і даведацца, што ўсё, што адбылося за апошнія (усяго толькі!) два-тры тыдні, — толькі сон. Мне ўсё яшчэ не вельмі зразумела, як падладзіцца да «нармалёвага» жыцця, калі наўкол безліч прыемных людзей, столькі кніг, рознай інфармацыі, падзей… і калі замест доўгіх гадзін раптам зноў імклівыя дні. Я прызвычаюся, але, зноў-такі, на гэта спатрэбіцца час.

Я вымушаны быў знішчыць усю інфармацыю пра сваіх сяброў у ліставанні — гэта было адно з найбольш балючых рашэнняў за ўвесь час, але гэта было пытаннем бяспекі. Я пачаў ужо шукаць тых, хто застаўся ў памяці надзвычай яскравымі лістамі. Камусьці я ўжо паспеў падзякаваць асабіста, з кімсьці — звязацца ў планах. Калі вы — мой сталы сябра ў ліставанні (напрыклад, звыш 20 лістоў) і хацелі б падтрымліваць зносіны, напішыце ў асабістыя паведамленні, каб я абавязкова вас таксама знайшоў. Выбачаюся за нязручнасць, але ж, як тыя казалі, «вы ж усё самі разумееце».

Напрыканцы мушу асвятліць адно далікатнае пытанне. Я тут даведаўся, што згодна з некаторымі крыніцамі ў нейкі пэўны момант мой псіхалагічны стан значна пагоршыўся і я нібыта звар’яцеў. Ну тут маё меркаванне будзе, канешне, суб’ектыўным… але я такога не заўважыў. Спадзяюся, што і вы нічога такога не заўважыце, але калі што — падміргніце.

Усім адразу раз дзякуй за вітанні і цёплыя словы (я ведаю, яны будуць), а асабліва тым сябрам, хто не можа гэтых слоў напісаць з-за пытанняў бяспекі, але чуе іх у сваіх думках. Да сустрэчы ў новым годзе і ў новым, пакуль не зусім знаёмым для мяне свеце!

P.S. Тут трапную фразу напісалі да маёй новай фоткі з файнай фрызурай «I'll be back». Так, сапраўды, усе мы вернемся — але кожны праз пэўны час, неабходны да «акліматызацыі» і вяртання з іншапланетных падарожжаў. Спадзяюся, што шлях такога вяртанне будзе меншы, чым у героя фільма, які сказаў гэтую знакамітую фразу».

Каментары2

  • Вопрос на засыпку для бабориканца
    04.01.2026
    Чей Крым, господин Знак? Украина жертва российской агрессии или "сама виновата"?
  • Ну
    04.01.2026
    Вопрос на засыпку для бабориканца, здаецца, мова допісаў Максіма, ў адрозненне ад вашага, дае адказы на гэтае пытанне.

Цяпер чытаюць

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень9

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску адкрыюць «музычную лаўку» памяці Уладзіміра Мулявіна

Бізнэсмен-рытуальшчык пагарэў на тым, што працаўладкоўваў толькі жанчын2

Што гэта за 196 палітвязняў, пра вызваленне якіх заявілі прапагандысты?2

У Перу паліцыя затрымлівала наркагандляра, пераадзеўшыся ў касцюмы талісманаў мундыялю-20262

Еўрасаюз адкрыў перамовы аб уступленні Украіны і Малдовы2

Прапагандысты запэўніваюць, што 196 палітвязняў ужо на свабодзе13

У Свіслацкім раёне знішчылі вялікае поле маку1

Аб'явілі збор сродкаў на лячэнне былога палітвязня Дзмітрыя Гопты5

У Маскве спрабавалі ўзарваць былога міністра дзяржбяспекі «ДНР»7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень9

Героя тэлефонных зліваў палкоўніка Кісяля, які заклікаў калечыць дэманстрантаў, раптоўна апусцілі на раённы ўзровень

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць