Меркаванні3030

Сітуацыя называецца «Мадура давыкабельваўся»

Учарашняе нечаканае ўзяцце амерыканскім спецназам у палон венесуэльскага лідара Нікаласа Мадура выклікала неадназначную рэакцыю не толькі ва ўсім свеце, але і ў беларускіх дэмакратычна арыентаваных асяродках. З аднаго боку радасна, што заморскі аўтакрат, у якога шмат чаго супольнага з нашым дамарослым, нарэшце дагуляўся, а з другога ж бянтэжаць незвычайныя нюансы пры правядзенні гэтай аперацыі, піша ў фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч. 

Нікалас Мадура са сваімі сілавікамі падчас апошняй інаўгурацыі 10 студзеня 2025 года. Фота: AP Photo/Ariana Cubillos, File

Ад навін у Венесуэле, з аднаго боку, з'яўляецца жаданне панаракаць, што вось, маўляў, парушэнне правілаў і нормаў, падрыў міжнароднага права і гэтак далей.

Але я асабіста наракаць не буду проста таму, што міжнароднае права, якое склалася пасля Другой сусветнай вайны і так-сяк з мадэрнізацыямі пратрымалася некалькі дзесяцігоддзяў, і так даўно ды безнадзейна падарванае. І не дзе-небудзь у Афрыцы на поўдзень ад Сахары, а ў нашым рэгіёне. Таму нас працэс даўно датычыць не ўскосна, а самым непасрэдным чынам. А страціўшы галаву па валасах не плачуць.

З другога боку, за гэтыя гады стала відавочным (мне, прынамсі), што даваць дастойны адпор міжнароднаму хуліганству, дзейнічаючы строга па правілах, бадай што немагчыма.

Хуліганства да такой сітуацыі прызвычаілася і адчувае сябе ў ёй цалкам камфортна. Бо калі праціўнік гуляе строга па правілах, ты можаш ягоныя дзеянні дакладна пралічыць. А ён твае — не, бо ты на правілы плюеш.

І таму выходзіць абсурдная сітуацыя, калі эканоміка хулігана і ўсе іншыя паказчыкі магутнасці ў разы, а то і ў дзясяткі ці нават сотні разоў меншыя, чым у «законнікаў» — але ў апошніх аграмадныя праблемы з мабілізацыяй і выкарыстаннем сваіх магчымасцяў, бо, у адрозненне ад хуліганаў, яны звязаныя па руках і нагах правіламі. Якія дэмакратычна распаўсюджваюцца і на хуліганаў, якія самі гэтыя правілы вядома на чым круцілі.

Вечна так працягвацца не можа, і само жыццё падштурхоўвае да таго, што старыя правілы рушацца і пішуцца — крывёй, вядома, як яно звычайна і бывае, — новыя. Гэта можа абураць і страшыць, але без гэтага, бадай што, ніяк.

Часта гэта проста пытанне элементарнай бяспекі, банальнага выжывання. Прыгадайма хоць бы сітуацыю, што была некалькі гадоў таму, калі хуліганскі рэжым Лукашэнкі стаў атакаваць прымежныя краіны Еўрасаюза нелегальнымі мігрантамі. Разлік быў просты — у іх правілы, у адпаведнасці з якімі з кожным мігрантам, які праўдамі-няпраўдамі дабраўся да мяжы і яе нават нелегальна перакрочыў, павінны былі абыходзіцца ў адпаведнасці з сюжэтам рускай народнай казкі пра Бабу Ягу і добрага моладца: «В баньке попарь, напои, накорми, спать уложи, а потом расспрашивай».

І калі б гэта правіла дакладна, да літаркі выконвалася, то вельмі хутка ўсю адпаведную сістэму прынамсі ў прымежных краінах непазбежна чакаў бы калапс: яе магчымасці вычэрпваліся б, а натоўпы мігрантаў толькі павялічваліся б. Але польскія ці літоўскія ўлады своечасова гэта зразумелі і праз пэўны час проста перасталі правілы выконваць — заварочвалі парушальнікаў на мяжы без размоў, прымяняючы ў тым ліку і брутальную сілу. А заканадаўства адпаведнае падкарэктавалі ўжо пастфактум.

Гэта лакальны эпізод, але насамрэч усталяваныя правілы міжнароднага сужыцця даўно ляцяць у прорву і на глабальным узроўні. І насамрэч міжнародных хуліганаў можна спыніць толькі ў тым выпадку, калі іх не ўгаворваць і не заклікаць «абразуміцца», а наглядна паказваць ім, што адбываецца ў адваротным выпадку.

І ў гэтым плане тое, што Нікаласу Мадура, якога ўжо пасля двух выбараў прызналі нелегітымным узурпатарам, але ён пляваць на гэта хацеў, наглядна паказалі, што гэта ўсё насамрэч не «хі-хі, ха-ха, хрэн вы мне што зробіце» — факт у прынцыпе пазітыўны. Як той казаў, «его пример — другим наука», — у тым ліку і сардэчным сябрам на іншых кантынентах. Каб не лаяцца нецэнзурна, выкарыстаю тут дыялектнае слова з адной з палескіх гаворак — «довыкобэльваўса».

Іншая рэч, што ў той жа час мы павінны разумець, што Дональд Трамп па сваёй натуры — той жа самы міжнародны хуліган, які правілы парушае не дзеля пільнай неабходнасці, бо сітуацыя вымушае, а таму, што яму самому гэта падабаецца, што гэта ягоны стыль. І ягоныя дзеянні — гэта не ўчынкі рацыянальнага дэмакрата, закутага ў браню, бо з ваўкамі жыць — па-воўчы выць, а дзеянні вельмі крутога пацана ў адносінах з проста крутымі.

Можна параўнаць з крымінальным светам, дзе адбываюцца пастаянныя разборкі, падчас якіх гінуць і інакшым чынам жорстка цярпяць прадстаўнікі розных груповак — але ні катаў, ні ахвяраў язык не паварочваецца называць светлым бокам. Вось нейкім падобным чынам адбываецца і тут.

Спачуваць Мадура не хочацца зусім, тым больш што ўзнікае лагічнае пытанне — а якога ражна яго павінна бараніць міжнароднае права, калі ён афіцыйна прызнаны ўзурпатарам? Але ж і Трамп на прэс-канферэнцыі ўжо даволі празрыста намякнуў, што на чарзе Мексіка, хай там і нібыта харошая жанчына пры ўладзе.

І прыгадваецца, што зусім нядаўна з гэтага самага языка не сыходзілі згадкі пра Канаду і Грэнландыю. Ці не акажацца неўзабаве, што грэнландскія інуіты таксама стогнуць пад уладай картэляў? Ну ці проста неабходныя для забеспячэння жыццёвай прасторы?

Тут узнікае вечная дылема, адлюстраваная ў савецкім фільме «Месца сустрэчы памяняць нельга». Той эпізод, дзе Глеб Жаглоў падкідае несумненнаму крымінальніку Кірпічу кашалёк у кішэню, каб не толькі спрасціць працэс ягонага накіравання за краты, але галоўнае — не абсячы нітачку, па якой можна дабрацца, размотваючы клубок, да небяспечнай банды. Гледзячы фільм, як бы Жаглову (тым больш у выкананні харызматычнага Высоцкага) і сімпатызуеш — ну рэальна ж гэты Кірпіч злачынец, і супраць яго ўсе сродкі добрыя, на фіга тут гэтыя дурныя фармальнасці. Ну так, нібыта ўсё праўда. Але паралельна развіваецца сюжэт, дзе той жа Жаглоў вядзе справу Івана Груздзева — і там ён таксама ва ўсім гэтак жа свята ўпэўнены ад пачатку ды не схільны забіваць галаву фармальнасцямі. У выніку атрымліваецца адна і тая ж палка з двума канцамі.

Ратаваць слабых ад моцных могуць толькі правілы, якіх мусяць хоцькі-няхоцькі трымацца і моцныя, бо і на іх ёсць управа. Але пакуль што старыя правілы няўхільна руйнуюцца, новых няма і невядома калі напішуцца.

А таму і прадказаць тое, што нас чакае ў найбліжэйшай будучыні, цяжка. Падазраю, што нічога асабліва добрага, прынамсі ў агляднай перспектыве. Хоць думаю, што калі амерыканцы цяпер возьмуць пад свой кантроль нафтавыя багацці Венесуэлы — найбуйнейшыя з разведаных ва ўсім свеце, меджду протчым, — то тактычна гэта на нашу карысць. Бо гэта прынамсі тэарэтычна дазваляе заходняму свету, часткай якога ЗША пакуль усё ж застаюцца, больш інструментаў уплыву на сусветны нафтавы рынак. А значыць — даюць больш механізмаў уплыву на пуцінскую Расію. Паўтаруся — тэарэтычна. А як будзе на практыцы — пабачым. Як той казаў — не пераключайцеся.

Каментары30

  • Filipp
    04.01.2026
    "Дзеянні Трампа — учынкі не дэмакрата"©

    Канешне, бо Трамп рэспубліканец!
  • няхай D. Трамп захопіць путіна
    04.01.2026
    Filipp, "Дзеянні Трампа — учынкі не дэмакрата"
    няхай D. Трамп захопіць путіна , як ў 1917, і усё будзе файна ў нас...
  • Filipp
    04.01.2026
    "Іншая рэч, што ў той жа час мы павінны разумець, што Дональд Трамп па сваёй натуры — той жа самы міжнародны хуліган, які правілы парушае не дзеля пільнай неабходнасці, бо сітуацыя вымушае,"©

    Гэта як паглядзець. У Трампа ( і яго каманды) ёсць вялікі вораг, перамагчы якога , праз выкананне правіл немагчыма. Палякам мы даруем такія паводзіны ( праз парушэнні правоў), а Трампу не? Перамагчы дэмакратаў - лібералаў праз законы, што кантралююць самі дэмакраты немагчыма. Плюс большасць СМІ ў іх кішэні.

Цяпер чытаюць

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын6

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын

Усе навіны →
Усе навіны

Ва Украіну не пусцілі італьянца ў вышыванцы, які дарогай нахвальваў Пуціна. Праз Threads за ім сачылі дзясяткі тысяч чалавек1

Трамп: Мы павінны абавязкова перамагчы на выбарах у Кангрэс, інакш пагражае імпічмент1

Спецпасланнік Трампа ў Грэнландыі: Гаворка пра незалежнасць вострава, а не пра анексію2

Банк абавязалі вярнуць людзям грошы, якія незаконна збіраліся з іх некалькі гадоў1

ЗША рыхтуюцца да новай аперацыі па захопе расійскага танкера, які раней уцёк ад пераследу каля берагоў Венесуэлы7

Чаховіч адказаў Севярынцу: Гамафобія — прадукт лагернага мыслення homo sovieticus, а не хрысціянская каштоўнасць117

У Лагойску пекар адмаўляецца прадаваць свой хлеб пакупнікам, у якіх ёсць сабакі112

У Варшаве прэзентуюць новую кнігу Зянона Пазняка24

У Каракасе амерыканскія спецназаўцы «бачылі» праз сцены. Што гэта за супертэхналогія?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын6

Выйшаў на свабоду блогер Павел Спірын

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць