Грамадства1515

«Пайшлі нах*й вы і ваш «Бацька», пі***асы!» П'яныя прыгоды зрабілі армяніна Ярванда палітвязнем. Цяпер ён змагаецца з праблемамі ў Польшчы

Ярванд сядзіць у пакоі польскага лагера для ўцекачоў, толькі што прыехаўшы са шпіталю, дзе яго некалькі дзён «капалі». Ён не падобны да тых палітвязняў, якіх прывыклі бачыць у медыя. Ярванд — злодзей-рэцыдывіст, з залежнасцю ад спіртнога, які воляй лёсу стаў палітвязнем. Яго гісторыя падобная да крымінальнай драмы, дзе няма герояў, а ёсць калейдаскоп турмаў, канфліктаў з сілавікамі і разборак па паняццях. Але яго прыклад добра паказвае, як працуе беларуская сістэма з 2020 года: ёй усё адно, каго перамолваць.

Ярванд Марцірасян

Ярванду Марцірасяну 52 гады. Ён грамадзянін Арменіі, раней жыў у Віцебску. Па палітыцы ён трапіў за краты пасля канфлікту з міліцыяй у маі 2024 года. Ярванда абвінавацілі ў тым, што ён у стане алкагольнага ап’янення, у службовым аўтамабілі і ў прысутнасці супрацоўнікаў Дэпартамента аховы «неаднаразова выказваўся ў абразлівай форме» ў адрас Аляксандра Лукашэнкі. Падчас суда Марцірасян прызнаў сваю віну, але не дапамагло — яму прысудзілі два гады калоніі.

Паколькі гэта ўжо не першы тэрмін Ярванда, яго адправілі ў калонію для рэцыдывістаў №11 у Ваўкавыску. Там праз некалькі месяцаў на яго завялі новую справу — за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі». Невядома, колькі разоў Марцірасяну працягвалі б тэрмін і калі б ён выйшаў на свабоду, але здарыўся пераднавагодні цуд.

13 снежня 2025 года Ярванда Марцірасяна нечакана вызвалілі пасля візіту ў Мінск Джона Коўла — спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. Яго разам з іншымі палітвязнямі прымусова вывезлі ва Украіну. Адтуль Марцірасян накіраваўся ў Польшчу. 

Вось яго гісторыя. 

Сібір, валютчыкі і «Шосты аддзел»

«Сам я з Арменіі. Яшчэ падлеткам, у 13‑14 гадоў, я паехаў у Расію класці асфальт, але сеў на малалетку за бойку з мясцовымі. Далі тры гады, адбываў у калоніі ў Сібіры, Алтайскім краі. Пакуль сядзеў, у Арменіі памёр мой бацька. Прыйшла тэлеграма, але што я зраблю? 4 тысячы кіламетраў да іх…

Пасля вызвалення паехаў у Беларусь, у Віцебск. Быў пачатак 90-х, мы бегалі па рынках, падкрадалі тавары ў в’етнамцаў і карэйцаў. У 1993‑м я сеў за крадзеж, выйшаў у 1996-м. А потым пачаліся праблемы з «шостым аддзелам» (маецца на ўвазе падраздзяленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю, цяпер гэта ГУБАЗіК — НН). Мяне падставілі: валютчыкаў нехта кінуў на грошы, а павесілі ўсё на мяне, бо тых валютчыкаў «шосты аддзел» і крышаваў. Мяне злавілі, трымалі 10 дзён у падвале, патрабавалі 55 тысяч даляраў. Білі так, што я прытомнасць страціў. Баяліся, што памру, выклікалі нарад РАУС і загадалі аформіць, нібыта я ў іх ужо самлеў. Калі б гэтыя грошы сапраўды ў мяне былі, я б у Беларусі дакладна не тырчаў, мяне б не знайшлі.

У 1999 годзе я ажаніўся на беларусцы, жыў у яе. У 2000 годзе мяне зноў арыштавалі. Трымалі год у ізалятары часовага ўтрымання з бамжамі. Я аб’явіў галадоўку, пакуль мяне не запыталі — чаго ты хочаш? Я сказаў: «Сядзець з бамжамі стаміўся. Давайце мне білет, я з’еду». У выніку мне далі 10 гадоў забароны на ўезд у Беларусь, купілі білет і адправілі ў Маскву. Спачатку жыў там, пасля ў Пензе, затым пераехаў у Мардовію. Працаваў, зноў сядзеў за крадзеж.

Сказаў — і сеў

У Беларусь я прыехаў толькі ў 2019-м. Я ж тут раней жыў, дык думаў, што мне тут усё зразумела. Але аказалася, шмат што змянілася. Уладкаваўся на працу штампоўшчыкам у Таварыства сляпых — збіраў разеткі і выключальнікі, жыў у інтэрнаце. У мяне самога трэцяя група інваліднасці. 

На мітынгі ў 2020‑м я не хадзіў.

А ўжо пасля гэтых падзей, у 2024 годзе, я сядзеў у кампаніі з жанчынай у інтэрнаце. Мы выпівалі, вырашылі пайсці па дабаўку. На вуліцы нас прыняў патруль. Кажуць: «Паехалі ў РАУС». Я пагадзіўся, папрасіў толькі жанчыну адпусціць.

У машыне ў іх камеры на грудзях, усё пішуць. Яны пачалі, маўляў: «Панаехалі, п’яце нашу гарэлку, з нашымі бабамі гуляеце, калі б не Бацька, мы б вас тут усіх паставілі ракам і выперлі з краіны!»

Ну я і адказаў: «Пайшлі нах*й вы і ваш «Бацька», пі***асы!» Яны адразу: «О, ну ты трапіў!» 

Мяне прывезлі ў аддзел, я там прасядзеў выхадныя, пасля далі штраф 25 базавых, адправілі ў дурку пракапацца. Думаў — на гэтым усё. Але праз тыдзень прыехалі оперы. Адвезлі ў псіхушку, два тыдні калолі галаперыдолам, нібыта я неадэкватны. А вы ведаеце, што такое галаперыдол? Ад яго цягліцы становяцца як вата.

А пасля мяне закрылі на два гады па 368‑м артыкуле — «Абраза прэзідэнта». А я нават не ведаў, што за словы ёсць крымінальная адказнасць.

Вызваленне з мехам на галаве

Гэтым разам сядзелася цяжка, ніякай разняволкі не было. Прэсавалі маральна, начальнік калоніі ў Ваўкавыску пастаянна не даваў спакою, адпраўляў «пад дах» (ШІЗА або памяшканне камернага тыпу — НН). Пасля была турма ў Мазыры. Там некалькі разоў мяне ўдарыў зампаліт. 

Вызваленне было дзіўным: мяне перавезлі ў гродзенскую крытку (турма №1 Гродна — НН), пасля надзелі мех на галаву і павезлі ва Украіну. Выкінулі — і ўсё.

«Я ведаю: калі прыеду ў Беларусь — мяне пасадзяць зноў»

Зараз я ў Польшчы, жыву ў лагеры для ўцекачоў, прашу прытулак.

Я адзін, ніякіх іншых сувязяў і сям'і ў мяне няма. Маці даўно памерла ў Арменіі. Калі мяне дэпартавалі ў 2000-м, жонка была цяжарная. Калі я вярнуўся праз 19 гадоў, сыну ўжо было 20 гадоў. Ён мяне не ведае, я яго не бачыў. Былая жонка даўно замужам за іншым.

У мяне інваліднасць: заменены сустаў, ёсць цукровы дыябет, астма, цыроз печані, выдаленая падстраўнікавая залоза. Зараз у мяне абвастрылася астма. Мая мэта цяпер — пацвердзіць інваліднасць у Польшчы, каб атрымаць картку і магчымасць знайсці лёгкую працу і працаваць.

Я ведаю: калі прыеду ў Беларусь — мяне пасадзяць зноў. Я бачыў на зоне тых, каго саджалі ў 2024‑м за фотаздымкі з пратэстаў 2020-га. Там сістэма працуе проста: нават пасля вызвалення — год прафілактычнага ўліку, а потым зноў за краты. Таму я тут. Спрабую змагацца са сваімі залежнасцямі, спадзяюся на дапамогу валанцёраў і хачу проста чалавечага жыцця».

Пад кантролем валанцёраў і медыкаў

Ярванду выдалі толькі частку дапамогі, прадугледжанай для кожнага вызваленага палітвязня — каля 600 еўра. Рэшту ён перадаў валанцёрам на захоўванне, бо баіцца прапіць іх.

Неўзабаве пасля вызвалення ён ужо сарваўся настолькі, што апынуўся ў бальніцы.

Цяпер былы палітвязень хоча закадзіравацца, бо сам спыніцца не можа. Валанцёры шукаюць магчымасць аплаціць яму лячэнне.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары15

  • Morda
    18.01.2026
    нашто трымаць на вокладцы ягонае сэлфі
  • :)
    18.01.2026
    Dragon, во-во. Тот случай, когда рад, что "политвязня" выперли из Беларуси.
  • армянин
    18.01.2026
    Нассал в уши всем, волонтерам, страж граничны, журналистам нн теперь. Тут только депорт

Цяпер чытаюць

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Усе навіны →
Усе навіны

Кушнер агучыў патрабаванне Трампа да Кіева спыніць удары па расійскіх НПЗ6

Андрэй Пачобут стаў «Асобай года» ў Польшчы2

Былы дырэктар «Сілічаў» жыве ў Крыме і судзіцца з суседкай, якая казала, што ён датычны да смерці чалавека1

«Бітлз-лэнд». У Ліверпулі адкрыецца велізарны музей «Бітлз», праект блаславілі Пол Макартні і Рынга Стар1

У Дзень бацькі Лукашэнка пажадаў беларускім мужчынам быць гатовымі ў любы момант стаць на абарону краіны12

Францыя прызнала няўдачы ў сваім адказе на гвалт. Цяпер разгортвае войска і рыхтуецца да новых пратэстаў6

На Зямлі ёсць тры тэрыторыі, якія не хоча забіраць ніводная краіна. Чаму так атрымалася?2

Starshield для Украіны запаволілі па загадзе Маска5

Трамп пра пагадненне паміж Пуціным і Зяленскім: Ім не абавязкова быць у адным пакоі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію62

Малодшы сын Сахашчыка абвешчаны зніклым без вестак. Выглядае, ён ваяваў за Расію

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць