Грамадства2020

Хлопец напісаў на дзяўчыну з Баранавічаў данос за тое, што яна не пагадзілася з ім сустракацца

«Ён мне сказаў, што напіша на мяне заяву, бо ён ведае, якія ў мяне захаваныя сторыс. Я падумала, што гэта трызненне». 

Ганна Курыс. Фота: ПЦ «Вясна»

Ганна Курыс — 23‑гадовая дзяўчына з Баранавічаў, якую асудзілі за больш чым 200 сторыс з архіву ў Instagram з крытыкай вайны. Яе паўтара года пратрымалі ў зняволенні, а пасля выправадзілі з краіны. Яна распавяла «Вясне» пра адсутнасць адэкватнай медычнай дапамогі, абыякавасць турэмнай адміністрацыі ды цяжкія ўмовы побыту.

«Я сядзела за тое, што была супраць вайны»

Першапачаткова Ганну затрымалі паводле адміністрацыйнага артыкула. Яна мяркуе, што заяву на яе напісаў хлопец, з якім яна адмовілася сустракацца.

«Ён мне сказаў, што напіша на мяне заяву, бо ён ведае, якія ў мяне захаваныя сторыс, — успамінае дзяўчына. — Я падумала, што гэта трызненне. Тады ўсё скончылася адміністрацыйкай. Але праз паўгода мне прыйшло паведамленне, што на мяне завялі справу паводле крымінальнага артыкула, бо знайшлі гісторыі ў архіве інстаграм. Спадзявалася на «хатнюю хімію», але далі рэальны тэрмін. 

Па сутнасці, я сядзела за тое, што была супраць вайны. У 2020 годзе мне было 17 гадоў, я нідзе не ўдзельнічала і нікуды не хадзіла. І калі я сядзела ў СІЗА, думала, што мяне адпусцяць на «хімію», і я больш не буду нічога пісаць і каментаваць, буду сядзець ціха. Але калі мяне пасадзілі, я зразумела, што раскажу наогул усё». 

Першыя 10 дзён яна правяла ў ІЧУ. Нягледзячы на лета, там было вельмі холадна, жанчыны спалі на падлозе. Перадачы атрымалі толькі праз тры дні. Там найгоршы рацыён з усіх месцаў, дзе была Ганна. 

«Я выжыла толькі на гарбаце, — успамінае дзяўчына. — На дзясяты дзень мяне забрала хуткая, бо я пачала задыхацца. Напэўна, гэта было ад стрэсу, бо ў бальніцы ўсё прайшло само.

Падчас затрымання ў мяне забралі тэлефон. А я ўваходзіла ў навучальны чат, дзе мы проста дзяліліся «дамашкай». У выніку забралі дзяўчынку, якая была адмінкай гэтага чата, і хлопчыка, які падзяліўся там нейкай непалітычнай навіной, і яшчэ адну дзяўчынку. Яны ўсе адседзелі па 10 сутак. Яшчэ са мной у ІЧУ сядзела жанчына, якую затрымалі за перасланае мужу паведамленне пра землятрус у Турцыі».

«Супрацоўнікі не верылі ў галаўны боль»

Да калоніі Ганна некалькі месяцаў правяла ў СІЗА Брэста з іншымі палітвязнямі. Сярод іх была дзяўчына, якая напісала данос на свайго хлопца — нібыта ён удзельнічаў у мітынгу. У выніку сказалі, што ў яго складу злачынства няма, а ў яе — ёсць. І пасадзілі за ўдзел у маршах. Была палітзняволеная, якая сядзела за данат у пяць еўра ў Фонд спартовай салідарнасці. І яшчэ адна суседка — жанчына, якая сядзела за мітынг у 2020 годзе. Пакуль яна была ў зняволенні, яе сына забралі ў інтэрнат, бо сваякі не хацелі яго забіраць. 

У СІЗА Брэста зняволеныя сутыкаюцца з фактычнай адсутнасцю медычнай дапамогі. У Ганны былі праблемы з кішэчнікам, але лекаў не было.

Таму яна проста ляжала на падлозе, плакала і была гатовая, каб супрацоўнікі пісалі на яе рапарты — абы нешта змянілася.

Сітуацыя палепшылася толькі дзякуючы актыўнаму ўмяшанню яе бабулі, яна пісала скаргі ў Міністэрства аховы здароўя і хадзіла на прыёмы да кіраўніцтва СІЗА. У выніку Ганне дазволілі пасцельны рэжым на 4 гадзіны ў дзень, што істотна палегчыла яе стан. У калоніі Гомеля праблемы з кішэчнікам амаль цалкам зніклі, абвастрыліся толькі аднойчы, на глебе стрэсу праз працу.

«Мне распавядалі гісторыю, як у жанчыны быў крывацёк — пазаматкавая цяжарнасць, — але хуткую ёй не выклікалі да апошняга, — кажа Ганна. — Калі лекары ўсё ж прыехалі, яны сказалі, што яшчэ пару гадзін — і жанчына б памерла. Іншая дзяўчына ўпала з другога яруса ложка. Нага ў яе была сіняя, яна не магла хадзіць. Але ёй не зрабілі ніякага здымка — проста наклалі бінты».

У зняволенні саму Ганну праследавалі мігрэні, якія ў чарговы раз паказвалі на абыякавасць з боку супрацоўнікаў калоніі — яны проста «не верылі» ў галаўны боль. Лекарка адмовілася выдаць нейкія лекі, калі Ганна была на працяглым спатканні, аргументуючы гэта нармальнай тэмпературай, ціскам і тым, што яна «таксама спіць з галаўным болем». 

«У калоніі дзяжурны лекар-псіхіятр выдаваў таблеткі ад ціску, якія не дапамагаюць падчас мігрэні, — распавядае Ганна. — Але калі галава пачынала балець з раніцы, часам я разумела, што праз недахоп часу альбо чышчу зубы, альбо іду па таблетку».

Да канца 2024 года ў калоніі скончыліся нават базавыя прэпараты (ад прастуды, абязбольвальныя) праз адсутнасць фінансавання. Зняволеным прапаноўвалі замаўляць іх з дому. Але ў яшчэ больш уразлівым становішчы знаходзіліся іншаземкі.

«У адной з украінак, што сядзела за наркотыкі, былі праблемы са шчытавідкай, — распавядае Ганна. — Па ёй гэта было нават відаць, праз апухласці, таму ёй пастаянна патрэбныя былі гармоны. Але яны скончыліся, а яна не змагла нічога зрабіць, бо сваякоў у Беларусі ў яе няма, а з Украіны было праблемна даставіць». 

Калі ж камусьці са зняволеных рабілася блага на тэрыторыі калоніі, у санчастку яе неслі іншыя зняволеныя, але не на насілках, а ў коўдры. 

«Гэта ненармальна, ненармальна»

Ганна распавядае, што ў гомельскай калоніі прэсінг тычыўся ўсіх груп жанчын — траплялі пад яго і людзі з інваліднасцю, жанчыны сталага веку.

Аднойчы палітзняволеная назірала з акна цэха, як жанчына з інваліднасцю (у яе быў дыягназ эпілепсія) у мароз, каля чатырох гадзін вымаквала велізарную лужыну анучай у вядро. 

«Кіраўніцтва палічыла, што гэта дастаткова справядліва — каб чалавек на марозе вымываў лужыну анучай, за вынесены кавалачак хлеба са сталовай, — кажа Ганна. — Яшчэ адну палітзняволеную паклікалі на КПП нібыта для вызвалення, але потым зноў затрымалі, адразу ж». 

Згадвае Ганна і выпадкі, калі адміністрацыя і супрацоўнікі выкарыстоўвалі ператрусы і праверку формы для прыніжэння годнасці жанчын. Адну з дзяўчат выклікалі на дагляд праз ілжывы данос аб наяўнасці пірсінгу ў інтымных месцах.

«Ёй сказалі: «Распранайся, даглядзім», — успамінае Ганна. — А потым — «сядай і рассоўвай ногі…» Гэта ненармальна, проста ненармальна… Яшчэ адзін з аператыўнікаў зрываў празрыстыя акенцы для бэйджаў проста з грудзей дзяўчат. Проста так адрываў яго — гэта звычайнае дамагальніцтва».

«На мяне склалі рапарт за намаляванае крэйдай кацяня»

Амаль усе зняволеныя працуюць на швейнай вытворчасці («швейцы»). Ганна апісвае гэта як цяжкі працэс, спалучаны з псіхалагічным ціскам, мізэрнай аплатай і абсурднымі пакараннямі. Напрыклад, яна атрымлівала каля 20 рублёў у месяц, бо асноўная сума адымалася за харчаванне, адзенне, пазовы ды іншыя выдаткі. Тых, хто не ўмее шыць, прымушаюць вучыцца ва ўмовах пастаяннага стрэсу.

«Там ёсць майстры — гэта грамадзянскія людзі, якія сочаць за працэсам, — кажа Ганна. — У нас быў проста агідны майстар. Мяне пасадзілі за машынку, а ў мяне нічога не атрымлівалася (я і не надта хацела). А мне кажуць, што трэба шыць хутка! І вось два месяцы, якія я сядзела, яны на мяне ўвесь час крычалі».

У выніку ў яе атрымалася перайсці на пазіцыю лякальшчыцы (разметкі тканіны крэйдай). Гэта падабалася дзяўчыне больш, і яна нават паскорыла многія працэсы. Аднак яе знайшлі, за што пакараць.

«На мяне склалі рапарт за намаляванае крэйдай кацяня на тканіне, — усміхаецца Ганна. — Я хацела падняць настрой людзям, гэта зусім не псавала тканіну, бо я адразу яго сцерла. Уся брыгада была ў захапленні. Усе мне заўсёды дзякавалі. 

А супрацоўніца дала пісаць мне тлумачэнне, чаму я намалявала кацяня. Я пытаюся, ці сур'ёзна мне пісаць, што я хацела падняць людзям настрой? Яна кажа: «Пішыце: я намалявала кацяня з уласнай недысцыплінаванасці». Яшчэ адна палітзняволеная пенсіянерка атрымала рапарт за тое, што падзялілася з іншай пенсіянеркай долькай мандарына». 

Але фізічная праца ў калоніі не абмяжоўваецца цэхам, іх пастаянна прыцягваюць да гаспадарчых работ. Напрыклад, яны цягаюць у велізарных цялежках пясок, цэмент і камяні.

Яшчэ Ганна ўспамінае выпадак, калі адзін з аператыўнікаў загадаў узяць ваду, дадаць нейкі шампунь, каб была пена, і выліць яго на драўляную падлогу, каб потым вымыць. Калі жанчыны пачалі мыць падлогу, прыйшлі кантралёры і пачалі лаяць іх, што яны заліваюць атрад унізе.

«Яшчэ ў мяне была куратарка Драздова, — распавядае Ганна. — Яна неяк выклікала мяне пагаварыць, хто я і за што сяджу. Я патлумачыла. Яна кажа: «Трэба было ехаць ваяваць. Вы ці едзьце, ці маўчыце».

«Калі я ўбачыла ўкраінскі сцяг, была ў поўным захапленні»

Жыццё дзяўчыны пасля вызвалення пачалося з нечаканай дэпартацыі ва Украіну. Ганна не чакала вызвалення, бо думала, што вызваляюць медыйных людзей. Нягледзячы на першапачатковы стрэс, яна апісвае працэс адаптацыі як вельмі хуткі і паспяховы.

«Я была ўпэўненая, што нас цяпер будуць расстрэльваць, — успамінае Ганна першыя думкі пасля таго, як у калоніі ёй сказалі збірацца. — Я сядзела і плакала. Нам звязалі рукі скотчам і павезлі кудысьці. Ужо калі я ўбачыла ўкраінскі сцяг, была ў поўным захапленні. Я трапіла, куды хацела, бо з дзяцінства вельмі люблю Украіну. Праўда, там нельга было застацца і я выбрала Літву.

У калоніі нам паказвалі, як дрэнна жывуць уцекачы ў Еўропе. Што яны жывуць на вакзале, харчуюцца кашай… Я глядзела і разумела, што наўрад ці нам паказваюць рэальныя падзеі, але ёсць людзі, якія гэтаму вераць».

Цяпер Ганна прайшла медычнае абследаванне і навучылася на курсах манікюру. Але галоўным адрозненнем у новым жыцці стала адсутнасць пастаяннага страху перад сілавікамі.

«У Беларусі я сядзела, трэслася, — успамінае яна. — Бачу чалавека ў форме — усё, у мяне пачынаецца проста… Думала, буду да канца жыцця… Проста трэсціся. Але яшчэ як толькі ўбачыла ўкраінскіх паліцэйскіх, адразу падумала: «Госпадзе, якія выдатныя людзі, як мяне і праўда ахоўваюць. І мне так спакойна!»

Каментары20

  • Дарына
    01.03.2026
    Население в основном конченое. Особенно деревенское. Это их дети мучают умных и порядочных людей. Так было всегда с момента прихода расейцев сюда. Франтишек Алехнович хорошо расписывает власть луки в книге- В когтях ГПУ.
  • Ганьба канешне
    01.03.2026
    У 2022 Украiне безумоўна трэба было нанесцi ўдар, каб лукашысцкi рэжым скончыўся, ужо баўталiся бы на дрэвах, а не хапалi грамадзян, але нажаль пашкадавалi, беларусы былi б ужо свабодныя
  • Кейт
    01.03.2026
    трымайся , Аня , здароу́я табе !

Цяпер чытаюць

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі11

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Усе навіны →
Усе навіны

Па камерах відэаназірання беларусаў за стырном штрафуюць за рамяні і тэлефон3

Рэгбістку Марыю Шакура, якая была капітанам зборнай Беларусі, асудзілі па палітычнай крыміналцы6

У суседніх краінах падаражэў бензін. Ці будзе падаражанне ў Беларусі?1

Уладзімір Макей заўсёды браў на працу ссабойкі і казаў, што ў доме павінна пахнуць свежапрыгатаванай ежай9

Латыш пражыў 15 гадоў у Англіі і раптам пераехаў у глухую беларускую вёску. Цяпер трымае гусей і бажыцца, што шчаслівы21

Затрыманыя ў Будапешце інкасатарскія машыны ўкраінскага Ашчадбанка знаходзяцца на тэрыторыі Антытэрарыстычнага цэнтра Венгрыі4

Польскі дыпламат расказаў, як прывозіў Колю мультфільмы на дысках і кім для сям'і Лукашэнкаў быў Макей21

«Страйк пакупнікоў». Чалы спрагназаваў зніжэнне цэнаў на кватэры6

Будаўніцтва трэцяй чаргі Зялёналужскай лініі метро: што ўжо зроблена і што яшчэ наперадзе1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі11

Загінуў беларускі добраахвотнік Васіль «Дзір» Рапіцкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць