Кафеін замест какаіну. Дачка забітага наркабарона Эль Менча кіруе кавярняй у Каліфорніі
У «Эль Рынконе» няма ніякіх прыкмет арганізаванай злачыннасці, а інтэрнэт-водгукі ў асноўным станоўчыя.

24‑гадовая Лаіша Асегера, дачка Эль Менча — нядаўна забітага кіраўніка Картэля новага пакалення Халіска, — кіруе кавярняй у Каліфорніі, проста ў звычайным гандлёвым цэнтры, піша Bild.
У кавярні «Эль Рынкон» (El Rincón — «Куток») у гандлёвым цэнтры ў паўднёвай Каліфорніі, у горадзе Перрыс, усё выглядае міла і ўтульна: неонавая філіжанка ў вітрыне, салодкія блінчыкі на талерках у форме сэрца і надпісы крэйдай на дошках, якія рэкламуюць латэ з печывам і клубнічную матчу. Аднак, паводле New York Post, установа належыць дачцэ, магчыма, кіраўніка самага небяспечнага картэля ў свеце.
Эль Менча (сапраўднае імя — Немесіа Рубен Асегера Сервантэс) быў кіраўніком вядомага Картэля новага пакалення Халіска (CJNG) — адной з самых жорсткіх наркаарганізацый Мексікі. Картэль перапраўляў тоны какаіну, гераіну, фентанілу і метамфетаміну ў ЗША і Еўропу.
22 лютага 59‑гадовага наркабарона выявілі падчас ваеннай аперацыі ў мексіканскім штаце Халіска. Ад атрыманых раненняў ён памёр па дарозе ў бальніцу. Яго смерць выклікала напады Картэля па ўсёй краіне: загінулі прынамсі 74 чалавекі.
Кліенты «Эль Рынкона» апісваюць дачку наркабарона як «мілую» і «ветлівую». Пра яе сумна вядомага бацьку ніколі не заходзіла размова. Мексіканскія СМІ паведамляюць, што яна прысутнічала толькі на яго пахаванні.
На фатаграфіях відаць маладую дзяўчыну са светлымі валасамі і цёмнымі сонечнымі акулярамі каля залатой труны.

Аднак жыццё 24‑гадовай дзяўчыны, верагодна, не такое простае: паведамляецца, што Лаіша Асегера замужам за 39‑гадовым Крысціянам Гуцьерэсам-Ачоа, афіцэрам CJNG. Як сцвярджаецца, ён выкраў двух вайскоўцаў мексіканскага флоту ў адказ на арышт сваёй цешчы.
Каб пазбегнуць арышту, ён інсцэніраваў уласную смерць і ўцёк праз тунэль з Тыхуаны ў ЗША. У 2024 годзе яго арыштавалі ў Каліфорніі і прысудзілі да адзінаццаці гадоў турмы за кантрабанду наркотыкаў і адмыванне грошай. Сцвярджаецца, што Лаіша дагэтуль жыве ў доме, які ён купіў за 1,2 млн даляраў наяўнымі.
У «Эль Рынконе» няма ніякіх прыкмет арганізаванай злачыннасці, а інтэрнэт-водгукі ў асноўным станоўчыя. Аднак, калі верыць аднаму з водгукаў, у 2018 годзе Лаіша Асегера аднойчы праявіла ўспыльлівы характар свайго бацькі — кінуўшы напой у жанчыну.
Каментары