Грамадства11

«Палкоўнік прынёс мне новыя красоўкі». Валянцін Стэфановіч з «Вясны» расказаў, як іх рыхтавалі да вызвалення

Былы віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH), намеснік старшыні «Вясны» Валянцін Стэфановіч расказаў «Вясне» пра турму, вызваленне, сны і планы на жыццё.

Валянцін Стэфановіч у дзень вызвалення, 19 сакавіка 2026 года. Фота: «Наша Ніва»

«Палкоўнік мне прынёс красоўкі»

«Вясна»: Мы з вамі размаўляем у гандлёвым цэнтры  вы плануеце набыць новую вопратку. А пакуль вы ў сваёй вопратцы, у якой учора, 19 сакавіка, прыехалі ў Вільню. І гэтая вопратка нетурэмная. Алеся Бяляцкага вызвалялі ў турэмнай робе, і ён сказаў нам, што абавязкова яе захавае і, можа, перадасць у музей. Як вы думаеце, чаму вас вызвалялі не ў турэмнай робе?

Так, сапраўды, нас вызвалялі не ў турэмнай робе. Калі нас забіралі з магілёўскай турмы, то мы былі апранутыя як звычайна. Але ў мяне ў торбе быў спартовы касцюм, у якім я зараз знаходжуся — гэта мне калісьці даслалі ў рэчавай перадачы яшчэ ў калонію. І я яго захоўваў. Там не было яго куды апранаць, таму што палітвязняў не пускаюць на спартовы гарадок — нам забаронена было туды хадзіць, нам нельга было хадзіць у клуб глядзець кіно — фактычна нічога не было магчымасці рабіць.

І таму гэты спартовы касцюм ляжаў проста ў торбе, і калі нас ужо прывезлі з Магілёва ў СІЗА ў Мінску, з нас спачатку садралі нашыя бэйджы — як ён там правільна называецца, «нагрудны знак», а потым прыходзіў міліцыянт і запытваўся, ці ёсць у нас спартовыя касцюмы. Я думаю, чаму яму так цікава? А потым нам сказалі пераапрануцца — мы пераапрануліся. І ў нас забралі нашыя робы, целагрэйкі, нават боты мае ім не спадабаліся, хаця яны былі не турэмныя, а таксама калісьці зайшлі ў рэчы ў перадачы. Тым не менш ў мяне іх забралі — і мне нават набылі новыя красоўкі. Цэлы палкоўнік мне іх прынёс.

Мне сказалі яшчэ пагаліцца — я пагаліўся. Відаць, яны вельмі дбалі, каб мы добра выглядалі, больш-менш прэзентабельна, калі нас вывязуць.

На жаль, мне не атрымалася захаваць гэтую робу. Ну як ёсць. 

«Вясна»: Мы бралі інтэрв'ю ў Алеся Бяляцкага, калі ён вызваліўся, і ён сказаў такую фразу: «Я сябе адчуваю, нібы я вынырнуў у вольны свет». Якую б фразу вы сказалі?

Я сябе адчуваю як іншапланетнік, які зваліўся з Месяца, альбо чалавек, які правёў у коме некалькі гадоў — і зараз ён прачнуўся. Таму што амаль пяць гадоў у ізаляцыі, асабліва апошнія паўтары гады, калі я быў у турме, у нас не было ні тэлевізара, нічога. Радыё я чуў толькі праз акно, альбо часам калі мы выходзілі на прагулку, ці калі я быў у ізалятары — там добра было радыё чуваць.

І ўвогуле, я падумаў, што апошнія тры гады фактычна толькі радыё я чуў: калі я быў у ізалятарах, калі я быў у ПКТ, восем месяцаў у адзіночнай камеры — я слухаў там радыё, першае дзяржаўнае, Першы нацыянальны канал. Я ўжо пазнаваў вядучых па галасах, я ведаю Таццяну Кулейку там і розных гэтых персанажаў. Я заўсёды думаў: як яны выглядаюць насамрэч? Я слухаў усе гэтыя праграмы: «Сустрэча з песняй»… Але гэта недахоп інфармацыі, недахоп камунікацый— я зараз з тэлефонам ледзь спраўляюся, я забыўся як ім карыстацца проста… І яшчэ шмат розных такіх рэчаў, якія я забыў за пяць гадоў. Увогуле, калі мяне пасадзілі ў СІЗА, у мяне была думка, што гэта падобна нечым на смерць, толькі ты не памёр — ты застаўся жывы. Але дзесьці там звонку ідзе жыццё, яно ідзе сваім ходам, людзі жывуць так, як заўсёды жывуць — толькі там няма цябе. Вось і ўсё.

«Добраму дзядзе»

«Вясна»: Вы — віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі за правы чалавека (FIDH). 27 кастрычніка 2022 году ў межах 41 Кангрэсу FIDH вы былі пераабраны віцэ-прэзідэнтам. Ці даляцела да вас гэтая навіна? 

Так, я быў абраны. На апошнім Кангрэсе, у 2025 годзе, я ўжо не абіраўся — але гэта і правільна, напэўна, таму што ўсё ж такі кіруючы склад Федэрацыі мусіць быць дзеяздольны. І там ёсць шмат людзей, якія могуць пачэсна гэтую працу рабіць. Але тое, што ў 2022 годзе мяне пераабралі (я быў у СІЗА на той момант), лічу, што гэта важна было для мяне, таму што гэта адбылося перад судом. Гэта была падтрымка і салідарнасць з боку маіх міжнародных калег з розных краін свету. Да мяне даляцела гэтая інфармацыя, я ведаў, што я пераабраны. Да мяне нават дайшло ў СІЗА віншаванне з Днём народзінаў за подпісам прэзідэнта нашай Федэрацыі. Гэта быў 2021 год. Але ў 2022 годзе ўжо ліставанне спынілася — мне не даходзілі лісты.

А ў 2021 годзе я атрымліваў вельмі шмат лістоў — з усіх розных канцоў краіны, і з-за мяжы, і нейкія дзіцячыя малюнкі — там было сказана «Добраму дзядзе», намаляваны коцік. Было прыемна, што людзі памяталі пра мяне і падтрымлівалі такім чынам. Я вельмі ўдзячны за гэта.

Гэта было вельмі важна. І ўлады гэта таксама ведалі, што такая падтрымка і ўвага дапамагае палітвязням, і зрабілі ўсё магчымае, каб гэтага не было. Ліставанне спынілася, потым, я ведаю, людзей пачалі садзіць у турмы за тое, што яны пералічвалі грошы, і ў тым ліку па маёй справе на жанчыну з прозвішчам Верабей заводзілі справу за тое, што яна пералічыла мне 20 рублёў, калі я быў у СІЗА. Улады ведалі, што салідарнасць — гэта вельмі моцная рэч. Тое, што змяняе свет. Таму яны зрабілі ўсё магчымае, каб спыніць, забіць, і каб яе не было. 

Я яшчэ прыгадваю пасылку з шакаладам, якую я атрымаў, калі ўжо быў у калоніі, ад нейкай нямецкай жанчыны, яе звалі Сюзанна. Я пратарчаў там на выдачы некалькі гадзін, прапусціў абед. Потым мне прынеслі гэты пакунак, спыталі: што там? Я кажу: «Улічваючы, што тут напісана, гэта шакалад». «Ад каго? Вы ведаеце, хто гэта?». Я кажу: «Не ведаю». «Ну мы вам яго не аддадзім» — таму што толькі блізкія сваякі маглі перасылаць перадачы і пасылкі. Таму я не атрымаў гэтую перадачу, але мне было прыемна, што нейкая Сюзанна з Нямеччыны памятае пра мяне, такога «няшчаснага зэка».

Каб тыя, хто здзяйсняў гэтыя злачынствы, панеслі адказнасць»

«Вясна»: У жніўні 2020 года, мне падаецца, вы былі першым чалавекам, які сказаў, што тое, што адбылося праз беларускі рэжым, гэта злачынствы супраць чалавечнасці. І вы згадвалі, што Беларусь не ратыфікавала Рымскі статут да Міжнароднага крымінальнага суда… Ці ведаеце вы навіну, што 12 сакавіка Міжнародны крымінальны суд заявіў пра пачатак расследавання магчымых злачынстваў супраць чалавечнасці, здзейсненых рэжымам Аляксандра Лукашэнкі?

Так, я гэта ведаю. Гэта [адбылося] у тым ліку з дапамогай нашых літоўскіх сяброў. І тут была выкарыстана сітуацыя, што гэтая дэпартацыя ў шырокім сэнсе (дарэчы, якая адбылася і са мной), была скарыстана такім чынам, што Літва падала як трэцяя краіна ў МКС — гэта дае спадзяванне на тое, што міжнароднае права ўсё ж такі будзе працаваць, нягледзячы на тое, што Беларусь робіць усё магчымае, каб гэтага не было. Я ведаю, што дэнансаваны Першы факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах — такім чынам Беларусь хацела пазбавіць нас апошняй магчымасці выкарыстоўваць міжнародныя механізмы (індывідуальных скаргаў беларускіх грамадзян). 

[Пачатак расследавання] натхняе і дае магчымасць працаваць далей. І думаць, якім чынам яшчэ можна скарыстаць розныя сітуацыі, каб дамагчыся справядлівасці. Каб тыя, хто здзяйсняў гэтыя злачынствы, панеслі адказнасць.

«Вясна»: Дарэчы, а адкуль вы гэта ведаеце? Вы даведаліся, калі ўжо выйшлі на волю ці раней?

Я адгалоскі чытаў напэўна ў СБ, але больш інфармацыі мне ўжо тут [на волі] распавялі, канешне. Адзінай крыніцай інфармацыі, якую я там апошнія паўтары гады атрымліваў, толькі СБ. Ясна, што там усё перакручанае з ног на галаву, але тым не менш, як у савецкіх газетах, паміж радкамі можна было што-небудзь прачытаць. І я нейкую пэўную інфармацыю адтуль тым не менш атрымліваў.

Астатняя інфармацыя — гэта «зэк-радыё». Але «зэк-радыё» — такая рэч, што там трэба ўсё пераправяраць, таму што там таксама можа быць усё вельмі перакручанае, перавернутае. У асноўным гэта: каго дзе вызвалілі, хто куды пайшоў і як там што было… Але гэта таксама карысная інфармацыя. 

«Вясна» — гэта мая сям’я»

«Вясна»: Сярод першых слоў на волі вы сказалі, што будзеце працягваць займацца праваабарончай дзейнасцю. А можаце раскрыць свае планы?

Планаў асаблівых у мяне няма. Але я думаю, што дакладна я буду праваабарончую дзейнасць працягваць. Таму што гэта частка майго жыцця. Гэта маё жыццё. Я ў праваабароне з 1998 года. І большую частку майго жыцця я займаўся гэтым. Таму што мне гэта — не ведаю, ці можна выкарыстаць слова «падабалася» займацца праваабаронай — гэта насамрэч вельмі цяжкая дзейнасць… І тое, што з намі адбылося, паказвае на тое, што гэта не нейкія вясёлыя прагулкі — яно можа скончыцца вось такім чынам, і нават горш, калі згадаць нашых калег, у той жа Расіі — Наталлю Эстэміраву, якая была забітая ў Чачне…

Але тым не менш я лічу, што гэта важна, асабліва зараз. Гэта важна для нашых людзей, для нашай краіны. І трэба працягваць. У якой форме? Я яшчэ пакуль што напэўна не ведаю. Але мяркую, я буду працягваць разам з «Вясной», і ў «Вясне», таму што гэта мая сям'я, і тая арганізацыя, якую мы фактычна ў нейкім сэнсе выбудоўвалі з Алесем і іншымі нашымі сябрамі. (…)

«Сняцца проста як кіно»

«Вясна»: Да іншай тэмы — сны ў няволі… Распавядзіце пра іх.

Сны — гэта частка жыцця там, за кратамі. Таму што калі ты не маеш тэлевізара, калі ты абмежаваны ў кантактах (я, напрыклад, не меў магчымасці званіць жонцы на калоніі, а толькі ў турме мне далі магчымасць ёй званіць раз на месяц) — то гэта частка твайго жыцця. Ты стасуешся з блізкімі табе людзьмі ў сне. Альбо ты бачыш нейкія падзеі, якія былі калісьці: міліцыянты, якія ўломваюцца кудысьці, нейкія дэманстрацыі… Апошнім часам я сніў вельмі шмат Уладзя Лабковіча. Мы з ім камунікавалі на волі — і часам і Алеся Бяляцкага — і гэта такія, можа быць, прадвеснікі нават хуткага вызвалення… Ці магчыма я шмат думаў пра гэта, таму яно выяўлялася так у снах.

Але непасрэдна перад самым вызваленнем я прысніў вельмі дзіўны сон: што я заехаў ў нейкую незнаёмую кватэру ў старым савецкім стылі з дыванамі на сценах нейкага старога дзеда, якому я мушу нешта сказаць — і я не ведаю што яму сказаць… Я не ведаю, што я там раблю. Вось такі нейкі дзіўны сон. 

А так, часам, сны бывалі вельмі кранальныя. Часам страшныя. Асабліва ў ізалятары — там яны сняцца проста як кіно — ты проста глядзіш яго. Таму што вельмі неглыбокі сон, ты не можаш там спаць вельмі часта, асабліва калі халодна. І ты часта прачынаешся — і пачынае наноў нешта новае сніць. І ты проста рэальна быццам бы ў кінатэатр схадзіў. Гэта нейкая асобная тэма. Пра гэта можна шмат казаць. Можа нават псіхолагі на гэтую тэму могуць нешта сказаць, што ты бачыш у снах і як гэта праецыруецца твая рэчаіснасць такім чынам? Але гэта вялікая частка жыцця там, калі ты ў ізаляцыі.

«Я ніколі не збіраўся з'язджаць»

«Вясна»: Выгнанне — як вам адгукаецца гэтае слова?

Я ў выгнанні, таму што я не збіраўся з'язджаць. Я ніколі не збіраўся з'язджаць. З 1998 года, з якога я ў «Вясне», і нават раней, калі я быў актыўным у моладзевым пратэсным руху, я ніколі не хацеў з'язджаць з краіны. Ну зараз так атрымалася, што нам не пакінулі ніякай альтэрнатывы. Альтэрнатыва — турма… Гэта цяжка… Асабліва ў маёй сітуацыі, таму што я не такі малады ўжо… І пачынаць усё наноў — гэта канешне цяжкавата. 

Але як ёсць. Жыццё працягваецца.

Я думаю, што зараз будзе ўсё значна лепей, значна больш страката і яскрава, шмат розных задавальненняў ад жыцця я атрымаю, якіх я быў пазбаўлены гэтыя гады. Таму ў мяне вельмі пазітыўны настрой і вельмі аптымістычны.

«Вясна»: Ці хацелі б вы штосьці дадаць?

Хацеў бы падзякаваць тых, хто падтрымліваў мяне ўсе гэтыя гады: і знаёмыя, і незнаёмыя людзі… У тым ліку дзякуючы ім я вызвалены. Дзякуй вялікі!

Каментары1

  • Жыве і будзе жыць
    20.03.2026
    Глыба! Дзякуй Богу, за такіх людзей!

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам9

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам

Усе навіны →
Усе навіны

На «Полі цудаў» спелі песню пра тое, як класна жыць з адключаным інтэрнэтам9

Хто зможа двойчы зрабіць ЭКА бясплатна? Расказаў міністр аховы здароўя7

Першае ФОТА вызваленай Валерыі Касцюговай2

Некаторым вызваленым 19 сакавіка палітвязням, якім дазволілі застацца ў Беларусі, забаранілі афармляць сімкі і карыстацца банкаўскімі карткамі24

СМІ расказалі пра расійскі сцэнар імітацыі замаху на Віктара Орбана перад выбарамі7

У дзень, калі памілавалі палітвязня Дароніна, ягонай жонцы прысудзілі 8,5 гадоў калоніі за ўдзел у дваровым чаце8

Тром мінчанкам далі па 8‑9 гадоў па справе дваровых чатаў7

Трамп абвінаваціў Зяленскага ў піяры: Украіна нічога не зрабіла на Блізкім Усходзе11

Tesla выводзіць на рынак свой рэвалюцыйны электрычны грузавік Semi. Асабліва здзіўляе кабіна

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам9

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць