Гісторыя9494

Спарыш пайшоў да літоўскіх радыкалаў граміць Ціханоўскую. У выніку выслухаў пра «беларускі нацызм» і «праваслаўны зброд»

У эфір літоўскага ток-шоу, якое вядуць Альгіс Раманаўскас і Дамінікас Чывіліс, госцем быў запрошаны Сяргей Спарыш, былы палітвязень і паплечнік Мікалая Статкевіча. 

Сяргей Спарыш у эфіры ток-шоу Раманаўскаса і Чывіліса. Скрыншот відэа

Тое, што пачыналася як зручная пляцоўка для крытыкі Офіса Святланы Ціханоўскай, вельмі хутка ператварылася ў публічны здзек з беларускай нацыянальнай ідэнтычнасці, перад якім госць ганебна капітуляваў. 

Спарыш жыве ў Літве пасля дэпартацыі з Беларусі. У беларускім апазіцыйным полі Спарыш далучыўся да плыні, якая радыкальна крытыкуе Офіс Ціханоўскай за яго памяркоўнасць. Акрамя таго, Спарыш увайшоў у кааліцыю з Вольгай Карач. 

Літоўская пляцоўка здавалася ідэальнай трыбунай для публічнай крытыкі канкурэнтаў. Але гаспадары студыі мелі іншыя планы.

Альгіс Раманаўскас. Скрыншот відэа

Раманаўскас адразу задаў тон усёй размове, прадставіўшы свайго суразмоўцу Чывіліса як маладога і пасіянарнага змагара з «беларускім нацызмам, вядомым як літвінізм».

Для Раманаўскаса і Чывіліса ўся беларуская дыяспара — гэта альбо пралукашэнкаўская «вата», альбо схаваныя агенты КДБ, альбо неадэкватныя «літвіністы», якія прагнуць скрасці літоўскую гісторыю.

Раманаўскас і Чывіліс з задавальненнем выслухалі абвінавачванні Спарыша на адрас Ціханоўскай. Скрыншот відэа

Раманаўскас і Чывіліс з задавальненнем выслухалі абвінавачванні Спарыша на адрас Святланы Ціханоўскай. Але як толькі тэма перайшла з унутраных беларускіх спрэчак да гістарычных пытанняў, пастка закрылася: вядоўцы пачалі метадычна правяраць госця на вытрымку.

Заваяваная маса і «праваслаўны зброд»

Чывіліс лічыць Вялікае Княства Літоўскае выключна балцкай дзяржавай, у якой беларусы былі толькі заваяванай масай. Літоўскі вядоўца літаральна запатрабаваў ад госця прызнаць, што ўся гэтая «літвінісцкая лухта», пачынаючы ад Наваградка як першай сталіцы і заканчваючы мірным саюзам роўных паміж русінамі і літоўцамі, гэта хлусня і крамлёўская дэзынфармацыя.

У трактоўцы Чывіліса Гедзімінавічы прыйшлі з мячом і заваявалі продкаў сучасных беларусаў.

Дамінікас Чывіліс. Скрыншот відэа

У давяршэнне Чывіліс заявіў, спасылаючыся на лекцыю Адама Міцкевіча, што ў літоўскай культуры слова «лянкас» (паляк) заўсёды асацыявалася з высакародным рыцарам, тады як слова «гудас» (беларус) гістарычна выклікае ў літоўцаў толькі агіду.

«І гэта вельмі добры прыклад таго, кім былі літоўцы», — патлумачыў Чывіліс.

Каб патлумачыць, чаму ў Рэчы Паспалітай дыскрымінавалася праваслаўнае насельніцтва, Чывіліс працытаваў літоўскага гісторыка і дэпутата Сейма Валдаса Ракуціса. Літоўскі вядоўца прапанаваў, як калісьці Ракуціс у іхняй студыі, Спарышу ўявіць сябе на месцы ганарлівага шляхціца, які раптам павінен дзяліцца сваімі правамі з нейкім «русінскім праваслаўным збродам, чыё імя Налівайка» (у арыгінале прагучала непрыхаванае «Ruthenian Orthodox scum»).

«Мы не можам маўчаць пра той факт, што палітычная эліта ў галоўных інстытутах — гэта былі літоўцы. І ўсе русіны, або протабеларусы і ўкраінцы, якія хацелі туды трапіць, мусілі перайсці ў каталіцтва, узяць шлюб з літоўскімі сем'ямі, купляць літоўскія землі, мець міф пра сваё лацінскае або літоўскае паходжанне, як Хадкевічы».

Чывіліс лічыць, што такая сістэма дыскрымінацыі заваяванага славянскага насельніцтва стала прычынай гібелі краіны, бо русіны ў адказ на ціск пачалі асацыяваць сябе з Масквой. 

У якасці заходняга падмацавання некаторых тэорый быў згаданы брытанскі гісторык Роберт Фрост.

Капітуляцыя пад «Чорным квадратам»

Сяргей Спарыш наўпрост назваў такі падыход шавінізмам, але не стаў абараняць права беларусаў на частку спадчыны ВКЛ ці згадваць Статуты на старабеларускай мове, а схаваўся за абстрактным леварадыкальным дыскурсам.

«Чорны квадрат» Малевіча — сімвал, на які Спарыш, для якога гісторыя не мае аніякага значэння, гатовы замяніць беларускія нацыянальныя сімвалы. Фота: Wikimedia Commons

На закід пра тое, што літоўцы былі акупантамі беларускай зямлі, Спарыш спакойна адказваў, што для звычайнага селяніна таго часу не было розніцы, хто ім кіруе, бо ўсе яны былі прыгнятальнікамі. 

«Вы былі акупантамі ў першы час, але потым вы былі проста землеўладальнікамі… Яны ўсе ворагі — ці яны з Літвы, ці яны з Расіі, і гэтак далей, яны ворагі. Класавая барацьба», — патлумачыў былы палітвязень свой падыход да нацыянальнай гісторыі.

Беларускі актывіст пагадзіўся, што ВКЛ было заснавана балтамі, а балцкая знаць была на самай вяршыні. Ён паспрабаваў вывесці складаную арыфметыку, заявіўшы, што беларуская спадчына — гэта на сорак працэнтаў Кіеўская Русь, згадаўшы пры гэтым яшчэ і вікінгаў.

Спарыш заявіў, што нацыянальныя міфы яму ўвогуле непатрэбныя, бо будучыню можна будаваць і без гісторыі, прывёўшы ў прыклад ЗША.

«Я не хачу ганарыцца сімваламі. Я не хачу ганарыцца гісторыяй. Гэта не мой спосаб мыслення… Магчыма, было б выдатна мець чорную карціну Малевіча, чорны квадрат», — прапанаваў Спарыш альтэрнатыву «Пагоні».

* * *

Што за кніга Фроста, на якую спасылаўся Чывіліс

Чывіліс у сваім ток-шоу спасылаецца на брытанскага даследчыка Роберта Фроста, аўтара кнігі «Оксфардская гісторыя Польшчы-Літвы» (The Oxford History of Poland—Lithuania). 

Праўда, літоўскія радыкалы чыталі гэтую працу, мабыць, па дыяганалі, бо Фрост прама піша, што пашырэнне ўлады Гедзімінавічаў на поўдзень і ўсход было складаным працэсам, які немагчыма патлумачыць адной толькі вайсковай сілай. У Чывіліса ж беларусы — «заваяваная маса».

Брытанскі навуковец называе дзяржаву таго часу не ўнітарнай імперыяй, а хутчэй дынастычным кандамініумам, які абапіраўся на складаную сістэму кампрамісаў. Ён падкрэслівае, што славянскае і балцкае насельніцтва стагоддзямі змешвалася і асімілявалася, а поспех літоўскіх князёў грунтаваўся на іх здольнасці абараніць гэтыя землі ад мангольскага ўварвання.

Фрост у сваіх пазіцыях блізкі да сучаснага мэйнстрыму беларускай гістарыяграфіі. Ён сцвярджае, што жаданне ўтрымаць уладу над рускімі землямі прыводзіла да хуткай славянізацыі дынастыі Гедзімінавічаў. Гэтае акультурванне праяўлялася ў прыняцці славянскай мовы ў якасці мовы дзяржаўнага кіравання, што дазволіла мясцовым элітам паспяхова інтэгравацца ў новую сістэму.

Фактычна оксфардскі прафесар апісвае ўзаемапранікненне культур і дынастычныя шлюбы, як у выпадку з Альгердам у Віцебску ці Любартам на Валыні, а зусім не паняволенне аднаго этнасу іншым.

На карце з кнігі Роберта Фроста: Lithuania Propria (Карэнная Літва) 

Паводле кнігі Фроста, «Lithuania Propria» (Сапраўдная Літва), абазначаная на карце тлустай лініяй, ахоплівае большую частку Беларусі, у тым ліку Брэст, Мінск, Навагрудак, Віцебск і Полацк. З пункту гледжання літоўскіх ультранацыяналістаў гэта чыстай вады радыкальны «літвінізм». Але, калі хочацца, можна не заўважаць нязручных момантаў у працах аўтарытэтаў, на якіх сам жа спасылаешся. 

У кожным разе, спрэчкі такога роду, як у эфіры Раманаўскаса, Чывіліса і Спарыша, не вядуць да паразумення. Гэта спрэчкі дзеля спрэчак.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары94

  • Так і запішам
    28.03.2026
    [Рэд. выдалена]

    [Зрэдагавана]
  • Беларусы, валіце з гэтай краіны
    28.03.2026
    [Рэд. выдалена]

    [Зрэдагавана]
  • Крынж
    28.03.2026
    [Рэд. выдалена]

    [Зрэдагавана]

Цяпер чытаюць

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Усе навіны →
Усе навіны

Вынеслі прысуд Паліне Зыль — блогерцы, якая стала нулявым пацыентам справы Гаюна, бо ў яе знайшлі тую самую спасылку ад Матолькі35

Махляры прыдумалі новую прынаду — Telegram, які нібыта працуе без інтэрнэту1

Краіны Персідскага заліва пачынаюць сумнявацца ў гарантыях ЗША7

У Варшаве беларусы святкуюць Дзень Волі ФОТЫ17

У Мінску на праспекце Дзяржынскага мужчына вельмі дзіўна сябе паводзіў: бегаў па праезнай частцы і спыняў машыны ВІДЭА

Дзісна, Тураў і Васілевічы — самыя маленькія гарады Беларусі. А хто яшчэ ў топе?5

«Хачу наведаць бабулю ў Беларусі». Як жывуць і адаптуюцца дзеці беларусаў-эмігрантаў у Еўропе4

«Ён не думаў, што будзе цалаваць мяне ў сраку». Трамп выказаўся пра адносіны з наследным прынцам Саудаўскай Аравіі13

«Свае — гэта слова, якое для мяне вызначае тэатр». Вялікая гутарка з акцёрам Міхасём Зуем пра сцэну, каманду і тэатр у эміграцыі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве9

Былога супрацоўніка контрразведкі КДБ арыштавалі за здраду дзяржаве

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць