У часы ШІ каштоўнымі кадрамі робяцца тыя, хто ўмее гуртаваць і сцэментоўваць
Аўтаматызацыя тэхнічных працэсаў прымушае па-новаму паглядзець на некаторыя навыкі. У свеце, дзе штучны інтэлект перабірае на сябе напісанне кода і выкананне руцінных аперацый, самай каштоўнай якасцю становіцца здольнасць чалавека быць сувязным звяном — тым самым «клеем», які не дае праектам распадацца і забяспечвае камунікацыю.

Пра карэнную змену прыярытэтаў на рынку працы разважае калумністка Financial Times Сара О’Конар.
Вы той чалавек, які знаходзіць час растлумачыць новым калегам, хто ў камандзе за што адказвае? Ці той, хто першым заўважае, што праект ідзе не туды, бо розныя аддзелы па-рознаму разумеюць задачу? Магчыма, вы ведаеце імя чалавека на іншым паверсе, здольнага за пяць хвілін вырашыць марудную праблему, над якой ваш калега б’ецца тыднямі?
Калі вы адказалі «так» на большасць гэтых пытанняў, значыць, вы выконваеце так званую «працу па згуртаванні» (glue work): наладжваеце сувязі паміж людзьмі, бачыце агульную карціну, запаўняеце арганізацыйныя прагалы і дапамагаеце ўтрымліваць праекты разам.
Сам тэрмін glue work у 2019 годзе прапанавала інжынерка Таня Рэйлі (Tanya Reilly). Яна звярнула ўвагу на парадокс: гэтая праца неабходная для функцыянавання каманды, але лічыцца другаснай у параўнанні з «асноўнымі» навыкамі — напрыклад, напісаннем кода.
Больш за тое, для шараговых спецыялістаў яна можа быць нават небяспечнай: пакуль яны займаюцца каардынацыяй і дапамогай іншым, яны менш часу аддаюць тэхнічнай працы, якая звычайна і вядзе да павышэння. У выніку тыя, хто лепш за ўсіх умеў згуртаваць калектыў, альбо спыняліся ў кар’ерным росце, альбо зусім сыходзілі з індустрыі.
Такое стаўленне мела і іншае негатыўнае наступства: на кіраўнічыя пасады траплялі людзі, якіх прасоўвалі толькі за іх тэхнічны геній. У выніку яны аказваліся на месцах, дзе патрабуюцца лідарства і ўменне камунікаваць — рэчы, да якіх у іх не было ні цікавасці, ні досведу. Як правіла, гэта не абяцала нічога добрага ні падначаленым, ні арганізацыі ў цэлым.
Гэтая логіка не абмяжоўваецца толькі ІТ-сферай. Падобныя механізмы працуюць у навуцы, юрыспрудэнцыі і іншых галінах, дзе ёсць выразна вызначаныя «ключавыя» кампетэнцыі. Пры гэтым даследаванні паказваюць, што жанчыны часцей за мужчын добраахвотна (або па просьбе кіраўніцтва) займаюцца гэтай неспрыяльнай для кар’еры працай па гуртаванні.
Аднак з развіццём штучнага інтэлекту сітуацыя пачынае змяняцца — і даволі хутка. У праграмаванні, напрыклад, машыны ўжо здольныя генераваць код, выконваць руцінныя задачы і нават прапаноўваць гатовыя рашэнні. Гэта значыць, што тое, што яшчэ ўчора лічылася галоўным навыкам, сёння часткова аўтаматызуецца.
Што ж застаецца чалавеку? Кіраванне гэтымі інструментамі, разуменне кантэксту, пастаноўка задач, каардынацыя паміж рознымі ўдзельнікамі працэсу і ўлік патрэб кліента. Інакш кажучы — тая самая роля «клею».
Як адзначаюць самі інжынеры, цяпер гэта самыя важныя кампетэнцыі. Людзі, якія ўжо валодалі навыкамі каардынацыі, цяпер адчуваюць сябе ўпэўнена: ім прасцей адаптавацца да новай рэальнасці. Затое тым, хто вызначаў сваю прафесійную вартасць выключна праз уменне пісаць бездакорны код, даводзіцца значна складаней.
Паводле слоў аўтаркі, гэта важны напамін пра тое, што новыя тэхналогіі не проста знішчаюць або ствараюць працоўныя месцы. Яны змяняюць саму іерархію навыкаў: штосьці, што доўгі час ігнаравалася, становіцца самым каштоўным. У выпадку з праграмным забеспячэннем гэта адбываецца з ашаламляльнай хуткасцю.
У іншых сферах, мабыць, змены будуць ісці павольней. А там, дзе ключавыя навыкі пакуль не паддаюцца аўтаматызацыі, яны, магчыма, і зусім не надыдуць.
У любым разе, перакананая Сара О’Конар, цяпер самы прыдатны момант, каб кіраўнікі паўсюль задаліся простымі, але важнымі пытаннямі: хто гуртуе, цэментуе вашу каманду? Ці атрымліваюць гэтыя людзі належнае прызнанне і шанец на рост? І ці вучыцца астатняя каманда браць на сябе хаця б частку гэтай ролі?
Бо ў тэхналагічнай сферы штучны інтэлект не зрабіў гэтыя навыкі каштоўнымі раптоўна — яны заўсёды былі такімі. Ён толькі зрабіў гэты факт настолькі відавочным, што ігнараваць яго больш немагчыма.
Каментары