Трамп паставіў на паўзу пастаўкі зброі Тайваню і перасцярог Тайвань ад абвяшчэння незалежнасці
«Скажу так: я не хачу, каб хтосьці станавіўся незалежным», — сказаў ён.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пасля візіту ў Кітай перасцярог Тайвань ад абвяшчэння незалежнасці. Адначасова кіраўнік Белага дома адмовіўся даць выразны адказ на пытанне, ці падпіша ён даўно адкладзены пакет амерыканскай зброі для Тайваня, піша Fox News.
У размове Трамп падрабязна расказаў пра свае перамовы з Сі Цзіньпінам і пра тое, што яны могуць азначаць для глабальнай бяспекі. Вядучы пацікавіўся ў прэзідэнта ЗША, ці можа народ Тайваня адчуваць сябе ў бяспецы пасля сустрэч Трампа з Сі.
«Нічога не змянілася. Скажу так: я не хачу, каб хтосьці станавіўся незалежным. І, ведаеце, нам давядзецца праехаць 9500 міль, каб ваяваць. Я не хачу гэтага. Я хачу, каб яны супакоіліся. Я хачу, каб Кітай супакоіўся», сказаў ён.
Паводле МЗС, Сі таксама выступіў са сваімі папярэджаннямі адносна Тайваня, адзначыўшы, што ў будучыні могуць адбыцца «сутыкненні і нават канфлікты» са ЗША праз гэты востраў.
Трамп адмовіўся даць выразны адказ адносна таго, ці падпіша ён даўно адкладзены пакет амерыканскай зброі для Тайваня коштам 14 мільярдаў даляраў. Хоць заканадаўцы папярэдне ўхвалілі гэты пакет яшчэ летась, Белы дом затармазіў яго прыняцце.
Каментары