У анексаваным Расіяй яшчэ ў 2014 годзе Севастопалі пачалі ўводзіць абмежаванні на продаж асобных харчовых тавараў. У некаторых крамах пакупнікам дазваляюць набываць не больш за тры бутэлькі расліннага алею і тры ўпакоўкі макаронных вырабаў за адзін раз, піша The Moscow Times.

Гэтыя меры звязваюць з праблемамі ў забеспячэнні Крыма таварамі і палівам, якія ўзніклі пасля пашкоджання лагістычнай і нафтавай інфраструктуры ў выніку вайны.
Яшчэ ў маі ў Севастопалі былі ўведзеныя абмежаванні на продаж бензіну — не больш за 20 літраў на чалавека. Для дызельнага паліва пачалі выкарыстоўваць талоны, а пазней паведамлялася пра часовы дэфіцыт бензіну маркі АІ-92 і АІ-95.
У чэрвені мясцовыя ўлады абвясцілі, што на частцы аўтазаправачных станцый паліва будзе адпускацца толькі па раней набытых талонах і таксама ў абмежаванай колькасці. Для кантролю за выкананнем гэтых правілаў на запраўках арганізавалі дадатковы нагляд.
Пазней падобныя абмежаванні распаўсюдзіліся на ўвесь Крым. Бензін АІ-95 пачалі прадаваць толькі па талонах, а АІ-92 — не больш за 20 літраў на адзін аўтамабіль. Таксама было забаронена заліваць паліва ў каністры. З 4 чэрвеня паведамлялася пра спыненне продажу бензіну за наяўныя грошы.
Па словах мясцовых жыхароў і экспертаў, дэфіцыт паліва ўжо адбіваецца не толькі на аўтаўладальніках, але і на эканоміцы ў цэлым. Узрастаюць выдаткі на перавозкі, што можа ўплываць на цэны на прадукты і паслугі. Таксама ўзніклі цяжкасці ў расійскіх турыстаў, якія прыехалі на паўвостраў на ўласных аўтамабілях і сутыкнуліся з праблемамі пры набыцці паліва для зваротнай дарогі.
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары