Расія пераводзіць танкеры ценявога флоту пад уласны сцяг, каб засцерагчы нафтавыя перавозкі
Расія ўсё часцей пераводзіць танкеры, якія выкарыстоўваюцца для абыходу заходніх санкцый, пад уласны дзяржаўны сцяг. Раней судны так званага расійскага «ценявога флоту», што перавозяць нафту праз Паўночнае і Балтыйскае моры, хадзілі пераважна пад сцягамі іншых краін. Цяпер Крэмль, здаецца, імкнецца змяніць гэту практыку, піша Euronews.

Па словах эксперта па марской бяспецы і палітолага Яханэса Петэрса, Расія вымушаная зноў адкрыта звязваць сябе з гэтымі танкерамі, бо іх усё часцей затрымліваюць. Пад расійскім сцягам судны фактычна трапляюць пад абарону дзяржавы, а любыя дзеянні супраць іх могуць мець больш сур'ёзныя палітычныя і юрыдычныя наступствы.
Раней выкарыстанне замежных сцягоў дазваляла Маскве адмаўляць сваю сувязь з танкерамі. Расійскія вайсковыя караблі маглі суправаджаць такія судны, але прававых падстаў для ўмяшання ў іх справы ў Расіі не было. Цяпер жа вяртанне расійскага сцяга азначае, што Крэмль ужо не можа так лёгка дыстанцыявацца ад танкераў, калі супраць іх прымаюцца абмежавальныя меры.
Паводле інфармацыі амерыканскай фінансавай кампаніі S&P Global, у верасні 2026 года Расія экспартавала марскім шляхам 4,1 мільёна бараляў нафты штодня — каля 651,9 мільёна літраў. Гэта на 8% больш, чым у жніўні, і на 3% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Найбуйнейшымі купцамі расійскай нафты застаюцца Кітай і Індыя.
Выданне The Bell паведамляла, што ў верасні Расія атрымала каля пяці мільярдаў еўра даходаў ад экспарту нафты і газу. Гэта на 22% менш, чым годам раней. Нафтагазавыя паступленні маюць для Масквы асаблівае значэнне, паколькі з лютага 2022 года яна вядзе маштабную і дарагую вайну супраць Украіны.
Па словах Петэрса, змена сцяга павінна не толькі абараніць танкеры ад затрыманняў, але і стварыць нявызначанасць для іншых краін. Прыкладам такой сітуацыі стаў інцыдэнт каля нямецкага вострава Руген. 190‑метровы танкер Sled, які перавозіў расійскую нафту пад сцягам Багамскіх астравоў, ненадоўга спыніўся паміж Ругенам і дацкім востравам Мён. Як паведамляла тэлекампанія NDR, непадалёк ад яго федэральная нямецкая паліцыя заўважыла два расійскія вайсковыя караблі, якія, магчыма, суправаджалі танкер. Сярод іх быў вялікі дэсантны карабель «Аляксандр Шабалін».
Паводле даных украінскай знешняй разведкі, больш за 40% марскога экспарту расійскай нафты праходзіць праз Балтыйскае мора. У трэцім квартале 2026 года Расія, паводле звестак Кіеўскай школы эканомікі, унесла ў свой дзяржаўны рэестр 84 танкеры, якія, як мяркуецца, належаць да «ценявога флоту».
Доля танкераў гэтага флоту, што ходзяць пад расійскім сцягам, павялічылася з 4,3% у канцы 2024 года да 19,5% у пачатку 2026-га. Такім чынам, цяпер пад уласным сцягам ходзіць амаль кожнае пятае такое судна.
«Ценявы флот» пачаў фармавацца пасля ўвядзення заходніх абмежаванняў, у тым ліку эмбарга Еўрасаюза на расійскую нафту і механізму абмежавання цаны на яе. Масква спрабуе абыходзіць гэтыя меры, выкарыстоўваючы танкеры, зарэгістраваныя ў іншых краінах.
Еўрасаюз ужо ўвёў санкцыі супраць 673 суднаў, якія, як мяркуецца, належаць да расійскага «ценявога флоту». Ім забаронена заходзіць у парты краін ЕС, а еўрапейскім кампаніям — аказваць такім танкерам розныя паслугі.
Іран распрадаў усе нафтавыя запасы з танкераў па-за межамі Персідскага заліва. Цяпер яму можа быць складана
Трамп увёў «пякельныя санкцыі» супраць Расіі. І тут жа адмяніў іх
ЗША разглядаюць магчымасць змякчыць санкцыі супраць суднаў «ценявога флоту»
Судна, якое загарэлася пад Сочы — танкер расійскага ценявога флоту
Каментары