«Абвінавачванні застаюцца галаслоўнымі». Мамаева адказала Зазулінскай
Мамаева звярнулася па незалежную праверку ў Камісію па нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы і Этычную камісію КР.
Дэлегатка Каардынацыйнай рады Аляксандра Мамаева адрэагавала на абвінавачванні, якія раней у каментары «Нашай Ніве» агучыла яе калега па спісе «Еўрапейскі выбар» Вольга Зазулінская. Мамаева адхіляе прэтэнзіі, кажа, што канкрэтных доказаў ёй так і не прадставілі, і звярнулася па незалежную праверку ў Камісію па нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы і Этычную камісію КР.
Нагадаем, на мінулым тыдні «Еўрапейскі выбар» вынес Мамаевай вотум недаверу. Паводле Зазулінскай, асноўнай прычынай сталі пытанні бяспекі — нібыта «шматразовае парушэнне канфідэнцыяльнасці», «несанкцыянаванае капіяванне і перадача канфідэнцыяльнай інфармацыі трэцім асобам», а таксама тое, што калектыўная праца падавалася як асабістая. Доказы, паводле Зазулінскай, ёсць, але публічна агучваць іх у спісе адмовіліся, спаслаўшыся на бяспеку людзей.
Мамаева сцвярджае, што ёй так і не назвалі канкрэтыкі: якія менавіта паведамленні і матэрыялы, якіх людзей, каму і пры якіх абставінах яна нібыта перадавала. Такіх доказаў, паводле яе, не атрымалі ні яна, ні Камісія па бяспецы, ні Этычная камісія — а без гэтага, лічыць яна, абвінавачванні застаюцца галаслоўнымі.
Камісія па нацыянальнай і рэгіянальнай бяспецы КР, паводле Мамаевай, патлумачыла, што захоўванне ці перасылка ўнутраных матэрыялаў можа лічыцца парушэннем бяспекі толькі тады, калі робіцца дзеля перадачы інфармацыі тым, хто не мае афіцыйнага доступу, ці дзеля публічнага распаўсюду на шкоду структуры. А фіксацыя асобных паведамленняў ці скрыншотаў прызнаецца дапушчальнай, калі чалавек робіць гэта дзеля абароны рэпутацыі, фіксацыі ўнутраных парушэнняў або звароту ў Этычную камісію, Камісію па бяспецы ці кампетэнтныя органы краіны знаходжання.
Пад выглядам «канфідэнцыяльнасці», мяркуе Мамаева, ёй фактычна спрабуюць забараніць абараняцца. Яна звяртае ўвагу і на ўнутраную супярэчнасць: калі ўсё пасяджэнне было «абсалютна канфідэнцыяльным», то і сам спіс не меў права першым публічна паведамляць пра вотум недаверу і фармулёўкі пра «перасцярогі ў інтарэсах бяспекі».
Абвінавачванні ў прысваенні калектыўнай працы Мамаева адмаўляе. Паводле яе, усе справаздачы — па Кантактнай групе, працы дэлегацыі ў ПАРЕ, дзейнасці Міжнароднай камісіі — яна заўсёды накіроўвала калегам для ўзгаднення і дапаўненняў і ніводнай афіцыйнай прэтэнзіі наконт аўтарства ад іх не атрымлівала. Тут, кажа яна, «няма ні канкрэтнай пацярпелай асобы, ні канкрэтнага дакумента, ні канкрэтнай сітуацыі».
Аляксандра Мамаева была дэлегаткай КР трэцяга склікання і кіравала Міжнароднай камісіяй КР, удзельнічала ў стварэнні Народных амбасад Беларусі; з 2015 года жыве ў Славеніі. У лістападзе 2025‑га яна заяўляла пра спробы вярбоўкі з боку КДБ.
«Спасибо, Лена! Продолжайте вести наблюдение». Афіцэр, які пісаў Харысавай, пасвіўся ў чатах палітэміграцыі, а некаторым дзяўчатам нават прапаноўваў абмяняцца нюдсамі
Каментары