Доўгі час лічылася, што перадавыя будаўнічыя тэхналогіі і рэнесансныя густы прывёз на нашы землі вытанчаны майстар з Заходняй Еўропы. Аказалася, сучаснікі і нашчадкі выдумалі яму паходжанне, каб дадаць вагі яго манументальнай спадчыне. Яго ж сапраўднае паходжанне было раскрытае толькі нядаўна.

Калі адкрыць шматтомныя «Гісторыю беларускага мастацтва», «Беларускую Энцыклапедыю», энцыклапедыю «Вялікае Княства Літоўскае» або працы Алега Трусава накшталт «Старонак мураванай кнігі» ці «Манументальнага дойлідства Беларусі», усюды сустрэнецца адзін і той жа ўпэўнены радок: выбітны архітэктар Пётр Нонхарт паходзіў з Галандыі. Гэта ж паўтарае і аўтарытэтная Універсальная літоўская энцыклапедыя, называючы яго нідэрландскім дойлідам. Але сёння ўжо даказана, што гэта прыгожы міф.
У літаратуры, прысвечанай архітэктуры Вялікага Княства Літоўскага, паходжанне Пятра Нонхарта доўгі час заставалася прадметам дыскусій. Польская даследчыца Марыя Каламайская-Саед сцвярджала, што дойлід паходзіў з нямецкай мяшчанскай сям'і з Дэрпта (Тарту).
Яе калега Эўзебіуш Лапацінскі, уласнік Лявонпаля (Мёрскі раён), пайшоў яшчэ далей і лакалізаваў яго радзіму ў Нідэрландах, штучна рэканструяваўшы нават арыгінальнае гучанне прозвішча як «Nounhaard» — версію, якую пазней падтрымаў і вядомы даследчык Томаш Кемпа.

Гэты галандскі міф быў абвергнуты толькі ў 2022 годзе, калі выйшла манаграфія польскага гісторыка Каміля Фрэйліха «Пад прысудам віленскага гарадніцтва. Пра юрыдыку і яе жыхароў у XVII стагоддзі» (Pod przysądem horodnictwa wileńskiego. O jurydyce i jej mieszkańcach w XVII wieku).
Абапіраючыся на судовыя кнігі і архіўныя матэрыялы, Фрэйліх давёў, што карані архітэктара варта шукаць не на берагах Паўночнага мора, а ў рамесных кварталах Кракава. Яго бацькам з'яўляўся выхадзец з Нюрнберга, злотнік Мікалай Нонарт (Mikołaj Nonarth), які выконваў заказы Жыгімонта Аўгуста і працаваў як у польскай, так і ў літоўскай сталіцах да сваёй смерці ў 1563 годзе.
На карысць гэтай ідэнтыфікацыі сведчыць красамоўная архіўная дэталь: сястра архітэктара падпісалася пад адным з дакументаў на карысць евангелісцка-рэфармацкай царквы як Крысціна Мікалаеўна Нонхартоўна (Krystyna Mikołajówna Nonhartówna). Гэтае імя па бацьку надзейна звязвае дзяцей з кракаўскім ювелірам і ставіць кропку ў галандскай тэорыі.


Блытаніну ў біяграфію майстра ўнёс яшчэ яго сучаснік, лютэранскі пастар Андрэй Шэнфлісіус (Andrzej Schönflissius), які ў 1633 годзе ў сваім пахавальным казанні агучыў цалкам беспадстаўны радавод. Паводле слоў святара, бацькам нябожчыка быў Станіслаў, дваранін імператара Максіміліяна, а маці — нейкая Эльжбета Аксгермундын (Elżbieta Axgermundyn), якую ён пафасна назваў «гетманскай дачкой».
Але як сын кракаўскага ювеліра змог прабіцца ў эліту Вялікага Княства Літоўскага і стаць шляхцічам? Прывілей аб набілітацыі, выдадзены каралём Жыгімонтам III на варшаўскім сойме 16 красавіка 1590 года, сведчыць, што шляхецтва было нададзена Нонхарту не за выбітныя архітэктурныя праекты, а за непасрэдны ўдзел у вызваленчым паходзе Стэфана Баторыя пад Полацк, Пскоў і Вялікія Лукі.
Пры набілітацыі Пётр прыняў уласны герб «Нонарт» (Nonnart), які фактычна быў запазычаны з дакументаў яго роднага брата Станіслава, узведзенага ў шляхецкі стан у Брэслау (цяпер Уроцлаў) у 1563 годзе імператарам Максіміліянам II. Менавіта гэты эпізод з імператарскім прывілеем для брата праз дзесяцігоддзі трансфармаваўся ў пастара Шэнфлісіуса ў легенду пра прыдворную кар'еру выдуманага бацькі.
Як Пётр Нонхарт манапалізаваў будаўніцтва ў ВКЛ
Улічваючы даўнія сувязі яго бацькі з віленскім дваром Жыгімонта Аўгуста, з'яўленне Пятра Нонхарта ў Вялікім Княстве Літоўскім не выглядае выпадковым. Вядома, што да 1602 года ён ужо актыўна дзейнічаў у сталіцы, дзе кароль надаў яму ў пажыццёвае валоданне агарод, закінуты млын і тартак (гэта значыць, пільню) над Вілейкай.
Яшчэ ў 1595 годзе Нонхарт атрымаў пасаду віленскага будаўнічага, якая адкрыла перад ім доступ да найважнейшых дзяржаўных праектаў. Наступныя два дзесяцігоддзі сталі перыядам яго максімальнай прафесійнай актыўнасці. Пасля катастрафічнага пажару 1610 года, які знішчыў значную частку горада, менавіта ён у 1613 годзе заключыў кантракт з біскупам Бенедыктам Войнам і віленскай капітулай на аднаўленне катэдры, узяўшы на сябе нарыхтоўку драўніны і стварэнне новага даху.
Паралельна майстар кіраваў рамонтам пацярпелага ад агню Ніжняга замка і асабіста адказваў за цяслярскія працы пры ўзвядзенні капліцы Святога Казіміра — шэдэўра барочнай архітэктуры. Дзеля забеспячэння гэтых маштабных будоўляў Нонхарт рэгулярна выпраўляўся ў Каралявец і Эльбінг, адкуль арганізоўваў пастаўкі мармуру і наймаў транспартныя караблі ў Коўне.

Яго талент і арганізатарскія здольнасці не абмяжоўваліся сталіцай. Па заказе падчашага вялікага літоўскага Януша Радзівіла ў 1611 годзе ён падпісаў кантракт на ўзвядзенне збору ў Койданаве (сённяшні Дзяржынск), а пазней працаваў над стварэннем надмагілляў для прадстаўнікоў гэтага магнацкага роду ў Дубінках (па-літоўску гэтае паселішча цяпер называецца Дубінгяй).
У 1632 годзе Нонхарт узяўся за выраб мармуровага надмагілля ў касцёле бернардзінцаў у Іўі па заказе ваяводы мсціслаўскага Мікалая Кішкі.

Да ўсяго іншага, як даводзяць гісторыкі, менавіта ён займаўся перабудовай знакамітай Вострай брамы ў Вільні, стварыўшы яе культавы рэнесансны атык.
Апагеем яго адміністрацыйнай кар'еры стала 21 сакавіка 1619 года, калі да пасады будаўнічага дадаўся яшчэ і ўрад віленскага гараднічага, што сканцэнтравала ў яго руках фактычны кантроль над усёй каралеўскай маёмасцю і будаўнічымі працэсамі ў галоўным горадзе дзяржавы.
Лютэранін, які быў сваім для ўсёй Вільні
Памылкова было б лічыць, што Пётр Нонхарт жыў выключна дзяржаўнымі будоўлямі. З часам сын кракаўскага ювеліра ператварыўся ў аднаго з найзаможнейшых людзей сталіцы і яе ваколіц.
Спіс яго ўладанняў няспынна пашыраўся. Яшчэ ад караля Стэфана Баторыя ён у спадчыну ад брата Станіслава атрымаў маёнткі ў Інфлянтах, а пазней пачаў актыўна скупляць нерухомасць у самой Вільні.
Нонхарт валодаў камяніцай на скрыжаванні вуліцы Замкавай (цяпер Pilies gatvė) і Скопаўкі (Skapo gatvė), якая ў 1597 годзе была вызвалена ад абавязку вайсковага пастою, і яшчэ адной на вуліцы Рудніцкай (Rūdninkų gatvė). У 1619 годзе ён набыў у віленскага падкаморага Яна Альфонса Ляцкага вялікі двор на Антокалі, дзе, мабыць, замяніў старую драўляную рэзідэнцыю на мураваны палац. Палац Сапегаў на Антокалі, які нядаўна дбайна, як літоўцы ўмеюць, адрэстаўравалі, стаіць на месцы той рэзідэнцыі Нонхарта, якая пасля згарэла, і Сапегі яе перабудавалі.
Але галоўным набыткам Нонхарта стала купля ў 1594 годзе маёнтка Гайцюнішкі каля сучаснага Воранава. Менавіта там у 1611—1612 гадах ён узвёў для сябе знакаміты мураваны дом-крэпасць, які стаў архітэктурным адбіткам яго ўласных густаў.
Асобнай старонкай жыцця Нонхарта была рэлігія. Ён заставаўся перакананым лютэранінам, але разам з тым яго другой жонкай была кальвіністка Рохля Шэметаўна, якая прынесла яму маёнткі Дзявяльтава (сённяшняя Дзялтува — каля Вількаміра) і Мілашуны каля яго.
Яго вера падмацоўвалася канкрэтнымі ўчынкамі і грашыма. Калі ў 1610 годзе пробашч каталіцкага касцёла Святых Янаў паспрабаваў прымусіць некалькіх евангелістаў плаціць падаткі на ўтрыманне каталіцкіх святынь, менавіта Нонхарт стаў на абарону сваіх адзінаверцаў і давёў справу да паспяховага ўмяшання караля.

У 1633 годзе, прадчуваючы хуткі адыход, ён склаў тастамент, у якім ахвяраваў сем тысяч злотых на будаўніцтва мураванага лютэранскага збору ў сваіх Гайцюнішках, а таксама запісаў 1770 злотых віленскай грамадзе, яе школе, шпіталю і пастарам. Яшчэ раней дзякуючы яго фінансавай падтрымцы віленскі пастар Самуэль Дамброўскі змог выдаць «Хрысціянскую пастыллу» (гэта значыць збор казанняў, тлумачэнняў Евангелля), прысвечаную сястры караля Жыгімонта III, шведскай прынцэсе і лютэранцы Ганне Вазе.
Аднак Нонхарт зусім не быў рэлігійным фанатыкам. Наадварот, у стракатым і іншым разам бурлівым віленскім грамадстве ён дэманстраваў дзіўную здольнасць да кампрамісаў і шчыльна супрацоўнічаў з каталіцкімі біскупамі і капітулай, адбудоўваючы іх галоўную святыню.
Пётр Нонхарт памёр 18 лютага 1633 года. Яго пахаванне ў Гайцюнішках ператварылася ў маніфестацыю рэлігійнай талерантнасці і сведчанне яго вялізнага аўтарытэту. Як адзначаў пастар Шэнфлісіус, правесці яго ў апошні шлях сабраўся ўвесь цвет Вялікага Княства: сенатары і ўраднікі, каталікі, кальвіністы і лютэране, мяшчане і шляхта. Сярод галоўных жалобнікаў стаялі слаўны віленскі ваявода і вялікі гетман літоўскі Леў Сапега разам з віленскім земскім суддзёй Юрыем Зяновічам.
Што засталося ад спадчыны Пятра Нонхарта
Ад будаўнічай манаполіі Пятра Нонхарта да нашых дзён дайшло няшмат. І калі яго творы ў Вільні яшчэ вызначаюць аблічча горада, то лёс праектаў майстра на тэрыторыі сучаснай Беларусі склаўся трагічна.

Комплекс у тагачасным Койданаве (сучасны Дзяржынск) знік цалкам. У 1611 годзе архітэктар падпісаў кантракт з падчашым вялікім літоўскім Янушам Радзівілам, пасля чаго на Гаштольдавай гары пачалося ўзвядзенне мураванага збору. Разам з дзевяцівежавым замкам ён утвараў адзіны абарончы і рэлігійны ансамбль. У 1920‑я гады краязнаўца Міхась Адзярыха яшчэ знаходзіў у вежы збору ўмураваную бляшаную шыльду з датай «1613 год». Аднак у 1930—1950‑я гады саветы дашчэнту разабралі помнік готыкі і рэнесансу на цэглу для мясцовых новабудоўляў, і нават скапалі пагорак. Сёння на гэтым месцы застаўся толькі невялікі астатак, які хавае падмуркі былога збора.

Уласнай рэзідэнцыі Нонхарта ў Гайцюнішках пашчасціла трохі больш — яе муры ўстаялі, хоць функцыя змянілася кардынальна. Пасля смерці майстра дом-крэпасць перайшоў да навагрудскага ваяводы Юрыя Храптовіча, які ажаніўся з дачкой архітэктара Зузанай. Цягам стагоддзяў маёнтак мяняў уладальнікаў: Храптовічы, Шротары, Остэн-Сакены, Рымшы. Побач з крэпасцю стаяў узведзены Нонхартам пратэстанцкі збор, у сутарэннях якога хавалі ўладальнікаў маёнтка. У сярэдзіне XX стагоддзя храм зруйнавалі, а з цэглы зрабілі гаспадарчыя пабудовы для школы механізатараў, якую размясцілі ў самім доме-крэпасці.
У 1960‑я гады ў мурах рэнесанснай крэпасці адкрылі абласную псіхіятрычную бальніцу. А ў 1989 годзе сюды перавялі спецлячэбніцу. Сёння за паўтараметровымі сценамі, спраектаванымі галоўным будаўніком Вялікага Княства, працуе Рэспубліканская псіхіятрычная бальніца для асоб, якія здзейснілі злачынствы ў стане псіхічнага разладу.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ«Галандскі архітэктар», які адбудаваў Вострую браму і паставіў сабе дом-крэпасць у Гайцюнішках, аказаўся ніякім не галандцам. Але яго спадчына захапляе
Каментары