Прэзідэнцкі спартыўны клуб Дзмітрыя Лукашэнкі стварыў мерч для беларускіх ВНУ
У 2017—2018 гадах адразу ў трох вышэйшых навучальных установах Беларусі з’явіўся свой універсітэцкі мерч з фірмовай сімволікай — брэндаванае адзенне і сувенірная прадукцыя. Продаж ішоў праз студэнцкія крамы ў карпусах ВНУ.

Першапраходцам стаў БДУІР. Следам за ім падцягнуліся Медуніверсітэт і БНТУ. Як паведамляла прэс-служба БДУІР, «ідэю стварыць такі пункт прапанавала кампанія «Універсітэцкія традыцыі», якая, у сваю чаргу, пераняла яе з досведу еўрапейскіх ВНУ».
«Бюро» высветліла, што ў момант адкрыцця пунктаў з мерчам «Універсітэцкія традыцыі» мелі трох уласнікаў. Першы — Прэзідэнцкі спартыўны клуб, бяззменным кіраўніком якога больш за дваццаць гадоў з’яўляецца Дзмітрый Лукашэнка.
Другая фірма — «Саюзтрэйд». Яе асноўны від дзейнасці — гуртовы гандаль іншымі бытавымі таварамі. Аднак мы высветлілі, што кампанія з’яўляецца партнёрам «Яндэкс.Таксі» — яна мае ўласны аўтапарк і займаецца падборам і наймам кіроўцаў. Фірму заснаваў Яўген Кукушкін. Вывучыўшы яго біяграфію, «Бюро» можа сцвярджаць, што фірма «Саюзтрэйд», як і сам Кукушкін, звязаныя з Дзмітрыем Лукашэнкам.
Яўген Кукушкін быў выхаванцам СДЗЮШАР «Юнацтва» — адной з самых тытулаваных хакейных школ Беларусі, якая выпусціла мноства зорак нацыянальных зборных, НХЛ і КХЛ. У пачатку 90‑х ён нават спрабаваў рабіць прафесійную кар’еру ў хакеі, але пасля падаўся ў дзяржапарат.

Дзякуючы Альянсу расследавальнікаў Беларусі журналісты даведаліся, што ў пачатку нулявых Яўген Кукушкін займаў пасаду інспектара ў камітэце па каштоўных паперах пры Савеце міністраў РБ. Але ў 2002 годзе яго затрымалі супрацоўнікі КДБ за спробу прадаць «расійскім бізнэсоўцам» вайсковую дзяржаўную таямніцу пра дзейнасць абароннага прадпрыемства «Пеленг». На ўгодзе Кукушкін планаваў зарабіць 4,3 тысячы даляраў.
Кукушкіна асудзілі на 5 гадоў паводле артыкула 433 КК РБ — атрыманне незаконнага ўзнагароджання службоўцам дзяржапарату. Аднак, як высветліла «Бюро», экс-чыноўнік не сеў, а атрымаў тыя самыя 5 гадоў умоўна. У 2004 годзе, калі скончыўся выпрабаваўчы тэрмін, судзімасць яму анулявалі.
Пасля скандалу з крымінальнай справай Яўген Кукушкін вярнуўся ў спорт. Ужо ў пачатку дзясятых ён гуляў за аматарскую хакейную каманду «Рубеж» на пазіцыі абаронцы. У адкрытых крыніцах няма інфармацыі, што ён займаў у клубе нейкую адміністрацыйную пасаду, аднак мы высветлілі, што юрасоба «Рубяжа» была звязаная з нумарам тэлефона Кукушкіна.
Паралельна з гэтым ён развіваў у Беларусі жаночы хакей — быў генеральным дырэктарам адзінага ў Беларусі жаночага хакейнага клуба «Пантэра». Каманда праіснавала з 2010 да 2013 года і была расфармаваная з-за адсутнасці фінансавання.
Як мінімум апошнія чатыры гады Яўген Кукушкін займае пасаду старшыні савета ў аматарскай хакейнай камандзе «Шчыт». У 2025 годзе ён таксама значыўся ў «Шчыце» як трэнер на 0,25 стаўкі — яго месячны аклад складаў 1860,6 беларускага рубля. Менавіта ў гэтай камандзе гуляе ягоны партнёр па студэнцкіх крамках з мерчам — Дзмітрый Лукашэнка. Адрас рэгістрацыі юрыдычнай асобы «Шчыта» — у суседнім кабінеце з «Універсітэцкімі традыцыямі», у інтэрнаце БНТУ на праспекце Незалежнасці, 63.
Трэцяя фірма, якая валодала «Універсітэцкімі традыцыямі», — ЗАТ «Аблрапсаграсэрвіс». Гэтая юрыдычная асоба займаецца вытворчасцю алеяў і шроту. Структура ўласнасці ЗАТ не прадугледжвае раскрыцця канцавых бенефіцыяраў, аднак «Аблрапсаграсэрвіс» звязаны з электроннай поштай [email protected].

Гэты адрас выкарыстоўваўся для рэгістрацыі некалькіх юрыдычных асоб, звязаных з Яўгенам Кукушкіным і Дзмітрыем Лукашэнкам: «Універсітэцкія традыцыі», «Аматарскі клуб «Шчыт» і «Спорт-сістэм». Апошняя валодала доляй ва «Універсітэцкіх традыцыях» да «Аблрапсаграсэрвіса». З 2011 да 2023 года «Спорт-сістэм» у розны час валодалі юрыдычныя асобы хакейных клубаў «Рубеж» і «Шчыт», якія таксама звязаныя з Кукушкіным і Лукашэнкам.
Такім чынам, усе тры ўласнікі, якія адказвалі за стварэнне і продаж мерчу беларускіх ВНУ, наўпрост ці ўскосна звязаныя з сярэднім сынам Аляксандра Лукашэнкі.
«Бюро» вывучыла фінансавую справаздачнасць «Універсітэцкіх традыцый», каб ацаніць, наколькі прыбытковай была ідэя адзець беларускіх студэнтаў у мерч сваіх альма-матар. На жаль, рэдакцыя не мае дакументацыі за перыяд адкрыцця шопаў. Аднак фінансавыя дадзеныя пачынаючы з 2023 года таксама вельмі паказальныя.
У 2023 годзе выручка «Універсітэцкіх традыцый» склала 52 тысячы рублёў, а чысты прыбытак — усяго дзве тысячы рублёў.
У наступныя гады фінансавая сітуацыя значна пагоршылася. У 2024 годзе кампанія атрымала ўжо 10 тысяч выручкі і страты на 5 тысяч рублёў. 2025 год «Універсітэцкія традыцыі» скончылі з даходам 6 тысяч рублёў і чыстым прыбыткам на 3 тысячы рублёў.
Тое, што бізнэс-ідэя правалілася, уладальнікі, здаецца, зразумелі яшчэ раней. Акаўнты шопаў у «Інстаграме» перасталі абнаўляцца з 2022 года. У лютым 2024 года «Універсітэцкія традыцыі» закрылі ўсе стацыянарныя пункты і зарэгістравалі опцыю гандлю без выкарыстання гандлёвага аб’екта — цяпер замовы, калі такія маюцца, ажыццяўляюцца праз асабістыя паведамленні ў сацыяльных сетках.
Каментары