«Не твая жанчына табе павінна. Ты ёй павінен, зразумей гэта», — піша ў фэйсбуку Аляксандр Фядута, і можна здагадацца, да каго ён звяртаецца.

Пачалася тут у «мордакнізе» спрэчка пра тое, што вось людзі пакутавалі, выйшлі на волю, дык ці павінны ім нешта ці не павінны, і як ім увогуле сябе паводзіць пасля гэтага.
Без пераходу на асобы. Па сутнасці паводзінаў.
Хлопцы, нам ніхто нічога не павінен. Калі мы сядзелі за свае перакананні, а цяпер патрабуем, каб нам нехта нешта кампенсаваў, значыць, грош цана нашым перакананням.
Дапамаглі са здароўем — дзякуй. Дапамаглі на першы час, пакуль ты сам не сарыентаваўся ў жыцці, — таксама дзякуй. Папрасіў сабраць на нейкі час грошы на аплату жылля, сабралі праз БайСол ці іншую структуру — яшчэ большы дзякуй.
Але рабіць выгляд, што ты, сядзелец і пакутнік, сёння на нешта маеш больш правоў, чым астатнія, — братцы, ну недарэчна гэта неяк.
Пра адносіны з блізкімі людзьмі. Было каханне, яны табе дапамагалі, як маглі, часта адрываючы ад сябе. Будзь ім удзячны за гэта. Умей знаходзіць словы, каб выказаць сваё каханне і сваю ўдзячнасць. Умей рабіць учынкі, якія падтрымлівалі б гэтыя пачуцці.
Але зразумей пры гэтым: ты сядзеў у мінулым часе, які для цябе спыніўся. А яны рухаліся разам з абставінамі. Ты застаўся ранейшым, яны змяніліся. І калі гэта цябе сёння кідае ў шок, калі ты гатовы парваць з імі толькі таму, што цябе недаацанілі, — прабач, мужык, але ты апошняя сволач. Нават расставацца трэба ўмець і мець для гэтага сілы. А для таго, каб заставацца разам з той, якая жыла ўсе гэтыя гады, пакуль ты знаходзіўся ў анабіёзе, трэба яшчэ больш сіл. Зразумей гэта і будзь мужным.
Для мяне прыклад у гэтым сэнсе — Зміцер Дашкевіч. Чалавек, які зразумеў, як многім ахвяравала дзеля яго ягоная Наста, і ўжо ў зняволенні ахвяраваў дзеля яе — магчымай «рэпутацыяй», гатоўнасцю рабіць тое, што лічылася немагчымым, няправільным, «некашэрным».
Падумай, чым ахвяраваў ты. Не дзеля сябе, не дзеля Радзімы (Радзіма якраз можа і не ацаніць). А дзеля яе. Дзеля той, якую кахаў. Калі кахаў, вядома.
Не твая жанчына табе павінна. Ты ёй павінен, зразумей гэта. Проста таму, што яна пра цябе памятала. І, магчыма, кахала.
Калі кахала.
Калі ты сам не зрабіў нічога, каб колішняе пачуццё ператварылася з часам у пачуццё абавязку, якое абцяжарвае і яе, і цябе. А то і ўвогуле не знікла.
Увогуле, не свет павінен прагінацца пад нас — мы павінны навучыцца жыць у гэтым новым для нас свеце.
Неяк так.
* * *
Тэксты ў рубрыцы «Меркаванні» могуць супадаць, а могуць і не супадаць з пазіцыяй Рэдакцыі.
-
«Мы будзем памятаць яе маладой» і «Гэта ж Дзмітры Рабаў!» Што яшчэ людзі пішуць пра новую версію «Быхаўскай мадонны»?
-
Цыганкоў: Рост аўтсайдарства мужчын, іх сыход у парнаграфію і анлайн-гульні — новая праблема чалавецтва
-
Статкевіч пра Ціханоўскага: Ты патрэбны Беларусі. Вяртайся да сябе хутчэй, герой
Каментары