Грамадства

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю

«Табе ніхто не дапамагаў?» — «Ніхто». — «А колькі грошай ты атрымаў?» — «Тысяч адзінаццаць». Але, халера, усё адно ніхто не дапамог. Шчырая і часам вельмі смешная гутарка з «Віктарам».

Ілюстрацыйнае фота. Калаж: «Наша Ніва»

Каб быць «Беларускай агентурай», мала мець шмат вольнага часу, моцных нерваў і гумару. Патрэбныя яшчэ бонусы за шкоднасць.

— Малако? — перапытвае адміністратар канала. — Якое малако? Тут ужо этылавы спірт патрэбны.

Тэлеграм-канал «Беларуская агентура» глядзіць за іншых шматгадзінныя стрымы Сяргея Пятрухіна і Сяргея Ціханоўскага, калекцыянуе фэйкі, недарэчныя заявы, а пасля перапакоўвае ўсё гэта ў жарты і допісы ў стылі спецслужбісцкай зводкі.

Асноўныя героі канала — людзі, якія лічаць галоўнай праблемай Беларусі і беларусаў не дыктатуру, не расійскі кантроль, не Лукашэнку, а Святлану Ціханоўскую, і якія лічаць, што ім недадалі грошай і ўвагі.

Пакуль у тэлеграм-канала невялікая аўдыторыя (350 падпісчыкаў), але яго пасты часта абмяркоўвае палітызаваная аўдыторыя.

Хто стаіць за каналам, дакладна невядома. Адміністратар пагадзіўся даць «Нашай Ніве» інтэрв’ю, але сапраўднага імя не раскрыў.

— У мяне шмат імёнаў. Давайце для гутаркі я буду «Віктарам».

Ён шмат смяецца, яшчэ больш іранізуе і прызнаецца, што перад сном слухае кружочкі аднаго са сваіх любімых персанажаў. «Віктару» няма трыццаці. У Беларусі ён вучыўся ў педагагічным універсітэце, вёў блог, удзельнічаў у пратэстах, прайшоў праз Акрэсціна, СІЗА і хімію. Цяпер жыве ў Літве і разам з некалькімі аднадумцамі падсвечвае дзейнасць пэўнага пласта беларускай палітычнай эміграцыі.

«У эміграцыі я чакаў убачыць людзей, якія ўсё яшчэ хочуць змагацца»

— Пачнём па вашых жа правілах: псеўданім, легенда, прыкрыццё. Што можаце расказаць пра чалавека, які стаіць за «Беларускай агентурай»?

— Да сілавых структур я дачынення не маю (смяецца). Вы хіба здзівіцеся, але я вучыўся ў педагагічным універсітэце. 

У Беларусі я вёў невялікі блог, удзельнічаў у мітынгах, пісаў пра іх. Меў адміністрацыйныя аршты, пасля — крымінальную справу. Прайшоў праз Акрэсціна, СІЗА, пасля атрымаў хімію. Мяне двойчы прымушалі запісваць пакаяльныя відэа. Першае — калі толькі прывезлі ў аддзяленне, другое — пасля Акрэсціна. Цяпер я ў вымушанай эміграцыі ў Літве. 

— Раскажыце, як і чаму з’явілася «Беларуская агентура»?

— Калі я ехаў у Літву, думаў: вось зараз прыеду, а тут усе такія зараджаныя, усе адзін за аднаго, усе ў адзіным парыве змагаюцца супраць Лукашэнкі і хочуць вярнуцца ў Беларусь. Калі сур'ёзна, чакаў, што тут будуць людзі, для якіх 2020 год не застаўся ў мінулым.

Прыехаў і трапіў у каляпалітычную тусовачку. [І яны] мне пачалі вешаць на вушы: тут крадуць, там нікому не дапамагаюць, нармальных палітвязняў кінулі, усе пілуюць, пілуюць і пілуюць гранты. Не скажу, што я адразу ў гэта паверыў, але падумаў: а раптам сапраўды праклятыя грантасосы крадуць грошы?

Зноў зарэгістраваўся ў фэйсбуку і пачаў разбірацца, што тут наогул адбываецца. Уважліва глядзеў Сяргея Пятрухіна, Віталя Кандраценку, вядомага як Вірус, ды іншых. І ў нейкі момант зразумеў: нешта тут не сыходзіцца. Добра, праблемы сапраўды ёсць. Але як яны прапануюць іх вырашаць? Аказалася — ніяк. Толькі крычаць яшчэ гучней.

Блогер Сяргей Пятрухін падчас аднаго са стрымаў. Ілюстрацыйнае фота

[Гэтую] найбольш крыклівую частку палітычнай эміграцыі я называю «свядамітамі». Уся іх дзейнасць будуецца на хейце. Без канструктыўных прапаноў, уласных дзеянняў і спробаў нешта рабіць.

Я нармальна стаўлюся да крытыкі. Але яна павінна быць канструктыўнай, па фактах, і прыводзіць да нейкіх карысных вынікаў.

Нашы медыя пераважна ігнаруюць гэты феномен, не хочуць уступаць з імі ў палеміку, спрачацца, нешта даказваць. А іх дзейнасць тым часам разрастаецца і ўплывае на пэўную частку іншых людзей, тых жа былых палітвязняў.

Нехта павінен быў ім адказаць. Так і з’явілася «Агентура».

— Чаму менавіта такая назва — «Беларуская агентура»?

— Усё дзякуючы Зянону Пазняку. Я часта яго глядзеў. Не тое каб я быў яго фанатам, проста ён забаўны дзядуля. І вось ён увесь час казаў: агентура, агентура, агентура.

Я падумаў: прыкольна, трэба гэта неяк абыграць. А якая яшчэ агентура можа быць, калі не беларуская? Я з Беларусі, я беларус.

Зянон Пазняк, безумоўна, значная, культавая фігура ў сучаснай беларускай гісторыі. Адзін з першых, хто сур’ёзна супрацьстаяў лукашэнкаўскай сістэме. Раней ён мне нават падабаўся.

Але трэба ўмець своечасова адыходзіць ад спраў. Як у спорце: сысці, пакуль цябе памятаюць моцным. Пазняк амаль трыццаць гадоў не жыве ў Беларусі, але працягвае з сур’ёзным выглядам тлумачыць, што адбываецца ў краіне, чым жывуць беларусы і што ім насамрэч патрэбна.

Я сам адносна нядаўна з’ехаў і ўжо не бяруся ўпэўнена меркаваць, што цяпер адбываецца ў Беларусі. А тут чалавек не жыве там трыццаць гадоў — і ўсё роўна ўсё ведае. Цяперашні Пазняк нагадвае дзядулю каля пад’езда, які бурчыць, што моладзь пайшла не тая і краіну зноў ратуюць няправільна.

Таму Пазняк, безумоўна, малайчына. Але той Пазняк, які застаўся ў мінулым.

— Ёсць розныя версіі, хто вы. Напрыклад, што былы сілавік. 

— Я не лукашэнкаўскі сілавік. Хаця чалавек я, вядома, моцны. 

Пра мяне ходзіць шмат тэорый. У маёй ролі ўжо бачылі і нейкага маглёўскага актывіста Бодзілева, і Сяргея Бяспалава, і нават Міколу Дзядка. Але ўсё міма: я абсалютна непублічны чалавек.

Твар я не паказваю не таму, што баюся: маўляў, сустрэнуць на вуліцы і адлупцуюць. Проста не хачу даваць ім матэрыял для плётак. Даведаюцца, хто я, убачаць фота — і панеслася: педафіл, наркаман, агент, чалавек Вячоркі, яшчэ і спіць з ім. Навошта мне гэта? Я нармальны чалавек. Я не маю дачынення ні да Офіса, ні, крый Божа, да сілавых структур.

Да таго ж мая маці застаецца ў Беларусі. І гэта яшчэ адна важкая прычына, чаму мне пакуль лепш не раскрываць сябе.

Хаця спакуса ёсць.

Часам вельмі хочацца ўключыць камеру, паказаць твар і сказаць усім: «Дэбілы вы». Пакуль трымаюся.

— Колькі чалавек робіць канал?

— Нас некалькі. Раней мы не былі знаёмыя, каманда сабралася ўжо вакол «Агентуры». У ацэнках асобных персанажаў нашы погляды могуць разыходзіцца, але ў галоўным мы аднадумцы і рухаемся ў адным кірунку.

— А нейкае фінансаванне ў канала ёсць? Хаця б на малако — за шкоднасць.

— Якое малако? Тут ужо этылавы спірт патрэбны (смяецца).

Ніякай фінансавай падтрымкі ў нас няма. Мы ж супраць грантасосаў!

Усё гэта робіцца па фане, у вольны час, гэта ж весела. Звычайны допіс магу напісаць, пакуль кудысьці еду. Калі робім невялікае расследаванне, трэба нешта нарэзаць, прыгожа змантаваць — на гэта можа сысці дзве-тры гадзіны.

Часам назапашваецца стомленасць. Не хочацца пастаянна знаходзіцца ў гэтым брудзе. Думаю: я ж звар’яцею, калі ўвесь час буду бачыць свет праз такую прызму. Але хто, калі не мы?

«Мне перад імі не сорамна. Можна нават больш жорстка»

— Якую «аперацыю агентуры» лічыце самай удалай?

— Адна з першых, якая прыходзіць у галаву — гісторыя з Вольгай Карач, якую мы зрабілі публічнай. Яна вельмі недаацэненая.

Гэта быў адзін з першых матэрыялаў, які добра разышоўся. Гісторыя адбылася яшчэ ў 2023 годзе. Былыя палітвязні збіраліся пераязджаць і часова пакінулі ў двары асабістыя рэчы, складзеныя ў каробкі.

Суседка Алена Дзядзюля, звязаная з ініцыятывай Re:Belarus, паведаміла пра гэтыя каробкі Вользе Карач. І тая прыехала на прыватную тэрыторыю разам з паліцыяй і сваёй кампаніяй, у тым ліку з Аленай Дзядзюляй і Аляксандрам Бабко. Яны падазравалі, што людзі нібыта прысвоілі гуманітарную дапамогу ад «Нашага дома». У якасці аргумента былі «чуткі».

Паліцыі, праўда, чутак аказалася недастаткова. Людзі добраахвотна паказалі каробкі. Сярод рэчаў там была і вопратка, атрыманая як гуманітарная дапамога, і іх уласныя рэчы, набытыя шмат гадоў таму. Ніякага крадзяжу на месцы не выявілі, паліцыянты паглядзелі на ўсё гэта і з’ехалі.

«Наш дом» раней сапраўды перадаў аднаму з гэтых людзей вялікую колькасць вопраткі. Паводле дакументаў, каля 500 кілаграмаў. Але дапамогу перадалі бясплатна. Пасля гэтага прыехаць з паліцыяй і патрабаваць яе назад — цудоўны сюжэт, які мы падсвяцілі.

Гэта смешна: чалавек называе сябе сусветна вядомай праваабаронцай, абаронцай усіх пакрыўджаных і сур’ёзным палітычным гульцом — і прыязджае з паліцыяй інспектаваць каробкі з-пад бананаў.

Вольга Карач выйшла ў эфір разам з сабачкам. Ілюстрацыйнае фота

Вольга Карач наогул дзіўны персанаж. Літоўскія спецслужбы лічаць яе пагрозай нацыянальнай бяспецы праз сувязі з расійскай разведкай, але сама яна працягвае падаваць сябе як сур’ёзнага палітычнага гульца і расказваць астатнім, як ім жыць.

«Свядамітаў» гэты факт не хвалюе. Уявіце, калі б падобны кейс быў у Святланы Ціханоўскай ці Франака Вячоркі. Іх бы ўжо разарвалі.

— А ёсць допіс, за які вам няёмка?

— Шчыра думаў пра гэта, але не знайшоў. Можа, недзе мы перагнулі. Але пераважна бяром тое, што людзі самі кажуць. Там нават дадумваць нічога не трэба.

Не магу сказаць, што мне перад імі няёмка. Можна было і больш жорстка.

Але наогул мне падабаюцца нашы героі. Напрыклад, Леанід Мышленнік. Мой любімы, проста абажаю яго.

— Чым заслужыў?

— У 2020 годзе ён нападпітку прычапіўся да амапаўца, хаця да пратэстаў дачынення амаль не меў. Раней публікаваў у сябе «георгіеўскія стужкі», перажываў за сепаратыстаў на Данбасе, лічыў Пуціна добрым.

А потым раптам стаў не проста палітвязнем, а невядомым салдатам барацьбы за незалежнасць Беларусі. Паступіў па праграме Каліноўскага на рускую філалогію. Цяпер яго высяляюць з Польшчы, але ён усё роўна герой.

Калі ён запісвае кружочкі, я часам уключаю іх перад сном. Так, я хворы чалавек. Абсалютна адмарожаны.

Леанід Мышленнік. Скрыншот з ягонага відэа

«Нападаць на Офіс бяспечна, ён не адкажа»

— Як вы разумееце феномен гэтых людзей? Чаму аб'ектам іх нападак стаў не Лукашэнка, а Ціханоўская і Вячорка?

— Па-першае, таму што гэта бяспечна: Офіс ім не адкажа.

Па-другое, хто будзе чытаць іхныя звычайныя допісы? Значна выгадней знайсці злыдня і расказваць асабліва ўспрымальным людзям: вашы грошы скралі, на вас нажываюцца, вы бядуеце, пакуль нехта шыкуе. І такая гісторыя заўсёды знаходзіць сваю аўдыторыю.

Ну і, вядома, ёсць банальная зайздрасць. Нехта ездзіць на сімпозіумы, сустракаецца з еўрапейскімі палітыкамі, а чалавек сядзіць і думае: «Чаму не я?» Яму не прыходзіць у галаву, што той іншы нешта для гэтага зрабіў, нечаму навучыўся і ў нечым сапраўды разбіраецца. Куды прасцей паверыць у міфічную тусовачку, якая падзяліла паміж сабой усе гранты і цяпер нажываецца на бедных палітвязнях.

Пасля пытаешся: «Табе ніхто не дапамагаў?» — «Ніхто». — «А колькі грошай ты атрымаў?» — «Тысяч адзінаццаць». Але, халера, усё адно ніхто не дапамог: кватэру не аплачвалі, кінулі на волю лёсу, ледзь не паміраць пакінулі.

Я прыехаў у Вільню звычайным непублічным чалавекам — і мне дапамагалі. Пры гэтым ніхто нічога не патрабаваў узамен. Таму я не разумею гэтых размоў пра тое, што тут нібыта нікому не дапамагаюць.

Усё гэта нагадвае пралетарскую барацьбу з буржуямі. Толькі ўласнай станоўчай праграмы ў гэтых рэвалюцыянераў няма. Ёсць крытыка дзеля крытыкі, праглядаў, лайкаў і каментароў.

— Дзе праходзіць мяжа паміж нармальнай крытыкай і дзейнасцю, якая ўжо дапамагае рэжыму?

— Калі ты разбіраеш праблему і прапануеш, як яе вырашыць, — гэта добрая і патрэбная крытыка. А калі проста лаеш усіх навокал — які ў гэтым сэнс? Куды мы прыйдзем, калі ўсе сядзем і пачнём крытыкаваць адно аднаго, нічога не прапаноўваючы?

Я пытаўся ў іх: добра, вам не падабаецца Офіс. Мне там таксама шмат што не падабаецца. Але што канкрэтна вы прапануеце? У адказ мяне паслалі на тры літары. Зрэшты, на ўсе канкрэтныя пытанні ў іх адзін універсальны адказ. Калі ловіш іх на хлусні, паказваеш нестыкоўкі ці просіш назваць крыніцу чарговага фэйка — адказ той самы.

Я зусім не супраць альтэрнатывы Офісу. Стварыце яе — і я буду тапіць за вас. Але ім для гэтага спачатку трэба даць грошы, памяшканне, забяспечыць адпаведны атмасферны ціск і правільны кірунак ветру.

Ім значна камфортней у ролі людзей, якія сядзяць збоку і абвяшчаюць: усё дрэнна, усё прапала, нас зноў прадалі, а змоўшчыкі з Офіса ўжо дзеляць чарговы грант.

«Большасць — карысныя ідыёты»

— Калі падзяліць гэтае асяроддзе на агентаў, карысных ідыётаў і беспрынцыповых людзей, якая атрымаецца прапорцыя?

— Большасць — карысныя ідыёты. Пераважна падпявалы на другасных ролях. А беспрынцыповымі я лічу амаль усіх.

Ці ёсць сярод іх агенты? Я не сцвярджаю, што Сяргей Пятрухін — стопрацэнтны агент, але часам вельмі на тое падобна.

А вось Дзмітрыя Скіндзерава я лічу агентам. Падкрэслю: гэта выключна маё меркаванне, доказаў у мяне няма — ні выпісак з КДБ, ні папер аб вярбоўцы. Але чалавек узяўся невядома адкуль і адразу пачаў займацца правакацыямі. То падыдзе да Дзяніса Кучынскага з пытаннем: «Калі мы дадому паедзем?», то расказвае пра дванаццаць заведзеных на яго крымінальных спраў. Якія дванаццаць спраў? Што ты расказваеш людзям?

Спачатку запісвае правакацыйны тыкток дзеля лайкаў, а пасля падае сябе як сур’ёзнага палітычнага дзеяча і сцвярджае, што Святлана Ціханоўская прасіла ў яго парад. Сур’ёзна?

Дзмітрый Скіндзераў

Прабачце, Скіндзераў выклікае ў мяне зашмат эмоцый. Я амаль год варуся ва ўсім гэтым, але іх нахабства і дурасць штораз здзіўляюць мяне, нібыта ўпершыню.

— Хто з іх сапраўды небяспечны?

— Сяргей Пятрухін, бо ён найбольш медыйны і мае ўласную аўдыторыю.

Такія людзі метадычна ўкладаюць у галовы найбольш уразлівай часткі эміграцыі простую думку: усё прапала, усё скралі, змагацца няма сэнсу.

Пятрухін распаўсюджвае фэйкі і правакацыйныя ўкіды, ён неаднойчы казаў, што Лукашэнка лепшы за Святлану Ціханоўскую, а яна нібыта пабудавала дыктатуру, яшчэ горшую за лукашэнкаўскую. І хочацца спытаць: што ты вярзеш? Ён нясе аўдыторыі сваю лухту, а людзі слухаюць — і дурнеюць разам з ім.

— Ці не перабольшваеце вы іх значэнне? Магчыма, яны існуюць у сваёй невялікай інфармацыйнай бурбалцы?

— Не. Калі нешта баліць, нельга рабіць выгляд, што ўсё пройдзе само. Трэба ісці да доктара. Звяртайцеся ў «Агентуру» — мы палечым.

«Мы не праофісныя. Мы — андэграўнд»

— Вас часам называюць праофісным каналам.

— Мы дакладна не праофісныя. Але

сімпатый да Офіса ў нас сапраўды больш, чым да гэтых паўдуркаў.

Офіс хаця б нешта робіць. Падымае праблемы беларусаў? Падымае. Захоўвае Беларусь у міжнародным парадку дня? Захоўвае. Дапамагае людзям? Дапамагае.

А што з гэтага зрабілі Сяргей Пятрухін, Ксенія Пляшкова, Сяргей Спарыш ці нехта іншы з гэтай кампаніі? Нічога.

Я ўдзячны Офісу за тое, што Беларусь дагэтуль застаецца ў міжнародным парадку дня, а да беларусаў за мяжой ставяцца лепш, чым маглі б. У нас выбудаваная цэлая сістэма падтрымкі, частку якой арганізуе Офіс. Людзям, што выязджаюць пасля палітычнага пераследу, даюць грошы, дапамагаюць з жыллём, ежай, адзеннем, псіхолагамі. Калі спатрэбіцца — нават каструлю знойдуць.

Я ўмоўна дзялю ўсю апазіцыю на афіцыёз і андэграўнд. Мы — такі «свядаміцкі» андэграўнд, але плывём з усімі ў адной лодцы. Офіс для мяне — сур’ёзныя людзі ў касцюмах. «Агентура» — фавэлы з фотажабамі і матам.

— Ёсць версія, што вы працуеце на Франака Вячорку.

— Мне ўжо перад людзьмі сорамна: столькі разоў прасіў, а ні Франак, ні нехта іншы з Офіса дагэтуль не даслаў ні капейкі! 

А калі сур’ёзна, асабіста я ні з кім з Офіса не знаёмы, хаця перапісвацца даводзілася.

— Што павінен зрабіць Офіс, каб вы пачалі пясочыць яго гэтак жа, як Вольгу Карач і Сяргея Спарыша?

— Пачаць унутраную грызню. Тады мы з задавальненнем возьмемся рабіць фотажабы са Святланай Ціханоўскай і Франакам Вячоркам.

Мы не за Офіс — мы супраць дэструктыву. І за любую дзейнасць, якая набліжае нас да галоўнай мэты.

— А калі вам прапануюць афіцыйна далучыцца да Офіса і заняцца антыпрапагандай?

— Адмоўлюся. Гэта патрабуе зашмат сіл, ды і ад цябе ўвесь час будуць нечага чакаць. Там усё робіцца з сур’ёзным тварам, а для іроніі і гумару амаль не застаецца месца. Мне ж хочацца атрымліваць ад гэтага хоць нейкае задавальненне: падсцёбваць, смяяцца, выдумляць нешта смешнае.

Ды і цэнзура там. Пачну пісаць з матамі — і што яны мне скажуць?

«Я хачу вярнуцца ў краіну, дзе мяне не будуць тапіць ва ўнітазе»

— Вы сказалі пра дзейнасць, скіраваную на галоўную мэту. А якая яна ў вас?

— Вярнуцца ў дэмакратычную Беларусь, дзе людзей не збіваюць дубінкамі, не катуюць электрашокерамі і не топяць ва ўнітазе. Мяне тапілі.

Я не хачу вяртацца ў такую краіну. Я вельмі люблю Беларусь, але не хачу зноў баяцца машыны, якая едзе следам. Не хачу ўздрыгваць ад сабачага брэху, думаючы, што нехта прыйшоў ламаць мне дзверы.

Я хачу вярнуцца ў Беларусь з незалежнымі судамі, дзе цябе не пасадзяць за лайк і не будуць пераследаваць за твае погляды. І мне здаецца, што Офіс — добра ці кепска, удала ці не заўсёды — усё ж працуе дзеля той жа мэты.

Якая мэта ў «свядамітаў», не ведаю. Магчыма, адпрацаваць нейкае заданне, напісаць у камісію па вяртанні і паехаць назад у Беларусь.

— У канале шмат не толькі гумару, але і мацюкоў. Чаму?

— У мяне маргінальны кантэнт, бо я маю справу з маргіналамі. Даводзіцца размаўляць з імі на адной мове.

Калі спрабуеш нешта культурна растлумачыць, гэта не працуе. Ды і як культурна размаўляць з паўдуркам? Часам яго застаецца толькі паслаць. Спадзяюся, з гэтым мы спраўляемся паспяхова.

Я абзываўся і буду абзывацца — гэтага ў мяне не адабраць. Але я іх не ненавіджу. Некаторымі пагарджаю — так. Некаторых лічу здраднікамі.

Людзі нездарма сядзелі ў турмах і плацілі за свае перакананні. А цяпер гэтыя персанажы спрабуюць усё сказіць і нагадзіць. Знішчыць зробленае ў іх не атрымаецца — занадта дробныя. Але гадзіць яны могуць і будуць.

— У вас заўсёды было такое пачуцце гумару?

— Калі б не гумар, са мной ужо даўно нешта здарылася б. Можа, спіўся б, хоць я і не п’ю. А можа, стаў бы «свядамітам» і таксама ненавідзеў усіх навокал.

Трэба часцей смяяцца. Жыццё і без таго не самая прыемная штука. Калі мы не будзем смяяцца хаця б час ад часу, яно зробіцца зусім невыносным.

— Чаго вы чакаеце ад сваёй аўдыторыі?

— Нічога не чакаю і нічога не патрабую. Не прашу мяне слухаць ці абавязкова са мной пагаджацца. Проста хачу, каб людзі паглядзелі на тое, што адбываецца, усміхнуліся, а часам — як след абурыліся. Хачу выклікаць эмоцыі, пераважна станоўчыя.

«Калі вернемся дадому, буду гадаваць курэй»

— Калі Офіс заўтра спыніць існаванне, што будуць рабіць усе гэтыя людзі?

— Уласнай альтэрнатывы яны не створаць. Не хопіць ні ведаў, ні сувязяў, ні грошай. А галоўнае — жадання.

Хтосьці паедзе ў Беларусь, астатнія знойдуць сабе новую сакральную ахвяру — умоўнага Вячорку 2.0, і будуць гэтаксама выдумляць, што ён начамі прабіраецца да бедных палітвязняў і высмоктвае з іх кроў.

Нехта працягне медыйную дзейнасць і будзе расказваць: «Вось калі б мне далі мільён даляраў, я б усім паказаў!».

— Што мусіць адбыцца, каб ваш канал закрыўся? 

— «Агентура» закрыецца, калі мы ўсе вернемся дадому. Я буду гадаваць курэй і піць хатняе віно. Але пакуль я тут і пакуль існуюць усе гэтыя персанажы — будзем працаваць.

Бліц

— Самы пераацэнены беларускі палітык?

— Сяргей Ціханоўскі.

Я лічу, што менавіта Сяргей Ціханоўскі нанёс дэмакратычнаму руху найбольшыя іміджавыя страты. Адразу пасля таго, як яго прывезлі ў Літву, ён пачаў метадычна скочвацца ў маргінальнасць. «Дайце 200 тысяч на ўдар па лукашызме» — як каламбур гэта, можа, і смешна. Але ж ты сур’ёзны палітык, «вораг Лукашэнкі нумар адзін».

Кожны такі выступ ахвотна расцягваюць расійскія Z-каналы і беларуская прапаганда. Людзі ў Беларусі, якія раней сімпатызавалі дэмакратычнаму руху, глядзяць, у што ўсё ператвараецца, і думаюць: «Навошта мне гэта? Лепш ужо жыць пры Лукашэнку».

Я, вядома, утрырую, але механізм працуе прыкладна так.

Потым Ціханоўскі паехаў у ЗША і, відаць, чакаў, што там усё будзе па-сур’ёзнаму. Але Амерыка — не Літва, не Польшча і не Беларусь. У тамтэйшых кабінетах ён усяго толькі дзіўны эмігрант, які гучна крычыць.

Урэшце ён вярнуўся да таго, што ўмее найлепш: крычаць, выдумляць нясмешныя каламбуры і забаўляць публіку. І ад гэтага сумна.

— Самы недаацэнены беларускі палітык?

— Сяргей Спарыш. Недастаткова ацэнены юніт.

Сяргей Спарыш у эфіры ток-шоу Раманаўскаса і Чывіліса. Скрыншот відэа

— Хто больш дапамагае рэжыму: Рыгор Азаронак ці апазіцыя да апазіцыі?

— Тут хутчэй парытэт. 

— Тры самыя крынджовыя персанажы?

— Першае месца з вялізным адрывам — блогер, вядомы як Віцёк Палітвязень. Другое — былы палітвязень Юрый Зянковіч. Трэцяе… Кандыдатаў вельмі шмат. Няхай будзе актывіст Піліп Шаўроў.

Віцёк адарваўся так далёка, што яго ўжо ніхто не дагоніць. Ён атрымаў некалькі тысяч еўра, аплачанае жыллё і лячэнне, але працягвае сцвярджаць, што яму «ніхто не дапамог». Гэта ўжо амаль асобнае вучэнне, недзе побач з тэорыяй плоскай Зямлі.

Зянковіч неяк пачаў дзяліць палітвязняў на правільных і няправільных. Ён заявіў, што ў шэрагах беларускіх палітвязняў ніколі не назавуць палітвязнем таго, хто адбываў хімію. Я спытаў: хто даў табе права гаварыць ад імя ўсіх палітвязняў? У адказ ён паслаў мяне на тры літары.

— А тры найбольш небяспечныя?

— Сяргей Пятрухін, Вольга Карач і… няхай Сяргей Ціханоўскі.

Карач я, можа, нават паставіў бы на першае месца, але Пятрухін у маім сэрцы назаўжды! Трэцім я б сюды насамрэч Пятраса Гражуліса паставіў, але нам патрэбныя беларусы. 

(Заўв. НН: Дастаецца ад «Агентуры» не толькі беларускім персанажам, але і іх замежным саюзнікам. Асобны допіс канал прысвяціў літоўскаму палітыку Пятрасу Гражулісу, з якім шукалі кантактаў некаторыя беларускія актывісты. «Агентура» нагадала пра яго выступленні супраць дапамогі Украіне, імпічмент, пасля якога Гражуліс страціў мандат дэпутата Сейма, і дзесяцігадовую забарону балатавацца ў літоўскі парламент. Вердыкт быў кароткі: «Падобнае да падобных. Маргінэз да маргінэзу. Ганьба»).

— Ёсць чалавек, якога вы не будзеце пясочыць, нават калі будзе за што?

— Не. Не напішам толькі ў адным выпадку: калі не даведаемся.

Калі Святлана Ціханоўская зробіць нешта, што супярэчыць нашым поглядам, напішам і пра яе.

— Якое пытанне вы чакалі, але я яго не задала?

— Як можна быць такім класным адміністратарам?

Ніхто не задае мне такіх пытанняў. Не паважаюць мяне людзі.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю

Усе навіны →
Усе навіны

Севярынец: Ціханоўскі перайшоў чырвоную рысу. Не ганьбі мужчынаў і беларусаў. Вяртайся60

Былога супрацоўніка КДБ з польскім грамадзянствам асудзілі да 14 гадоў9

Вызначыўся супернік зборнай Беларусі ў стыкавым матчы Лігі нацый5

19‑гадовы берасцеец Андрэй ліквідаваны пад Курдзюмаўкай22

Украіна нанесла ўдар па штабе арміі ў Бярдзянску. Загінулі сямёра вайскоўцаў, у тым ліку сын генерала3

Выжыць на 1500 рублёў? Некаторыя мінчане кажуць, што гэта рэальна11

Эстонія з 1 снежня закрывае мяжу з Расіяй4

У Мінску прадаюць «Жыгулі» з маторам на 300 сіл2

Украіна сёння збіла 79 крылатых ракет з 84, але не мае чым збіваць балістыку1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю

«Самы небяспечны — Пятрухін. А большасць — карысныя ідыёты». Адмін канала «Беларуская агентура» даў вялікае інтэрв'ю

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць