«А рускіх імёнаў не знайшлося?» Былы футбаліст зборнай Расіі здзівіўся імёнам беларускіх дзяцей
Гледачы з Беларусі абурыліся такой бестактоўнасцю футбаліста Вячаслава Малафеева.

На расійскім тэлеканале «Пятніца» ідзе рэаліці-шоу «Стаўка на каханне», дзе зорныя пары праходзяць выпрабаванні на давер, фізічную вынослівасць і веданне адно аднаго.
У апошнім выпуску да праекта далучыліся расійская актрыса Вольга Кузьміна (вядомасць ёй прынесла роля афіцыянткі Насты ў серыяле «Кухня») і яе муж-беларус Яўген Апанасевіч. Ён знакаміты экскурсавод, арганізатар экскурсій і трэвэл-шоу.

Пара пазнаёмілася ў 2021 годзе ў Мінску. Вольга прыехала здымацца ў перадачы «Па сакрэту ўсяму свету. Беларусь», а Яўген суправаджаў здымачную групу як эксперт.
У 2023 годзе пара пабралася шлюбам — для абаіх гэта стаў другі паход у ЗАГС. Таксама абое мелі дзяцей ад мінулых адносін. У Вольгі рос сын Гардзей, у Яўгена — дачка Амелія-Францыска і сын Ян-Тадэвуш. Агульную дачку яны назвалі Міра-Марыя.
Непаразуменне з іншымі ўдзельнікамі шоу «Стаўка на каханне» ўзнікла, якраз калі пара распавядала пра дзяцей. Пачуўшы імёны, былы футбаліст зборнай Расіі Вячаслаў Малафееў не змог стрымацца і грэбліва спытаў: «А рускіх імёнаў не знайшлося, так?» (аднаго з сыноў самога футбаліста завуць Алексам, а трэцюю жонку Ангеліну ён называе Энжы).

Яўген адрэагаваў маментальна і ўдакладніў, што імёны насамрэч беларускія. Вольга дадала, што за імёны ў іх сям’і адказвае муж (ён каталік).
Гэты эпізод вельмі абурыў гледачоў з Беларусі — імёны дзяцей цалкам натуральныя для нашай краіны: «Імёны беларускія! Мы ўжо і дзяцей мусім называць расійскімі імёнамі?», «Не ведаю, хто такі Малафееў, але што ён мае супраць беларускіх імёнаў, улічваючы, што муж Вольгі — беларус?», «Я з Заходняй Беларусі, палова майго класа з такімі імёнамі. Што не так?», «Гэта беларускія імёны. Дзяцей усё задавальняе, бацькоў таксама. Вас гэта чаму ўсіх турбуе?», «А з якога беларус павінен даваць дзецям рускія імёны?».

Яўген, дарэчы, парадаваў суайчыннікаў тым, што выйшаў у майцы з вялікай «Ў».

Беларуска ўдзельнічае ў польскім шоу на выжыванне — і рыхтуецца да шлюбу з сынам вядомай польскай спявачкі
На СТБ запусцілі новае рэаліці для пошуку кахання. Удзельнікам прапаноўваюць нюхаць потныя майкі і даіць казу
Зорная беларуская інтэлектуалка пайшла на рэаліці ад ТНТ — будзе плесці інтрыгі, каб атрымаць 100 тысяч еўра
«Дыялект падазроны». Спявак Сярога прыйшоў на расійскае рэаліці і сабраў усіх хэйтараў
Каментары