Грамадства1111

Замест металадахоўкі — дубовая драніца. У цэнтры Віцебска на месцы міліцыі адкрылася кавярня ў бездакорна адноўленым 200‑гадовым будынку

Звычайны стан гістарычнага будынка ў Беларусі пасля рэканструкцыі: каляровая металадахоўка, алюмініевыя вокны і дзверы, казыркі з металічных труб і пластыку ды шкляныя парнікі летам, якія закрываюць палову фасада. У цэнтры Віцебска нечакана пайшлі супраць сістэмы, вярнуўшы помніку драніцу, каваныя казыркі, драўляныя вокны і прыгажэзную веранду. 

Адрэстаўраваны будынак пачатку XIX стагоддзя на рагу віцебскіх вуліц Суворава і Савецкай. Фота: vitbichi.by

Будынкі на рагу віцебскіх вуліц Суворава і Савецкай доўгі час займалі міліцыянты з Кастрычніцкага РАУС. Пасля таго, як сілавікі вызвалілі плошчы, гістарычную забудову выкупіў прыватны інвестар.

Праектаваннем займалася віцебская кампанія «Першы план», а навуковым кіраўніком выступіў мясцовы архітэктар Яўген Калбовіч. Першай ластаўкай праекта стала адкрыццё ў будынку былога аддзела крыміналістыкі ўстановы LMK cafe Vitebsk.

Гэты двухпавярховы дом у стылі класіцызм быў узведзены яшчэ да 1809 года, і сёння ён з'яўляецца адным з пяці самых старых жылых будынкаў ва Узгорскай частцы Віцебска. Як сведчаць архіўныя дакументы, у канцы ХІХ стагоддзя гэты пляц належаў Мееру Маісееву Нейману.

Як выглядаў будынак да рэканструкцыі. Фота: heritage.gov.by

Як выглядае будынак сёння. Скрыншоты відэа zatestilvitebsk

Будынак шчасліва перажыў рэвалюцыю, разбурэнні ў час Другой сусветнай вайны і зачыстку гістарычнай забудовы савецкай уладай у пасляваенны час.

Яго фасад дагэтуль захоўвае рысы ўзорных праектаў мяжы XVIII—XIX стагоддзяў: строгую сіметрычнасць, вылучаную цэнтральную частку з вокнамі ў арачных нішах, завершаную карнізам з радам характэрных «зубчыкаў»-дэнтыкулаў. Да захавання таго, што збераглося, і аднаўлення таго, што было страчана, рэстаўратары падышлі максімальна сур’ёзна.

Аднаўленне гісторыі замест аграрэнесансу

Працы пачаліся з аналізу архіўных матэрыялаў і старых фатаграфій суседніх дамоў. Высветлілася, што першапачаткова дах будынка быў пакрыты драніцай — колатымі драўлянымі дошчачкамі, прыбітымі цвікамі ў некалькі слаёў.

Дранка на даху дома ў Віцебску. Фота: vitbichi.by
Дранка на даху дома ў Віцебску. Фота: vitbichi.by
Дранка на даху дома ў Віцебску. Фота: інстаграм vitebsk_design_school

Замест таго, каб проста згадаць гэты факт у даведцы і накрыць будынак каляровай металадахоўкай, як звычайна і адбываецца ў гістарычных цэнтрах беларускіх гарадоў, было вырашана вярнуць дранку. Не перашкодзілі нават строгія пажарныя нормы. 

Больш за тое, вадасцёкі і адлівы выканалі не проста з нейкай бляхі, а з сапраўднай медзі, якая пасля пакрыецца шляхетнай пацінай. Цяпер гэта, верагодна, адзіны будынак у Віцебску, які мае такі адметны драўляны дах.

Прыбудова, аформленая пад драўляную веранду з тэрасай на другім паверсе. Скрыншоты відэа obzor_vitebsk, zatestilvitebsk

Не менш грунтоўна падышлі і да каларыстыкі фасадаў. Спецыялісты правялі стратыграфічны аналіз старых слаёў тынкоўкі ў лабараторыі. Высветлілася, што ў ХІХ стагоддзі асноўныя плоскасці былі вохрыстымі, а дэкаратыўныя элементы — светла-шэрымі. Гэтую гаму аднавілі з дапамогай сумяшчальных вапнава-пясчаных саставаў, свядома адмовіўшыся ад выкарыстання сучаснага цэменту, які з часам непазбежна разбурае старую цагляную муроўку.

Аварыйныя цагляныя скляпенні ўнутры не сталі разбіраць ці заліваць бетонам. Перакрыцці ўзмацнілі з дапамогай спіральных металічных анкераў, што з'яўляецца наватарскай тэхналогіяй для Віцебска.

Памяшканне кавярні ў прыбудове. Антыкварная мэбля і распісаная драўляная столь. Скрыншоты відэа zatestilvitebsk
Вялікія драўляныя вокны ў прыбудове можна расчыніць насцеж, каб аб’яднаць прастору кавярні з яе ўтульным дворыкам. Скрыншоты відэа zatestilvitebsk

Вельмі ўдалай атрымалася і прыбудова да будынка, аформленая пад драўляную веранду з адкрытай тэрасай на другім паверсе. Шырокае акно ў прыбудове ў летні перыяд расчыняецца насцеж, злучаючы ўнутраную прастору кавярні з прасторай гістарычнага цэнтра горада.

Антыкварнае мяккае крэсла і барная стойка ў кавярні. Скрыншоты відэа zatestilvitebsk

На фоне стандартных рамонтаў у беларускіх гарадах тут кідаецца ў вочы, што помнік аднаўлялі не вымучана, з пад палкі патрабаванняў Міністэрства культуры, а з вялікай любоўю і ўвагай да дэталяў.

Кавярня пазбаўлена танных дэкарацый «пад даўніну». Над уваходам — казырок на масіўных літых кранштэйнах — такі можна было пабачыць на вуліцах Віцебска сто год таму. Інтэр'ер напоўнены сапраўдным антыкварыятам: мэбля, уключаючы барную стойку са складанай разьбой, збіралася па ўсім свеце. 

Казырок над уваходам на літых кранштэйнах і дзвярныя ручкі, падабраныя пад гістарычны перыяд. Скрыншоты відэа zatestilvitebsk
Драўляныя вокны з форткамі і старой фурнітурай. Фота: інстаграм marytanshanor

Вокны і дзверы выраблены з масіву дуба. Ніякіх пластыкавых акон з двайнымі шклопакетамі, толькі двайныя распашныя драўляныя рамы з форткамі і гістарычнай фурнітурай — калі мы апошні раз бачылі такі скрупулёзны падыход? Нават у храмах і сядзібах сёння імкнуцца паставіць спрошчаныя імітацыі.

Плакаты з прыжыццёвых выставак Марка Шагала. Фота: інстаграм marytanshanor
У памяшканні першага паверха са скляпеністымі столямі зараз выстаўлены карціны з калекцыі Андрэя Задорына, які ў 1997 годзе з’ехаў з Беларусі ў Нідэрланды. Фота: інстаграм marytanshanor

На першым паверсе, у памяшканні са скляпеністай столлю, пакуль размясцілася экспазіцыя арыгінальных плакатаў прыжыццёвых выставак Марка Шагала, якія выпускаліся абмежаваным накладам.

Адноўленая па гістарычных чарцяжах руская печка. Скрыншоты відэа zatestilvitebsk
Печка з белай кафлі ў стылістыцы мадэрну. Скрыншоты відэа zatestilvitebsk

У адным з пакояў па гістарычных чарцяжах аднавілі рускую печ, абліцаваную белай кафляй. У іншым, які пакуль застанецца закрытым, таксама белая кафляная грубка з матывамі стылю мадэрн. Помніку больш за 200 гадоў, і ён перажыў не адну стылістычную эпоху, кожная з якіх пакінула след на яго абліччы.

Дворык са старымі дзвярамі, знойдзенымі замураванымі ў сцяне. Цяпер за імі люстэрка. Фота: інстаграм marytanshanor

Адна са старых дзвярэй, знойдзеных падчас рэстаўрацыі (раней яна была замураваная ў сцяне), стала часткай фотазоны ва ўнутраным дворыку — за ёй адкрываецца люстэрка ў паралельную прастору. 

Гэты прыклад — добры аргумент супраць тых, хто на словах заяўляе пра жаданне аднавіць у найлепшым выглядзе помнік архітэктуры, а на выхадзе выдае звычайны еўрарамонт што звонку, што знутры. Апраўданнем служаць то дарагавізна рэстаўрацыйных рашэнняў, то складанасць выканання, то сціслыя тэрміны, то занадта строгія нормы, якія не даюць аднавіць як было. А нехта, як паказвае віцебскі прыклад, не шукае апраўданняў, а робіць як мае быць — было б толькі жаданне і любоў да горада.

На століках установы для наведвальнікаў пакінута надрукаванае пасланне ад стваральніка праекта. Там ён згадвае свае дзіцячыя гады ў Віцебску: паездкі на санках у садок, заняткі ў музычнай школе, першае каханне, адпачынак на Віцьбе і пацанскія бойкі ў 90-х. Аўтар ліста дзякуе сваім настаўнікам музыкі, выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры з шостай школы, а таксама бацьку.

«LMK cafe Vitebsk — гэта даніна любові і павагі да любімага Віцебска… Vitebsk one love», — гаворыцца ў тэксце.

Яшчэ не ўсё для Суворава

Адкрыццё кавярні ў адрэстаўраваным будынку — гэта толькі першы этап маштабнай трансфармацыі ўсяго квартала. На чарзе стаіць суседні, значна большы будынак па адрасе вуліца Суворава, 30. Гэты помнік эклектыкі ў два разы маладзейшы за свайго суседа — ён быў пабудаваны на мяжы XIX і XX стагоддзяў. 

Наступным рэканструкцыя чакае суседні будынак пад нумарам №30. Фота: vitbichi.by

Падчас вывучэння яго канструкцый архітэктары знайшлі сляды закладзенай цэглай праязной аркі, якая некалі вяла ва ўнутраны дворык. У савецкія часы гэты праезд заклалі, зрабіўшы з яго дадатковае памяшканне з акном на вуліцу. Цяпер праекціроўшчыкі разам з уласнікам маюць намер раскрыць гэтую арку і вярнуць будынку яго першапачатковы выгляд. Калі аднаўленне будзе на тым жа ўзроўні, то будынак стане сапраўдным упрыгажэннем вуліцы і ўсяго старога Віцебска. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары11

  • Кох
    25.07.2026
    Чаму вы пішаце "дранка" , а не "ґонта"?
  • Бездакорна?
    25.07.2026
    Вокны ў драніцы могуць скласці добрую канкурэнцыю любой металадахоўцы. Столькі намаганняў, і раптам вось такое! Балюча глядзець.
  • В Рот Фронт
    25.07.2026
    Кох, а чаму дранiкi, a не гантанiкi?

Цяпер чытаюць

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак3

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Усе навіны →
Усе навіны

У польскай вайсковай жандармерыі адкрылі таямнічы канверт: трое трапілі ў бальніцу, 133 чалавекі эвакуявалі5

На рэйсе «Белавія» чатырохгадовую дзяўчынку пасадзілі асобна ад маці6

Беларуса абавязалі выехаць з Польшчы: ён пратэрмінаваў візу і не змог атрымаць ДНЖ

У Тбілісі п'яны расіянін памачыўся з балкона на наведвальнікаў кавярні і крычаў «Слава Расіі»19

Палякі разабралі на мяжы аўтамабіль жонкі важнага беларускага чыноўніка. У пошуках наркотыкаў13

У Мінску 1 і 2 кастрычніка будуць перакрываць рух. Спіс вуліц1

У Малінаўцы прадалі платную паркоўку на аўтарынку— цана ўражвае

Кіраўніка аддзела Support Desk Technologies асудзілі на пяць гадоў калоніі — меркавана, за данаты на падтрымку Украіны6

У Эстоніі мужчына ўзламаў чужую кватэру, каб забраць свайго ката1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак3

Той самы масажыст расказаў, навошта здымаў голых кліентак

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць