У Брэсце адкрылі мурал «Партызаны Брэстчыны». Гэта ўжо чацвёрты падобны аб'ект у горадзе
28 ліпеня, у дзень 82‑й гадавіны вызвалення Брэста ад немцаў і 1007‑годдзя горада, у горадзе прэзентавалі мурал «Партызаны Брэстчыны». Гэта ўжо чацвёрты падобны арт-аб’ект у абласным цэнтры, прысвечаны тэме Другой сусветнай вайны, піша выданне BG.Media.

Мурал «Партызаны Брэстчыны» размясцілі на рагу Партызанскага праспекта. На ім намаляваныz мужчына і жанчына — зборныя вобразы беларускіх партызан часоў Другой сусветнай вайны. Пад выявай размешчаныя радкі з твора Янкі Купалы.

На афіцыйным адкрыцці прысутнічалі прадстаўнікі гарадскіх уладаў, у тым ліку кіраўніцтва Маскоўскага раёна Брэста і вайсковы камісар горада і раёна. Прадстаўнікі ўладаў назвалі мурал «бачным мостам паміж гераічным мінулым і мірнай сучаснасцю» і адзначылі, што месца для яго выбралі невыпадкова — на Партызанскім праспекце такая тэматыка выглядае лагічна.
Новы арт-аб'ект выклікаў шырокія спрэчкі ў сацыяльных сетках. Многія гараджане не крытыкавалі якасць малюнка, але выказвалі незадаволенасць тым, што ў Брэсце становіцца ўсё больш муралаў выключна на ваенную тэматыку.
Некаторыя каментатары пісалі, што горад ужо перанасычаны ваенна-патрыятычнымі выявамі і што хацелі б бачыць больш разнастайныя сюжэты — пра сучасную Беларусь, культуру, навуку, мастацтва, архітэктуру і вядомых людзей.
Сярод водгукаў гучалі і такія заўвагі: чаму гісторыя Беларусі ў гарадской прасторы фактычна зводзіцца толькі да падзей Другой сусветнай вайны?
Былі, аднак, і жыхары, якія падтрымалі з’яўленне мурала. Яны адзначалі, што Партызанскі праспект з’яўляецца адпаведным месцам для такой тэматыкі, а сам малюнак выглядае прыгожа і дапамагае захоўваць гістарычную памяць.
У чэрвені 2026 года ў Брэсце, дарэчы, з’явіўся яшчэ адзін ваенны мурал — на тарцы дома каля Брэсцкай крэпасці. На ім паказаны савецкі вайсковец на фоне Тэрэспальскай брамы. Частка гараджан лічыла, што гэта вобраз героя абароны крэпасці Андрэя Кіжаватава, але дакладна вызначыць асобу па малюнку было складана.

У Полацку адкрылі мурал, прысвечаны загінуламу лётчыку Мікіту Куканенку ФОТЫ
У Оршы знік мурал з Уладзімірам Караткевічам
Хто стаіць за самымі вядомымі малюнкамі Мінска
У Гомелі адкрылі чарговыя муралы героям вайны. Па іх колькасці горад на першым месцы ў Беларусі
Як змяніліся сюжэты гарадскіх муралаў да і пасля 2020 года ФОТЫ
Каментары