У гарах Кыргызстана з дрона адшукалі целы зніклых беларускіх альпіністаў
Выратавальная аперацыя на піку Курумды ў Заалайскім хрыбце Кыргызстана, якая доўжылася больш за тыдзень, падыходзіць да завяршэння. Ратавальнікі знайшлі целы траіх альпіністаў, сярод якіх двое беларусаў і адзін грамадзянін Літвы. Трагедыя, імаверна, адбылася ў выніку каменяпаду або сходу снежна-каменнай масы падчас спуску з вяршыні.

Пра знаходжанне целаў сёння паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook Аляксандр Смірноў, які каардынаваў пошукавую аперацыю з боку валанцёраў і блізкіх. Паводле яго слоў, знаходка зроблена пры дапамозе беспілотніка на месцы сходу снежна-каменнай лавіны, непадалёк ад таго месца, дзе днём раней быў выяўлены раскіданы па схіле рыштунак.
«Знаходкі на схіле злучае вяроўка, хлопцы ішлі ў адной звязцы, а ніжэй па схіле мы за гэтыя дні знайшлі рэчы ўсіх траіх. Група не раздзялялася, яны былі разам і застаюцца разам. Ніхто не застаўся на схіле адзін», — адзначыў Смірноў.
Паводле папярэдніх даных, сабраных з дапамогай дронаў, трагедыя пачалася на вышыні каля 5400 метраў. Там зафіксавана зона свежага адрыву масы, ад якой ідзе след да месца знаходжання целаў. Што менавіта стала прычынай падзення, пакуль не ўдакладняецца.

На фота: Максім Палянскі, Сяргей Рубцоў і Мікалай Свірыдаў
Інфармацыю пра выяўленне целаў агенцтву БЕЛТА таксама пацвердзіў старшыня Беларускай федэрацыі альпінізму і скалалажання Аляксандр Гадлеўскі.
З-за складанага снежна-лядовага рэльефу і небяспекі паўторных каменяпадаў ратавальнікі пакуль не могуць спусціцца непасрэдна да загінулых для канчатковага апазнання і эвакуацыі. Лагер ратавальнікаў часова згортваецца з-за пагаршэння надвор'я ў гарах. Аперацыя па спуску целаў будзе планавацца асобна, з улікам бяспекі спецыялістаў.
Збор сродкаў на выратавальную аперацыю, які раней абвяшчалі сваякі, афіцыйна закрыты.
Нагадаем, што група з трох вопытных альпіністаў — беларусаў Максіма Палянскага і Мікалай Свірыдава (абодва мелі званне «Снежны барс» за пакарэнне пяці сямітысячнікаў былога СССР), а таксама літоўскага грамадзяніна Сяргея Рубцова — перастала выходзіць на сувязь 2 жніўня. Напярэдадні, 1 жніўня, яны паспяхова падняліся на пік Курумды вышынёй 6613 метраў. 4 і 5 жніўня кіроўца безвынікова чакаў іх у дамоўленым месцы базавага лагера, пасля чаго пачаліся маштабныя пошукі з прыцягненнем МНС Кыргызстана, верталётаў і валанцёраў з розных краін.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬНа Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары
Сейчас будут собирать на вынос и доставку тел.
Для их семей со всеми вытекающими.