Колькі Крэмль плаціць прапагандыстам і ваенкарам, якія агітуюць людзей за вайну
Гэтыя лічбы шакуюць.

Расследаванне «Вёрсткі» паказвае, колькі зарабляюць расійскія ваенкары, Z-блогеры і тэлевядоўцы, якія працуюць на дзяржаўную прапаганду вайны. Дадзеныя пра выплаты сабраныя з расійскіх выцечак.
Звычайны ваенкар дзяржаўнага расійскага тэлеканала атрымлівае 250—500 тысяч рублёў у месяц — гэта прыкладна $3—6 тысяч. Напрыклад, Рыгор Удовін з ВГТРК (Усерасійская дзяржаўная тэлевізійная і радыёвяшчальная кампанія) атрымлівае каля 435 тысяч рублёў ($5,2 тыс.), а Ірына Куксенкава з Першага канала — каля 526 тысяч ($6,3 тыс.).
Але ў больш вядомых прапагандыстаў сумы значна большыя.
Яўген Паддубны — амаль 1 млн рублёў ($12 тыс.) у месяц, каля 11 млн рублёў ($131 тыс.) у год.
Мар'яна Навумава (вядомая як Бацькаўна) — каля 780 тысяч рублёў ($9,3 тыс.) у месяц, $107 тысяч у год.
Сямён Пегаў, аўтар WarGonzo, — больш за 2,5 млн рублёў ($30 тысяч) у месяц. Паводле суразмоўцы «Вёрсткі», яго рэальныя даходы могуць быць яшчэ большымі — дзясяткі мільёнаў рублёў з улікам выплат праз ІП, самазанятасць і крыптавалюту.
Барыс Рожын (канал Colonelcassad), які амаль не ездзіць на фронт, атрымлівае каля 2,6 млн рублёў ($31 тыс.) у месяц. Пры гэтым каля 2 млн рублёў яму штомесяц пералічвае кампанія «Телепрофіль», звязаная з вытворчасцю перадач Першага канала.

А сапраўдныя рэкорды — ужо ў тэлевізійных прапагандыстаў. Дзмітрый Саймс у 2025 годзе атрымліваў каля 8 млн рублёў ($95 тыс.) у месяц, а за амаль чатыры гады на Першым канале зарабіў больш за 291 млн рублёў — каля $3,46 млн па сённяшнім курсе.

Арцём Шэйнін, адзін з самых агрэсіўных прапагандыстаў расійскага ТБ, атрымлівае каля 5,6 млн рублёў ($67 тыс.) у месяц і больш за 60 млн рублёў ($714 тыс.) у год.
А Мікіта Міхалкоў зарабляе на сваёй прапагандысцкай дзейнасці больш за 10 млн рублёў ($119 тысяч) у месяц, або каля $3,2 млн у год. Акрамя таго, на яго дэпазітах знаходзіцца больш за 2,5 млрд рублёў, якія прыносяць каля 515 млн рублёў ($6,13 млн) працэнтаў у год.
Паводле «Вёрсткі», чым далей прапагандыст ад фронту, тым большыя яго даходы: Z-блогеры зарабляюць у 2—3 разы больш за вядомых ваенкараў, што выязджаюць на фронт, а сярэдні гадавы даход тэлевядоўцаў у даследаванні прыкладна ўтрая большы за даход ваенных прапагандыстаў.
Каментары
[Зрэдагавана]