5 верасня Верхні горад у Мінску зноў ператворыцца ў месца мексіканскага свята. Фестываль мексіканскай культуры на плошчы Свабоды будзе праходзіць з 12:00 да 22:00. Гасцям абяцаюць тэматычныя пляцоўкі, фотазоны, майстар-класы, мексіканскую кухню і канцэртную праграму.

На працягу дня можна будзе бліжэй пазнаёміцца з традыцыямі Мексікі. Для наведвальнікаў падрыхтавалі розныя творчыя і сямейныя актыўнасці. На майстар-класах пакажуць, як робіцца традыцыйная піньята, пазнаёмяць з мастацтвам друкаванай графікі і прапануюць стварыць уласныя яркія маскі ў мексіканскім стылі.
У Доме Ваньковічаў з 5 па 11 верасня будзе працаваць фотавыстава «Мексіка: народ, душа і традыцыі». На ёй прадставяць работы 16 мексіканскіх фатографак, якія праз свае здымкі паказваюць жыццё, святы, звычаі і культурную спадчыну сваёй краіны.
Асобная частка праграмы будзе прысвечана мексіканскай кухні. Мінскі шэф-кухар Арцём Ракецкі правядзе кулінарны майстар-клас, пасля якога можна будзе пакаштаваць фруктовую салату ў мексіканскім стылі з вострым перцам. Першымі яе паспрабуюць госці ў самбрэра або традыцыйным мексіканскім адзенні.
На фуд-корце будуць прапаноўваць такас біррыя і аль пастар, кесадыльі, бурытас, начас з гуакамоле, мексіканскую кукурузу з лаймам і чылі. На дэсерт — чурас і марожанае з незвычайнымі смакамі: авакада і лайм, манга з вэнджаным перцам чыпатле, а таксама традыцыйны дэсерт tres leches. З напояў можна будзе паспрабаваць тепачэ і напой з гібіскуса.
Вялікі канцэрт пачнецца ў 20:00. На сцэне выступяць музычныя і танцавальныя калектывы, а галоўнай музычнай адметнасцю вечара стануць марыячы.
Фестывальная тэматыка будзе працягнутая і ў рэстаранах «Бульбашы» на плошчы Свабоды і вуліцы Герцэна. 5 і 6 верасня там прапануюць спецыяльнае меню з мексіканскімі матывамі: дранікі з гуакамоле і вэнджанай віцебскай стронгай, кесадыльі з качкай, такас з бульбяной кашай і ялавічынай.
Каментары