Музыка

Беларускія музыкі едуць на Burning Man

Беларускія музыкі Айлар Татарэнка і Мікіта Арлоў за 40 дзён стварылі беларускамоўную праграму для Burning Man. Праўда, у пустыню Невады паляціць толькі Айлар, Мікіту праз праблемы з дакументамі заменіць яго кардонная галава.

Фота: instagram @mnogolun

Свой міні-альбом, з якім паедуць на міжнародны фестываль Burning Man, Айлар Татарэнка (Mnogolun) і Мікіта Арлоў (Applepicker) прэзентавалі 23 жніўня ў варшаўскім клубе SPATiF.

У пустыню Блэк-Рок паляціць толькі Айлар. Мікіта (ён таксама адзін са стваральнікаў гурта «Саюз») праз праблемы з дакументамі застанецца ў Варшаве, але напарніца ўсё роўна збіраецца ўзяць яго з сабой. Праўда, у выглядзе раздрукаванай кардоннай галавы на палачцы.

«Я хачу ехаць з гэтай галавой, каб адчуваць, што Мікіта са мной. Я буду з ёй выступаць», — кажа Айлар.

Прэзентацыя альбома. Фота: Наша Ніва

40 дзён на беларускі сэт

Айлар і Мікіта ўжо стваралі музыку разам: два гады таму выйшаў іх сумесны трэк KIM. Цяпер яны зноў аб'ядналіся дзеля ўдзелу ў конкурсе, перамога ў якім дала ім магчымасць адправіцца са сваёй музыкай за акіян.

Падрыхтоўка ішла ў шалёным тэмпе. Усяго прыкладна за 40 дзён музыкі стварылі цэлы сэт беларускамоўных песень спецыяльна для фестывалю.

Ключавым сінглам, з якім дуэт перамог у конкурсе, стаў энергічны трэк «Ci ŭ bok?».

Па словах Айлар, гэта песня пра пазбягаючы тып прывязанасці, тыя самыя эмацыйныя «даганялкі», калі адзін чалавек імкнецца да блізкасці, а другі аддаляецца.

Прэзентацыя альбома. Фота: «Наша Ніва»

Цікава, што пачалася песня фактычна ў ложку. Айлар расказвае, што часам перад сном чуе ў галаве гук, гармонію або спалучэнне гукаў і ўжо не можа заснуць, пакуль не зафіксуе іх.

Так адбылося і гэтым разам: мелодыя прыйшла ноччу, таму спявачцы давялося ўстаць, узяць дыктафон і амаль шэптам запісаць ідэю, каб не разбудзіць хатніх.

Для Айлар гэта натуральны спосаб стварэння музыкі: песні нараджаюцца з таго, што яна сама ў гэты момант пражывае, а пасля асабісты досвед змешваецца з беларускай мовай, культурнымі вобразамі і музычнымі эксперыментамі.

Цётка і сірэны за акном

Містычная гісторыя стаіць за трэкам «Цётка». Спачатку песня прыйшла да Айлар сама сабой. Пазней дзяўчына пачала чытаць творы беларускай паэтэсы Алаізы Пашкевіч, вядомай пад псеўданімам Цётка, і зразумела, што вобраз, які нараджаўся ў песні, дзіўным чынам перагукаецца з яе тэкстамі.

Потым высветлілася яшчэ адно супадзенне: дзень нараджэння Алаізы Пашкевіч 15 ліпеня, а працу над трэкам музыкі заканчвалі літаральна ў гэтыя ж дні.

Падчас запісу за вокнамі ішоў моцны дождж, па горадзе ездзілі пажарныя машыны, а гукі іх сірэн траплялі ў мікрафоны. Замест таго каб пазбавіцца ад выпадковага шуму, Мікіта запісаў яго, і сірэны ў выніку сталі часткай кампазіцыі.

Для Айлар гэтыя супадзенні склаліся ў адну гісторыю.

«Мне здаецца, што гэта проста дух Алаізы. У гэтым часе і прасторы ён так праявіўся», — расказвае яна.

Не толькі ўласныя песні

Разам з новым матэрыялам Айлар плануе выканаць у пустыні і песні знаёмых беларускіх музыкаў: «Таю» Уладзя Лепяшынскага і «Сонца» гурта Pau Siul.

Пры гэтым спявачка не хоча проста ўключыць гатовую фанаграму і праспяваць паверх яе.

«Не хочацца рабіць проста кавер, як быццам ты Winamp-плэер», — жартуе Айлар.

Музыкі падзяліліся з ёй сваімі канцэртнымі плэйбэкамі, але кампазіцыі яшчэ могуць атрымаць уласнае прачытанне.

Запіскі з Варшавы — у пустыню

І ўсё ж Айлар павязе ў Блэк-Рок не толькі музыку і кардоннага Мікіту.

Падчас прэзентацыі ў SPATiF гледачы пакідалі сімвалічныя запіскі. Іх спявачка плануе забраць з сабой у ЗША і пакінуць у Храме Burning Man.

Храм — адна з самых эмацыйных прастораў Black Rock City. Сюды прыходзяць, каб успомніць людзей і падзеі, падзякаваць, развітацца або пакінуць тое, што хочацца адпусціць. А ў апошні вечар Храм спальваюць.

Такім чынам, запіскі, пакінутыя ў варшаўскім клубе, скончаць свой шлях за тысячы кіламетраў ад Варшавы — у агні пасярод пустыні Невады.

Што такое Burning Man

Burning Man — штогадовая міжнародная падзея ў пустыні Блэк-Рок у штаце Невада, ЗША. На некалькі дзён дзясяткі тысяч удзельнікаў ствараюць пасярод пустыні часовы горад Black Rock City, а пасля заканчэння падзеі разбіраюць яго. У 2026 годзе Burning Man пройдзе з 30 жніўня па 7 верасня, а тэмай стане Axis Mundi — вобраз сусветнай восі, якая ў розных культурах злучае зямное і нябеснае.

Burning Man гэта не зусім фестываль у звыклым сэнсе, дзе артысты выступаюць, а астатнія застаюцца гледачамі. Яго культура пабудаваная вакол непасрэднага ўдзелу: людзі прывозяць у пустыню мастацкія інсталяцыі, ствараюць перформансы і тэматычныя лагеры, ладзяць музыку і самі будуюць жыццё часовага горада. 

Адзін з галоўных сімвалаў падзеі — велізарная фігура The Man, якую спальваюць у канцы тыдня. Асобнае месца займае і Храм: прастора памяці, рэфлексіі і развітання.

Сярод тэматычных лагераў Black Rock City сёлета зноў будзе і беларускі MARA. Яны дэбютавалі ў мінулым годзе і здзіўлялі іншаземцаў лазняй і дранікамі. Сёлета яны вяртаюцца ў пустыню ўжо з супольнасцю прыкладна з 60 чалавек.

Фота: сацсеткі

Каментары

Цяпер чытаюць

Літоўскага блогера, які вазіў турыстаў у Чарнобыльскую зону, пасадзілі ў Беларусі за палітыку1

Літоўскага блогера, які вазіў турыстаў у Чарнобыльскую зону, пасадзілі ў Беларусі за палітыку

Усе навіны →
Усе навіны

Туск: Расія рыхтуецца да эскалацыі ў рэгіёне. Гэтая зіма будзе вырашальнай20

Памерла Галіна Філіпаўна з Гродна, якой летам 2020 года на ўсю краіну абураўся Лукашэнка17

Вяртанне Кашча, адмена русалак, наўе з Полацка, копша і вегелмоф. Што прапануе першы беларускі дапаможнік для перакладчыкаў фэнтэзі3

Беларускa прывяла дачку з сіняком у польскі садок. Неўзабаве дзіця забралі з сям'і6

Веданне чатырох моў можа амаладзіць мозг на 13 гадоў13

Зяленскі заявіў, што паставіў задачу запускаць па Расіі тысячу дронаў за дзень1

Рабаўнікі сярод белага дня выкралі з музея ў Вене калье з 600 дыяментамі4

У Растоўскай вобласці атакаваны склад Ozon. Пацярпелі сем чалавек2

Навукоўцы выявілі тры суперздольнасці, якія абараняюць кажаноў ад раку

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Літоўскага блогера, які вазіў турыстаў у Чарнобыльскую зону, пасадзілі ў Беларусі за палітыку1

Літоўскага блогера, які вазіў турыстаў у Чарнобыльскую зону, пасадзілі ў Беларусі за палітыку

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць