«Міністр у Беларусі не можа не быць саўдзельнікам злачынстваў рэжыму Лукашэнкі»: Каверын расказаў, чаму стаў такім радыкальным
Вядоўца ранішняга шоу «Обычное утро» Канстанцін Каверын у новым выпуску ТОКу расказаў, як за час працы над праектам змяніліся яго погляды і чаму некаторыя яго выказванні могуць падавацца занадта рэзкімі.

«З таго часу, як я стаў займацца «Обычным утром», мне здаецца, я стаў значна больш радыкальным у дачыненні да Расіі. І не толькі таму, што яна ваюе з Украінай, але для мяне на многія рэчы ў беларускай гісторыі расплюшчыліся вочы», — расказаў Каверын.
Канстанцін падкрэсліў, што не з'яўляецца гісторыкам, аднак заявіў, што некаторыя дзеянні Расіі ў дачыненні да беларусаў ён лічыць генацыдам:
«Гэта сто працэнтаў. Гэта было вычышчэнне нацыі. Чаму я з табой цяпер размаўляю па-руску? Бо і я прадукт гэтага вычышчэння, гэтага генацыду ў пэўнай ступені».
Пры гэтым сам Каверын лічыць, што за апошнія гады стаў больш беларусам.
«Мне здаецца, што я стаў больш беларусам, чым быў да гэтага. Вось што я думаю. Я спадзяюся».
Наста Роўда прапанавала абмеркаваць адзін з прыкладаў радыкальных выказванняў вядоўцы. Некалькі гадоў таму пасля заўчаснай смерці міністра транспарту Аляксея Аўраменкі ў «Обычном утре» прагучаў каментар Каверына: «Адным злачынцам менш».
«Мне падаецца, што на тым баку таксама шмат людзей, якія спрабуюць штосьці рабіць. Што там не могуць быць усе злачынцы, што не могуць быць усе кепскія людзі. Як ты пра гэта думаеш?», — пацікавілася Роўда.
«Вось думаю так. Так і ёсць. Што там ёсць людзі, якія спрабуюць… Але яны не знаходзяцца на кіраўнічых месцах у гэтай «сацыял-дэмакратычнай партыі». Сённяшні міністр у Беларусі не можа не быць саўдзельнікам злачынстваў рэжыму Лукашэнкі», — заявіў ён.
«І няважна, гэта эканоміка, транспарт?» — удакладніла Роўда.
«Увогуле не. Ты бенефіцыяр аўтаматычна. Усё», — адказаў Каверын.
Паводле Канстанціна, такія яго выказванні — яшчэ адна з прычын, чаму ён не вернецца ў Беларусь. «Таму што яны мне гэтага не даруюць».
Пры гэтым Каверын прызнаў, што разумее, як ягоныя заявы могуць выглядаць збоку:
«Нейкаму чалавеку з тонкай душэўнай арганізацыяй, даволі адукаванаму, цяжка на гэта глядзець».
Каверын адзначыў, што ёсць людзі, якія, на яго думку, даносяць прыкладна тыя ж думкі ў больш прымальнай форме. Сярод іх ён назваў Аляксандра Раднянскага, Арцёма Шрайбмана, Аляксандра Класкоўскага і Аляксандра Фрыдмана.
Сваю манеру выказвацца Каверын патлумачыў уласцівай яму праматой.
«У сваю абарону… Як гэта сказаць? Я просты як пралетарская пяцярня. Мы ж клей нюхалі з пацанамі. У абарону сябе скажу: «Так, блін, напэўна, часам мне не хапае менавіта гэтай адукаванасці, нейкай інтэлігентнасці, можа быць, нават прыроджанай. За што прашу прабачэння. Але хаця б я не хлушу».
Каментары
Не, Косця, гэта таму, што ты - інфантыл, які шукае сабе апраўданняў.