Грамадства

«Я не магу перадаць, наколькі ўсе тут любяць дзяцей». Беларуска расказала, як нараджала ў Аргенціне

Ксенія падзялалася з Радыё Свабода, чым адметнае вядзенне цяжарнасці і роды ў гэтай краіне.

Аргенціна стала папулярным кірункам, куды пары прыязджаюць нараджаць дзіця, а потым могуць застацца там жыць. У гісторыі Ксеніі ўсё адбылося наадварот. Яна прыехала ў Аргенціну, перакананая, што больш ніколі не будзе нараджаць. Але сустрэла мужчыну, закахалася, выйшла замуж, і нядаўна ў пары нарадзілася дзяўчынка.

Беларуска Ксенія* (імя змененае) пераехала жыць у Аргенціну паўтара года таму. Пераязджала дзеля адукацыі дачкі, якая абрала там універсітэт.

Сябры тады пыталіся ў яе, ці Ксенія не цяжарная і ці не едзе праз акіян нараджаць. Бо Аргенціна — папулярны кірунак, каб прыехаць і нарадзіць там дзіця (birth tourism). Малое адразу атрымлівае аргенцінскае грамадзянства па месцы нараджэння. Гэта дае падставы і для бацькоў з часам легалізавацца ў Паўднёвай Амерыцы. Аднак Ксенія была перакананая, што пытанне з нараджэннем дзяцей для сябе ўжо закрыла. У яе ёсць старэйшыя дзеці, якіх яна нараджала ў Беларусі. Да таго ж нараджаць яшчэ адно было небяспечна для яе здароўя.

Аднак пасля пераезду беларуска пачала сустракацца з аргенцінцам. Мужчына казаў, што марыць пра сям’ю і дзяцей. Ксенія спачатку адказвала яму, што яна больш не плануе нараджаць і што, магчыма, ім лепш разысціся. Аднак пара вырашыла, што ім важней застацца разам. Каханне — тлумачыць Ксенія прычыну, чаму змяніла сваё стаўленне.

«Проста там так класна, арэолам зусім іншым адчуваецца. Калі я бачыла яго (мужа) і чула, як ён кажа пра гэта (пра дзяцей), то ўсё больш і больш хацелася. Мы вырашылі: «Паспрабуем, можа, не атрымаецца», — успамінае суразмоўца.

Неўзабаве пара зацяжарала. Нядаўна ў Ксеніі і яе аргенцінскага мужа нарадзілася дачка.

Менш аналізаў і аглядаў

Яна адзначае, што абавязку станавіцца на ўлік па цяжарнасці ў Аргенціне няма. «Усё на тваім сумленні», — кажа яна.

Агулам, на думку суразмоўцы, стаўленне да цяжарнасці ў Аргенціне больш разняволенае, чым у Беларусі.

«Тут усё вельмі прыязна, лагодна, з усмешкамі, з падтрымкай. Ніколі жанчын тут не будуць пужаць. Як раней: нейкі аналіз не зрабіла, і цябе ўжо як першакласніцу прабіраюць», — параўноўвае яна падыходы ў Аргенціне і Беларусі.

Ксенія ўспамінае, як размаўляла з аргенцінкай, якая была цяжарнай у трэці раз. І тая не здолела адказаць на пытанне, які цяпер у яе тэрмін цяжарнасці, бо проста не адсочвала гэта.

«Хутчэй за ўсё, яна была ў доктара адзін ці два разы, а можа, і не», — мяркуе суразмоўца.

Сама Ксенія, з яе слоў, наведвала гінеколагаў прыкладна раз у месяц, а бліжэй да родаў — раз на тыдзень. Жанчына заўважае, што за ўвесь час цяжарнасці яе ні разу не аглядалі на гінекалагічным крэсле.

«Тут лішні раз ніхто не будзе аглядаць. Адзін раз, калі я апынулася на крэсле, у мяне бралі мазок, бліжэй да родаў. Я не ўзбіралася на гэтае крэсла з нагамі дагары, а проста на край прылягла. Мазок бралі, не здымаючы майткі. Яна акуратненька адсунула (адзенне) са словамі «Дазвольце», палачкай памазала і ўсё», — апісвае працэдуру суразмоўца.

Дзіцячыя рэчы, якія страхавая кампанія дорыць у сувязі з нараджэннем дзіцяці

Яна заўважае, што ў аргенцінскіх шпіталях падчас цяжарнасці трэба рабіць менш аналізаў, чым у Беларусі. Іх прызначаюць толькі тады, калі ёсць падставы, нейкія складанасці.

«Няма такога, што трэба прайсці ўсіх спецыялістаў, поўны чэк-ап двойчы за цяжарнасць. Здаецца, што гэта і нядрэнна. Але ў нас гэта такая фармальнасць збольшага. Проста займае час. Памятаю, на кроў быў проста стос паперак», — параўноўвае беларуска.

Суразмоўца адзначае, што ёй бліжэй аргенцінскі падыход. Калі яна мела патрэбу і звярталася да лекара, то той прызначаў ёй дадатковыя абследаванні. Напрыклад, на таксаплазмоз (інфекцыйнае захворванне людзей і жывёл), бо ў іх дома ёсць каты.

Ксенія расказвае, што яна назіралася ў паліклініцы, а потым і нараджала па медыцынскай страхоўцы, якую мае дзякуючы працы мужа. Амаль усе медыцынскія паслугі ў гэтым выпадку для яе былі бясплатнымі. Некаторыя жанчыны ў Аргенціне выбіраюць нараджаць не ў прыватных, а ў дзяржаўных шпіталях, бо медыцынскае абслугоўванне там таксама на добрым узроўні. Да таго ж яно бясплатнае.

Калі няма страхоўкі, то за час цяжарнасці і родаў, за медыцынскія паслугі ў прыватных шпіталях можна заплаціць каля пяці тысяч даляраў.

Першы абед пасля родаў. У шпіталі кармілі таксама стэйкамі, запечаным бататам, давалі дэсерты

«Там (у дзяржаўных шпіталях), можа, харчаванне не такое, без дэсертаў або дэсерт там прасцей. Але па частцы медыцыны ўсё ў такім жа аб'ёме», — параўноўвае прыватную і дзяржаўную медыцыну суразмоўца.

Ксенія плаціла толькі за тое, што выбірала канкрэтнага доктара і акушэрку, якія суправаджалі роды: каля 200 і 100 даляраў адпаведна. Яна кажа, што гэта традыцыя — даплачваць медыкам пэўныя сумы, паводле расцэнак. Максімальныя тарыфы, пра якія яна чула, — 500—600 даляраў. Паводле яе, у шпіталях гэтага не хаваюць і не робяць патаемнай справай.

Ксенія нараджала ва ўзросце 39 гадоў. Яна кажа, што ніхто не казаў ёй, што гэта позні ўзрост, каб нараджаць.

Пры гэтым яна бачыла больш цяжарных свайго ўзросту, чым маладзейшых. І такі ўзрост у краіне лічыцца нармальным, каб станавіцца маці.

Муж на родах — норма

Роля мужа або партнёра ў Аргенціне важная, працягвае аповед Ксенія. Звычайна пара нараджае разам. Калі жанчына нараджае адна — гэта хутчэй выключэнне. Таксама на роды можна ўзяць з сабой не толькі мужа, але і іншых блізкіх людзей, сяброўку. Побач іх можа быць некалькі адначасова. Але такое дазваляюць звычайна толькі ў прыватных шпіталях. У любых шпіталях, не толькі радзільнях, звычайна ёсць канапы або крэслы для тых, хто суправаджае пацыента.

«Каб да цябе прыходзілі, няма ніякіх абмежаванняў. У нас (у Беларусі радзільнае аддзяленне — гэта закрытая прастора, тут — адкрытая», — кажа беларуска.

Ксенія тлумачыць, што ў Аргенціне не прынята прыязджаць у радзільню загадзя. На курсах для цяжарных іх вучылі, што варта перачакаць першыя схваткі дома. Ехаць толькі тады, калі яны будуць адбывацца кожныя пяць хвілін. Ксеніі трэба было рабіць планаванае кесарава, але яна ўсё адно паехала ў шпіталь непасрэдна перад родамі.

«Я прыехала да дзвярэй шпіталя. Яны ўбачылі, што цяжарная. Адразу пасадзілі мяне на крэсла, павезлі. Спыталі мае дакументы і паехалі ў родавае аддзяленне», — успамінае суразмоўца.

Муж амаль увесь час знаходзіўся побач з ёй, расказвае Ксенія, сядзеў на крэсле каля яе галавы. Яго папрасілі толькі на 15 хвілін выйсці з залы, пакуль рыхтаваліся да аперацыі. Суразмоўца кажа, што цела жанчыны падчас кесарава амаль цалкам закрываюць. Пакідаюць адкрытым толькі месца, дзе будуць рабіць разрэз. Месца аперацыі таксама адгароджваюць фіранкай.

У яе выпадку аперацыя заняла каля дзвюх гадзін, бо падчас яе адкрыўся моцны крывацёк, выклікалі дадатковага хірурга. Урэшце ўсё скончылася добра. Падчас родаў самі медыцынскія работнікі здымалі на тэлефоны фота і відэа працэсу для сям’і на памяць.

«Яны стараюцца максімальна даць бацькам адчуць казачныя моманты», — дзеліцца маці.

Імёны дзяцей на палатах

Пасля нараджэння дзіця ўвесь час было з бацькамі. Муж знаходзіўся разам з сям'ёй у палаце ўсе дні да выпіскі.

Дачка Ксеніі ў шпіталі пасля нараджэння

«Пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці пачалі рабіць, калі я прыйшла ў аперацыйную. Я сяджу на аперацыйным стале, а яны ў мяне пытаюцца, якое будзе імя, мой адбітак пальцаў. Тут на пасведчанні аб нараджэнні бацькі ставяць адбіткі пальцаў і адбітак ножкі дзіцяці», — расказвае маладая маці.

Яна заўважае, што ў радзільных дакументах паўсюль пісалі першым яе імя, а на другім месцы — імя бацькі дзіцяці.

Абед у радзільні

Суразмоўца звяртае ўвагу, што дзіцяці ў аргенцінскіх шпіталях надаюць больш суб'ектнасці ад нараджэння. Гэта праяўляецца і ў тым, што адразу афармляюць пасведчанне з імем. На дзвярах палаты па жаданні бацькоў таксама пішуць імя дзіцяці.

«Яны (медыкі), калі ідуць у палату, глядзяць імя дзіцяці і па імені звяртаюцца: «Як там Каталіна?»»

Пасля нараджэння дзіцяці маці застаюцца ў шпіталі некалькі дзён. Ксенія заўважыла, што ў аргенцінскага медперсаналу добра адпрацаваныя навыкі догляду за жанчынамі, якія яшчэ не могуць хадзіць.

«Мяне перакладалі з кушэткі на ложак, паварочвалі, мылі. Адчуваецца, што вельмі адпрактыкавана, спраўна, арганічна, з мінімальнымі высілкамі, з турботай пра чалавека, якога перакладаюць, і пра спецыялістаў, якія гэта робяць», — кажа суразмоўца.

Рэчы з набора для дзяцей, які клініка дорыць бацькам

Ксенія расказвае, што ў Аргенціне вельмі прыязна ставяцца да немаўлят. Маладых маці віншуюць на вуліцы незнаёмцы. Яна заўважала гэта яшчэ, калі падпрацоўвала нянькай у Аргенціне.

«Я не магу перадаць, наколькі ўсе тут любяць дзяцей, наколькі шчыра гэта выказваюць, не шкадуючы ні слоў, ні выразу твару», — кажа беларуска.

Яна ўспамінае, што толькі аднойчы адчула, што ў навакольных няма такога захаплення дзіцем, якім яна апекавалася. Замест яго было проста спакойнае стаўленне. Гэта было ў рускамоўнай кавярні ў Буэнас-Айрэсе.

«Адчуваю, нешта не тое. І я не магу зразумець, што па-іншаму. А потым разумею — там ніхто не захапляецца, не звяртае ўвагу: прыйшлі і прыйшлі. У іншым аргенцінскім месцы, куды б ні зайшоў з дзіцем, усе расплываюцца ва ўсмешках. Абавязкова пагушкаюць у вазку, кінуць пару пытанняў. Я гэты кантраст цяпер моцна адчуваю. Я расказвала ім пра нашы традыцыі, што на малое дзіця прынята брыдкія словы казаць (ад сурокаў. — РС). У іх быў шок. Думаю, яны не паверылі», — успамінае беларуска.

Каментары

Цяпер чытаюць

У перамовах з Коўлам гэтым разам бярэ ўдзел і Турчын. З амерыканскага боку Сміт змяніўся на Паніка7

У перамовах з Коўлам гэтым разам бярэ ўдзел і Турчын. З амерыканскага боку Сміт змяніўся на Паніка

Усе навіны →
Усе навіны

Сябар начальніка аховы Пуціна быў удзельнікам і спонсарам вяселля сына Трампа6

Знялі з пасады галоўнага міліцыянера Віцебшчыны4

Паміж Мінскам і Маладзечнам запускаюць паскораныя электрычкі3

У Гродне цалкам адмовіліся ад пракатных самакатаў і ровараў. Нібыта па просьбе жыхароў

Карціну, якая атрымала прыз на Венецыянскім фестывалі, у Ізраілі назвалі «здрадай дзяржаве»27

«Танечка была вельмі пяшчотнай і ласкавай». У Мінску развіталіся з жорстка забітай жанчынай3

Расійская агентура выкарыстала нейрасетку Claude для крадзяжу і для ўплыву на выбары2

У Мінску адкрыўся філіял Нацыянальнага мастацкага музея2

Белая ліса завітала ў двор пад Лагойскам2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У перамовах з Коўлам гэтым разам бярэ ўдзел і Турчын. З амерыканскага боку Сміт змяніўся на Паніка7

У перамовах з Коўлам гэтым разам бярэ ўдзел і Турчын. З амерыканскага боку Сміт змяніўся на Паніка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць