Статкевіч пра Ціханоўскага: Ты патрэбны Беларусі. Вяртайся да сябе хутчэй, герой
Мікалай Статкевіч у сваім тэлеграм-канале, дзе выказваецца пра сваіх паплечнікаў, выказаўся пра Сяргея Ціханоўскага.

«Сяргей Ціханоўскі — лідар пратэстаў 2020 года і былы палітвязень — узяў удзел у акцыі салідарнасці з незалежнымі беларускімі выдавецтвамі ў выгнанні і іх чытачамі, а таксама прадставіў тут сваю аўдыёверсію аднаго з фрагментаў маёй кнігі «І гэта ўсё ў табе».
Зараз шмат хто пнецца ў «лідары». Але, на жаль, у найноўшай палітычнай гісторыі Беларусі сапраўдных альтэрнатыўных лідараў было вобмаль. Лідар — гэта той, хто вядзе за сабой іншых, не зважаючы на перашкоды і рызыку для сябе. А тут усё больш палахлівыя імітатары альбо рахманыя «прагматыкі». Сяргей па сваіх якасцях — сапраўдны лідар. Таму і быў прэвентыўна нейтралізаваны. Ён годна вытрымаў выпрабаванні і катаванні турэмнага пекла. І праходзіць зараз вельмі складанае выпрабаванне вяртаннем у вольнае жыццё.
Пяць гадоў быць выкрасленым з яго, жыць па навязаных правілах, амаль у поўнай ізаляцыі ад блізкіх і свету, а потым вярнуцца ў гэты свет, дзе за пяць год змяніліся не толькі тэхналогіі і палітычная сітуацыя, але змяніліся і людзі, якіх ведаў раней, — сапраўды вельмі складана.
Некаторыя змены цяжка прыняць, калі самыя блізкія людзі, змушаныя прыстасоўвацца да сітуацыі без цябе, мяняюць свой лад жыцця, і гэты новы лад незваротна мяняе не толькі іх, але і вашыя стасункі. З такім цяжка змірыцца, калі таго, што дапамагала трымацца столькі год, ужо не існуе. Але гэта неабходна прыняць, трэба шукаць новыя сэнсы і апірышчы.
Я спадзяюся, што ў цябе атрымаецца, Сяргей. Ты патрэбны Беларусі. Вяртайся да сябе хутчэй, герой!» — напісаў Мікола Статкевіч.
Каментары