З Масквы. Блог Алеся Чайчыца77

Пра «гуманітарную катастрофу» постсавецкага грамадзтва

У галовах большасьці постсавецкіх людзей, як расейцаў, так і ня толькі іх, утварылася грымучая сумесь вульгарнага матэрыялізму і нацыяналістычнай фантастыкі. З такім багажом мы «увязли в борьбе», піша Алесь Чайчыц.

Расейска-амэрыканская публіцыстка Маша Гесэн бліскуча, на мой погляд, пракамэнтавала адзін зь нядаўніх публіцыстычных артыкулаў з расейскай «Комсомольской правды» пра тое, што нібыта адбываецца ў сучасным сьвеце:

«Я очень редко ставлю ссылки на подобные вещи, но мне кажется, это стоит прочитать. В чистом виде — ХХІ век глазами умного, образованного человека из XVII века. Он умеет рассуждать и выстраивать логические связи, так что свое средневековое восприятие мира доносит эффективно. Для тех, кому лень читать, сверхкраткий пересказ: миром правит декаденствующая элита родом из Голливуда; если потерять бдительность, то можно всей страной попасть в ее лапы и следовательно вступить в однополый брак. Голливуд важен, потому что фильмы обладают магической силой (средневековый человек не может отделить их от реальности), то есть они буквально формируют действительность как целых стран, так и отдельных людей — например, кто сыграет ведьму, та умрет от рака мозга. Вот».

У СССР быў вельмі добры ўзровень вышэйшай тэхнічнай і матэматычнай адукацыі. Савецкая фізмат-школа — гэта тое, што стварыла постсавецкія ІТ і тэлекамунікацыі, адзіныя канкурэнтаздольныя сэктары сучаснай беларускай і расейскай эканомікі, не зьвязаныя з эксплюатацыяй прыродных рэсурсаў.

Хваля адукаваных эмігрантаў з былога СССР дала новы імпульс разьвіцьцю замежных цэнтраў дакладнай навукі і ІТ-індустрыі, як Ізраіль і амэрыканская Крэмніевая даліна. Больш за гэта, многія выбітныя савецка-расейскія гуманітарыі-самародкі — паэты, пісьменьнікі і мысьляры — выйшлі менавіта з тэхнічнай інтэлігенцыі: ад братоў Стругацкіх, Андрэя Сахарава і Аляксандра Салжаніцына да Барыса Грабеншчыкова.

Куды больш сьціплымі былі посьпехі савецкіх «прафэсійных» гуманітарыяў. Бо гуманітарнай навукі як сфэры мысьленьня пра пошук сэнсу, кірункаў і спосабаў арганізацыі жыцьця аднаго чалавека і ўзаемажыцьця многіх людзей, пра асэнсаваньне і пераасэнсаваньне арыенціраў і каштоўнасьцяў, у СССР як такой не было. Не было філязофіі, не было сацыялёгіі, не было палітычнай навукі, эканомікі, правазнаўства і паўнавартаснай гістарычнай навукі. Была толькі таталітарная ідэалёгія марксізму-ленінізму, якая мела ўнівэрсальныя адказы на ўсе пытаньні. Савецкая гуманітарная навука палягала не ў пошуку і пераасэнсаваньні, а ў тлумачэньні зьяваў ў адпаведнасьці з догмамі савецкай ідэалёгіі. Марксізм-ленінізм часам ставіў палкі ў колы і прыродазнаўчым навукам, але ідэалягічныя перашкоды кшталту забароны генэтыкі ці кібэрнэтыкі там хутчэй былі выключэньнем, чым правілам.

Першым, што мяне калісьці ўразіла, калі я ўпершыню сутыкнуўся з заходняй гуманітарнай адукацыяй, было тое, як адну і тую ж зьяву (міжнародныя адносіны) нам на лекцыях на абсалютна раўнапраўных асновах раскладалі з розных пунктаў гледжаньня, падкрэсьлена не адказваючы на пытаньне «ну а як жа ж яно на самой справе?». Адныя думаюць так, другія думаюць гэтак. А ты думай сам.

У той жа час у маёй роднай альма матэр, адным з найбольш прэстыжных расейскіх эканамічных унівэрсытэтаў, ужо ў студэнцкія гады выклікала ўсьмешку, як савецкага гарту выкладчыца філязофіі па звычцы тлумачыла, што Арыстотэль ці Плятон «не разумелі» аднаго ці «так і не дадумаліся» да другога. Так і не дасягнулі, маўляў, вяршынь мудрасьці Леніна і Маркса.

І такіх адрозьненьняў — сьвет: такога разыходжаньня ў сьпісах прачытанай літаратуры, у засвоеных на ўзроўне мэнтальнасьці рэчаў, у згубленых намі і ня згубленых на Захадзе хрысьціянскіх каштоўнасьцяў — «не забівай», «не крадзі», «не сьведчы фальшыва», «любі бліжняга свайго».

Ува што мы верым

Ёсьць жарт пра тое, што каб стаць інтэлігентам, трэба скончыць тры ўнівэрсытэты: адзін ты, адзін — твой бацька і адзін — твой дзед. Тое самае з каштоўнасьцямі: калі нашыя бацькі пад прымусам маўчалі, хлусілі і верылі ў клясавае мысьленьне за часамі Гарбачова і Брэжнева, а дзяды пад прымусам маўчалі, хлусілі і верылі ў клясавае мысьленьне за часамі Хрушчова і Сталіна, то мы, атрымоўваецца, толькі першыя, хто можа нясьмела паспрабаваць думаць іначай, робячы памылкі, адкатваючыся назад. Ці пачынаючы верыць у рэчы, горшыя за марксізм-ленінізм.

Вынікам савецкага таталітарызму стала грамадзтва людзей, якія могуць сканструяваць касьмічны карабель ці атамную бомбу і пры гэтым верыць у жыдамасонскую змову і Сусьветны Ўрад. Людзей, падкаваных тэхнічна, але чыё гуманітарнае разьвіцьцё знаходзіцца на узроўне вучня сярэдняй школы. Гэта выбуховая сумесь.

Самае страшнае, што кактэйль з забабонаў і кансьпіралёгіі, які апісала Маша Гесэн, — гэта, мяркуючы па ўсім, менавіта тое, што знаходзіцца ў галовах значнай і найбольш уплывовай часткі цяперашняй расейскай эліты. Сьветапогляд гэтых людзей надзейна сфарміраваўся з сумесі савецкай палітінфармацыі, бульварнай калянацыяналістычнай фантастыкі, вонкавых атрыбутаў праваслаўя і асабістага вопыту «ліхіх 90-х».

Ад адцэнзураванага савецкімі ідэолягамі Маркса ў іх засталося толькі ўяўленьне, што сьветам кіруюць грошы і што «няма такога злачынства, на якое б капіталіст не пайшоў дзеля 300% прыбытку». Прычым, «пайсьці на злачынства дзеля 300% прыбытку» імі разглядаецца як нармалёвая зьява: пры капіталізьме ж жывём.

Нядаўна памерлы Яўгеній Прымакоў адносіўся да іншага пакаленьня — пакаленьня сьвядомых, больш-менш ідэйных застойных камуністаў. Такія людзі былі архітэктарамі гэтай прапагандысцкай міталёгіі, якой яны апраўдвалі існаваньне савецкай дыктатуры ў супрацьстаяньні заходняму сьвету.

Калі кіраваць пачалі іхныя былыя малодшыя вучні, надышоў этап, калі зьмяя пачала атручвацца сваім уласным ядам: эліты пачалі верыць уласнай прапагандзе і бачыць сьвет у скажоным празь яе выглядзе. Паралельна цягам нулявых гадоў гэтыя людзі атрымалі сабе ў рукі гіганцкія матэрыяльныя рэсурсы, якія замацавалі іхную веру ўва ўласныя рацыю, усёдазволенасьць і беспакаранасьць.

Вайна ва Ўкраіне сталася найбольш вострай формай гэтай хваробы, калі вынікі пасьлясавецкай інтэлектуальнай і маральнай дэградацыі Расеі прынялі адкрытую форму і ператварыліся ў паўнавартасную пагрозу міжнароднай бясьпецы.

Пра нявывучаныя ўрокі

Усё ж быцьцё не абавязкова вызначае сьвядомасьць, а хутчэй за ўсё роўна наадварот. Можна з нуля пабудаваць багатае і пасьпяховае грамадзтва, калі закласьці ў яго падмурак правільныя інстытуты і каштоўнасьці. Але ад выпадкова атрыманага багацьця інстытуты самі па сабе не зьявяцца. Хутчэй, багацьце аднойчы скончыцца, і грамадзтва апынецца ля разьбітага карыта, каб рабіць высновы.

«Гуманітарная катастрофа» на постсавецкай прасторы палягае ў тым, што ў нашых галовах замест каштоўнасьцяў — вульгарны агрызак марксізму, грубы матэрыялізм і кансьпіралёгія, набор прымітыўных і абмежаваных тэорыяў, якія даюць тлумачэньне ўсяму на сьвеце і зь якіх вельмі складана вызваліцца.

За 15—20 гадоў расейцы навучылася есьці сушы палачкамі, разьбірацца ў курортах Францыі, апранацца па заходнеэўрапейскай модзе (а некаторыя — нават складаць бізнэс-пляны і будаваць фінансавыя мадэлі), але ўнутрана так і не пасьпелі засвоіць навыкі і каштоўнасьці, якія ўласьцівыя жыхарам разьвітых краінаў і якія зьяўляюцца крыніцай заходняга дабрабыту.

Дармовае багацьце 2000-х апынулася для нас толькі праклёнам, і мы не змаглі зрабіць зь ім і з часам, які ён нам падараваў, нічога лепшага, як разбазарыць.

Мы павінны былі «здаганяць і пераганяць» Захад, «вучыцца, вучыцца і вучыцца» ад яго, як перад намі гэта рабілі японцы, карэйцы, кітайцы і заходнія немцы. Трэ' было пераймаць на Захадзе ягоныя сакрэты і know-how. Якія, як высьвятляецца, насамрэч палягалюць не ў тэхналёгіях, а перадусім ў гуманітарнай сфэры:

перадусім, у каштоўнасьцях свабоднага і дэмакратычнага грамадзтва, пабудаванага на такіх рэчах, як давер, законнасьць, сумленнасьць і на іншых паняцьцях, якія ў няшчаснай і разьняверанай постсавецкай сьвядомасьці прынята лічыць выключна прыкрыцьцём для крымінальных матэрыяльных мэтаў.

У выніку вайны супраць Украіны Расея імкліва ідзе да патрэбы паўтараць нявывучаныя з 1991 году ўрокі зноў, будучы ўжо стрыножанай санкцыямі, шматмільярднымі міжнароднымі судовымі штрафамі, і агульным інстытуцыянальна абумоўленым эканамічным крызісам. Без радыкальных рэформаў і нармалізацыі адносін з астатнім сьветам гэтаму немагчыма даць рады. А рэформаў пакуль і ня будзе. Хутчэй, будзе наадварот толькі горш, толькі новыя законы то пра забарону імпарта харчаваньня, то пра «непажаданыя арганізацыі», то пра лякалізацыю грашовых разьлікаў і абмежаваньні на выкарыстаньне замежнага software. «Этот поезд в огне, и нам не на что больше жать».

Прыйдзе час, і гісторыя, канечне ж, дасьць расейцам і беларусам новы шанец — замест таго, які мы змарнавалі ў 1991-м. Але хай нам ужо з другога разу ўдасца.

Каментары7

Цяпер чытаюць

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА11

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Amazon пачала выводзіць на арбіту інтэрнэт-спадарожнікі — канкурэнты Starlink1

Макрон: Захад у найбліжэйшыя 8-10 дзён узмоцніць ціск на Расію3

У Іспаніі праз адсутнасць электрычнасці аб'явілі надзвычайнае становішча, сітуацыя застаецца складанай2

Загарэлася расійская нафтабаза пад Наварасійскам2

Памерла Наталля Раманская1

Беларускім топ-чыноўнікам у Валгаградзе раздалі каларадскія стужкі. Марзалюк застаўся з яблыневай ФОТЫ14

«Было падобна, што пачаўся паўнавартасны кантроль». Усіх, хто ехаў з Беларусі ў Расію і назад, правяралі вайскоўцы10

«Здарова, б*я». У сеціва трапіў дзіўны варыянт віншавальнага ВІДЭА акупацыйнага чыноўніка7

Чаму Лукашэнка хавае пазашлюбную дачку. Тлумачыць Ментусава20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА11

Аляксандру Лукашэнку цяжка далося ўскладанне вянкоў на Мамаевым кургане ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць