Лукашэнка другі раз за тыдзень сустрэўся з Мядзведзевым — гэты раз у Сочы, каб «пагутарыць аб замежнапалітычных аспектах».
Лукашэнка другі раз за тыдзень сустрэўся з Мядзведзевым — гэты раз у Сочы, каб «пагутарыць аб замежнапалітычных аспектах».
21 сакавіка ў Краснай Паляне, пад Сочы, праходзіць сустрэча Дзьмітрыя Мядзьведзева і Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміла прэс-служба прэзыдэнта Беларусі, Аляксандар Лукашэнка «знаходзіцца з рабочым візытам у Расейскай Фэдэрацыі па запрашэньні свайго расейскага калегі Дзьмітрыя Мядзведзева».
«У адпаведнасьці з дамоўленасьцямі, дасягнутымі падчас сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў 19 сакавіка, прэзыдэнты працягнулі распачатую размову ў нефармальнай абстаноўцы ў Сочы. На парадку дня — шырокае кола пытаньняў двухбаковых адносінаў, міжнародная праблематыка», — гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні.
Паводле інфармацыі прэс-службы, «у пачатку сустрэчы кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі магчымасьць пабудовы аб'ектаў зімовай Алімпіяды 2014 года з удзелам беларускіх будаўнікоў. Дзьмітрый Мядзьведзеў, у прыватнасьці, прапанаваў беларускаму боку ўзяць удзел у некалькіх буйных праектах. Аляксандар Лукашэнка ў сувязі з гэтым паведаміў расейскаму калегу, што Беларусь рэалізуе буйны інвэстыцыйны праект па будаўніцтве біятлоннага стадыёну».
«Мы хочам, каб вы ўніклі ў ход будаўніцтва і аказалі нам садзейнічаньне», — цытуе Лукашэнку прэс-служба.
Пры абмеркаваньні саміту краін «вялікай дваццаткі», які мае адбыцца 2 красавіка ў Лёндане, Лукашэнка заявіў, што Беларусь «абсалютна падтрымлівае» прапановы расейскага боку, падрыхтаваныя да саміту.
Паводле зьвестак РІА «Новості», Лукашэнка таксама зазначыў, што пасьля сустрэчы 19 сакавіка ў Завідаве «застаўся пакет пытаньняў», якія ім з прэзыдэнтам Расеі неабходна абмеркаваць. «Тады абмяркоўвалі антыкрызісныя меры, эканоміку, але застаўся некаторы пакет пытаньняў, які мы павінны абмеркаваць. Па замежнапалітычных аспэктах, вядома, вельмі пажадана пагутарыць, каб не было ніякіх розначытаньняў», — цытуе агенцтва Лукашэнку.
У размове з карэспандэнтам БелаПАН кіраўнік прэс-службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі абверг чуткі аб тым, што А.Лукашэнка адправіўся ў Сочы адразу пасьля перамоў у Завідаве. «Пасьля сустрэчы з Дзьмітрыем Мядзведзевым у Завідаве 19 сакавіка прэзыдэнт вярнуўся ў Менск», — заявіў Лёгкі.
Цяпер чытаюць
«Мінімальны заробак доктара ў Польшчы большы, чым я мела ў беларускім прыватным цэнтры». Доктарка Маркелава — пра працу ў польскай бальніцы і выраб натуральнай касметыкі

Каментары