Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»1010

Поўха Маскве і пернікі ад Еўропы

Ужо і замшэлым фанатам відавочна, што праект «братняй інтэграцыі» сканаў. У штучны «дзень яднання народаў Беларусі і Расіі» Брусель прапанаваў сінявокай рэспубліцы альтэрнатыву — паскорыць рэінтэграцыю ў еўрапейскую сям'ю. Піша Аляксандр Класкоўскі.

Нават колішнім фанатам «братняй інтэграцыі» абсалютна зразумела, што саюзны праект памёр. Напярэдадні «дня яднання народаў Беларусі і Расіі» — штучнага, як пластмасавыя кветкі, свята, якое начыста страціла сувязь з рэальнымі працэсамі, — Мінск і Масква спадцішка абмяняліся поўхамі.

А вось Еўрапарламент у гэты дзень прапанаваў кіраўніцтву сінявокай рэспублікі «паскорыць працэс рэінтэграцыі Беларусі ў еўрапейскую сям`ю дэмакратычных краін». Абяцаны канкрэтныя бонусы. Карацей, інтэграцыйны вектар для Мінска павярнуўся цяпер на 180 градусаў.

Спачатку пра поўхі. Масква вуснамі ананіма з Мінфіна даволі з'едліва заявіла: крэдыту на сто мільярдаў нашанскіх рублёў не чакайце! І так, маўляў, запазычылі шмат.

Па чыстым супадзенні гэтыя крыўдныя выказванні былі растыражаваны якраз пасля таго, як стала вядома, што ў праекце парадку дня вясновай сесіі беларускай Палаты прадстаўнікоў няма прынцыповага для Крамля пытання аб прызнанні Паўднёвай Асеціі ды Абхазіі.

У сваю чаргу, поўхай для Масквы стала выдаленне пяці расійскіх тэлеканалаў з беларускіх кабельных сетак. У белакаменнай такога першакрасавіцкага гумару не зразумелі і сталі чыста канкрэтна высвятляць пытанне праз МЗС і пасольства ў Мінску. Тым болей што беларускія прадстаўнікі блыталіся ў паказаннях і вылучалі веер матываў. Хтосьці ўпіраў на тое, што «авёс цяпер дарагі», то бок нібыта пераважыла жаданне зэканоміць. А хтосьці вінаваціў трапіўшыя пад сякеру тэлеканалы ў парушэнні беларускага заканадаўства (маўляў, рэкламавалі тытунь, алкаголь і эротыку).

Уедлівыя незалежныя каментатары, са свайго боку, звярнулі ўвагу на тое, што выкіндэс — таксама, канешне, па чыстым супадзенні — закрануў каналы, якія ў апошні час лезлі ў асабістае жыццё беларускага афіцыйнага лідэра і спрабавалі вучыць яго дыпламатычнаму пратаколу.

А наогул, трэба сказаць, гэта той выпадак, калі нацыянальна свядомая апазіцыя не стала ўзнімаць шум наконт парушэння права на інфармацыю.

Не сакрэт, што гіпертрафіраваная прысутнасць электронных СМІ вялікай суседкі ў інфармацыйнай прасторы Беларусі даўно ёсць раздражняльнікам як для кіроўных вярхоў, так і для іх унутраных апанентаў.

Апошнія крытыкуюць уладу па-свойму: маўляў, памянялі шыла на мыла — запусцілі ў кабель «меней злосныя» маскоўскія каналы, хаця на добры лад даўно пара замест іх даваць украінскія, польскія, Бі-бі-сі і г.д.

Ну а зварот каўказскіх рэспублік, як паведаміў спікер ніжняй палаты Уладзімір Андрэйчанка, знаходзіцца на разглядзе профільнай парламенцкай камісіі. І, хутчэй за ўсё, чулыя да подыхаў з прэзідэнцкай Адміністрацыі дэпутаты будуць спяшацца павольна.

Ёсць нават храналагічная вяха: 7 траўня. У гэты дзень пройдзе ўстаноўчы саміт новай праграмы ЕС «Усходняе партнёрства». У саму праграму ўжо запрасілі Беларусь, а на саміт могуць запрасіць Аляксандра Лукашэнку.

Паедзе ён ці не, пытанне пакуль адкрытае. Але псаваць Захаду настрой прызнаннем Паўднёвай Асеціі і Абхазіі напэўна не разгоніцца як мінімум да гэтай даты.

Тым болей што ўжо ёсць першы плён разрадкі напружанасці. На падыходзе другая транша крэдыту МВФ (заадно і сігнал крамлёўскім: на вас свет клінам не сышоўся!), ідуць перамовы — натуральна, таксама пра грошы — з Сусветным банкам. Карацей, раскручваем пакрысе буржуінаў!

Брусель разглядае «Усходняе партнёрства» як тонкі план уцягвання сінявокай рэспублікі ў еўрапейскі кантэкст. Унутраныя праціўнікі Лукашэнкі ўжо не першы год скандуюць «Беларусь — у Еўропу!». І многія мяркуюць, што мяккая сіла Захаду можа стаць больш дзейснай, чым ранейшыя шпілечныя ўколы візавых санкцый супраць дзеячаў рэжыму.

Ну а ўлады спадзяюцца выкалупаць з праекта, як разынкі з булкі, фінансава-эканамічныя выгады. І ціха пасылаць Еўропу па прызначэнні ў пытаннях дэмакратыі і правоў чалавека, аб якіх мякка нагадаў у сваёй свежай рэзалюцыі Еўрапарламент.

Вынік гэтай схваткі стратэгій не відавочны. Еўропа лічыць сябе хітрай, але і беларускае начальства налаўчылася ў інтэграцыйных гульнях на ўсходнім напрамку. У Маскве толькі пасля дзесяцігоддзя «яднання» зразумелі, што іх банальна «разводзілі на бабкі». Цяпер афіцыйнаму Мінску самы час развярнуць выпрабаваны «інструмент для разводкі» на 180 градусаў.

Каментары10

Цяпер чытаюць

Шпакоўскі пра саўладальніка «Варгеймінга» Кацалапава: Прафінансаваў пратэсты на 296 тысяч даляраў2

Шпакоўскі пра саўладальніка «Варгеймінга» Кацалапава: Прафінансаваў пратэсты на 296 тысяч даляраў

Усе навіны →
Усе навіны

Перамовы па Украіне ў Лондане скасавалі

Трамп здае назад: ЗША знізяць шалёныя тарыфы ў дачыненні да кітайскіх тавараў15

«Дзеці схадзілі ў садок два дні. І я ўжо хачу забраць дакументы»: расіянка з Крыма ў шаленстве ад беларускага садка50

ЗША прапануюць Украіне мірны план, які дазволіць Пуціну захаваць захопленыя тэрыторыі. Сталі вядомыя амерыканскія прапановы8

Дзевяць чалавек загінулі ў Днепрапятроўскай вобласці пасля ўдару расійскага дрона

Адкуль у Беларусь едзе больш за ўсё гастарбайтараў? Топ-20 краін — і Пакістана тут пакуль няма9

Марка Рубіа не будзе на лонданскай сустрэчы па Украіне

Чаму беларусаў не прызначаюць кардыналамі?7

Навукоўцы Оксфардскага ўніверсітэта дзесяцігоддзямі пілі з чашы, зробленай з чалавечага чэрапа

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Шпакоўскі пра саўладальніка «Варгеймінга» Кацалапава: Прафінансаваў пратэсты на 296 тысяч даляраў2

Шпакоўскі пра саўладальніка «Варгеймінга» Кацалапава: Прафінансаваў пратэсты на 296 тысяч даляраў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць