Выбары-20203030

«Света, Света», — тысячы барысаўцаў кранальна сустрэлі Ціханоўскую ФОТЫ

Мітынг у Барысаве быў другім выездам Святланы Ціханоўскай і яе паплечніц у рэгіёны, але паездка ў Дзяржынск прайшла без належнай рэкламы, ды і праходзіла ўжо зусім на ўскрайку горада. Таму можна лічыць, што менавіта з Барысава пачалося турнэ альтэрнатыўнай кандыдаткі па краіне.

Сустрэча праходзіла каля ўнівермага «Веста» — гэта не цэнтр, але і ўскрайкам назваць цяжка. Побач адносна маладыя раёны ля вуліцы Трусава і бульвара Грэчкі, кінатэатр «Кастрычнік», аўтавакзал. Можна сказаць, што ў вялікай частцы барысаўцаў гэта такое тусовачнае месца. Праўда, сама пляцоўка аказалася зусім маленькай, а яшчэ з разбітымі ходнікамі. У выніку менавіта на пляцоўцы ўсе ахвочыя размясціцца не змаглі.

Прыкладна тут сама праходзіла сустрэча з Аляксандрам Мілінкевічам у 2006 годзе — гэта была адна з апошніх паездак кандыдата. На заснежаную пляцоўку каля «Весты» прыйшло каля 500 чалавек. Цяпер было мінімум разоў у шэсць болей. Я не памятаю ніводнай палітычнай акцыі ў Барысаве, якая б збірала больш за 3 тысячы чалавек. Такога не было ні ў кампанію 2010 года, ні ў маўклівую рэвалюцыю, ні ў пратэсты дармаедаў.

Праўладныя тэлеграм-каналы закідваюць тое, што людзі пачалі разыходзіцца, калі Ціханоўскую затрымалі па дарозе ў Барысаў, але гэта поўная хлусня. Наадварот толькі падыходзіла болей і болей. Ніхто і не думаў ісці дадому.

Людзі? Яны былі самыя розныя. І рабочыя шматлікіх барысаўскіх заводаў, і навучэнцы мясцовых ПТВ і тэхнікумаў, і старыя інтэлігенты, была і «олдскульная» апазіцыя як колішні лідар «Зубра» Зміцер Бародка, які на сёлетніх выбарах падтрымлівае Сяргея Чэрачня, маладыя бацькі з дзецьмі, прыехалі людзі з Жодзіна, з блізкіх вёсак.

На пляцоўцы грала падкрэслена беларускамоўная музыка: «Ляпіс», Лявон Вольскі, NIZKIZ. Зрэдку толькі яна разбівалася на ДДТ ці Цоя. І бел-чырвона-белых сцягоў у Барысаве на мітынгу было нямала: каля дзясятку. Засмучае хіба толькі тое, што можа толькі працэнтаў з 10 людзей былі ў абарончых масках. Здаецца, людзі ўжо канчаткова расслабіліся. На першых мітынгах у падтрымку Ціханоўскай на Камароўцы працэнтаў 95 было якраз у масках.

Інтэрнэт і мабільная сувязь у Барысаве працавалі кепска. Дзіва, калі на «Барысаў-Арэне» збіраецца пад 15 тысяч гледачоў, то перабояў амаль няма, а тут вісіць пры меншай колькасці.

Валанцёры Ціханоўскай былі апранутыя ў белыя маечкі з эмблемамі сэрца, кулак і V (вікторыі). Вестка пра затрыманне кандыдаткі па дарозе прыйшла хутка, але падалося, што ніхто не хваляваўся. Усе цярпліва чакалі. Міліцыі, прынамсі, у форме заўважна не было зусім.

Калі кандыдатка ўсё ж прыехала, то над Барысавам загучала «Света, Света». І гэта, відавочна, не было падрыхтаваным загадзя, а першае, што прыйшло на розум людзям. Такое кранальнае і наіўнае: «Света, Света».

Сама Ціханоўская пакуль што не стадыённы трыбун, яна крыху няўпэўненая, саромеецца такой папулярнасці. Яна не адважваецца адыходзіць ад напісанага тэксту. Толькі аднойчы, калі людзі з натоўпу сталі аджартоўвацца на тэму каранавіруса, то і сама Святлана стала ім адказваць.

Зрэшты, здаецца, людзям і падабаецца, што Ціханоўская зусім не палітык, тое, што яна пазіцыянуе сябе як «простую жанчыну». Яна шмат цісне на сентыментальнасць. Напрыклад, як гуляла з мужам па Барысаве пару гадоў таму, і тады думаць не магла, што стане кандыдатам, а Сяргей будзе сядзець у СІЗА. «Я тады была шчаслівая. Я і цяпер у нейкім сэнсе шчаслівая, бо адчуваю надзею».

Да чаго заклікала Ціханоўская? Не хадзіць на датэрміновае галасаванне, прыходзіць на ўчасткі толькі ў дзень выбараў, а ў выпадку фальсіфікацый абараніць свае галасы. Як менавіта абараняць галасы? Святлана не казала. Затое яна гаварыла, што пры вялікай яўцы сфальсіфікаваць выбары будзе цяжка.

«Мне ўлада не патрэбная, я за сумленныя выбары», — казала кандыдатка. «А ці будзеце вы пра людзей клапаціцца?» — пачулася з натоўпу. «Тыя паўгода, якія я буду пры ўладзе, абавязкова буду», — сказала яна.

Падрыхтавала кандыдатка і пару словаў пра Барысаў. «Барысаў павінен стаць прамысловым гонарам краіны», — казала Ціханоўская. Вядома, яе словы сустракалі авацыямі.

Прадстаўніца штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава надзвычай упэўнена трымаецца на сцэне, яна нібыта прыроджаная выступаць для вялікай колькасці людзей, артыстычнае мінулае нікуды так не знікае.

Калеснікава звярталася да вайскоўцаў, у Барысаве знаходзіцца некалькі вайсковых часцей, а таксама штаб Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання. Яна казала, што ўлады не паважаюць сілавікоў, а новая ўлада будзе.

«Вы такія прыгожыя, неверагодныя», — казала Калеснікава.

«Мы павінны працягнуць ціснуць уладу любымі сродкамі, — працягвала прадстаўніца Бабарыкі. — Кожнае парушэнне закона павінна быць зафіксавана. Цяпер як ніколі шмат яны пакідаюць слядоў».

Агулам мітынг цягнуўся каля гадзіны. Сыходзілі Ціханоўская і Калеснікава пад усё тое ж «Света, Света», а таксама «Верым. Можам. Пераможам». Назаўтра іх чакаюць Глыбокае, Наваполацк і Віцебск.

Каментары30

Цяпер чытаюць

ДФР кашмарыць транспартнікаў: у вялікіх лагістычных аператараў крымінальныя справы, вобшукі і арышты17

ДФР кашмарыць транспартнікаў: у вялікіх лагістычных аператараў крымінальныя справы, вобшукі і арышты

Усе навіны →
Усе навіны

Самая шчаслівая краіна ў свеце апынулася ў лідарах па смяротнасці ад наркотыкаў10

«Дзіўнае жаданне ў гэтыя дні». Зяленскі не рэкамендуе замежным палітыкам ехаць 9 мая ў Маскву6

Кучынскі: Падчас візіту Ціханоўскай у Арменію беларускія ўлады спрабавалі задзейнічаць механізмы міжнароднага вышуку6

Двух былых міністраў абароны Кітая прыгаварылі да смерці. Перад самым арыштам аднаго з іх расхвальваў Лукашэнка

Беларускага прызёра Алімпіяды ў Парыжы злавілі на допінгу1

Расійскі ўрад прапанаваў перагледзець правілы легалізацыі расіян у Беларусі4

Мак.by прыпыніў будаўніцтва рэстарана ў Барысаве

Яшчэ адзін беларускі хакеіст падпісаў кантракт з клубам НХЛ1

Здранцвенне і страх. Беларусы ўдзельнічаюць у Венецыянскім біенале з ашаламляльным павільёнам ШМАТ ФОТА24

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ДФР кашмарыць транспартнікаў: у вялікіх лагістычных аператараў крымінальныя справы, вобшукі і арышты17

ДФР кашмарыць транспартнікаў: у вялікіх лагістычных аператараў крымінальныя справы, вобшукі і арышты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць