Шмат каго таксама хвалюе, ці няма дэфіцыту паліва па дарозе з Беларусі да Масквы.

Гадзінамі ў чарзе цяпер стаяць не толькі на ўезд у ЕС
Падарожнікі адзначаюць, што на беларуска-расійскай мяжы можна правесці ў чарзе па некалькі гадзін, прычым у кожны бок.
Чалавек, які 22 чэрвеня вяртаўся з Расіі ў Беларусь, піша ў Трэдс, што мяжу ў кірунку Смаленск — Віцебск на аўто прайшлі за 1,5 гадзіны. Ён жа двума тыднямі раней на шляху з Беларусі ў Расію правёў цэлыя 2 гадзіны ў чарзе.
Пры гэтым мужчына дадае, што ў папярэднія гады на праход мяжы ў яго трацілася літаральна па пяць хвілін.
Некаторыя каментатары адзначаюць, што для гэтай трасы 1,5 гадзіны — гэта яшчэ даволі хутка.
«Гэта вы хутка. Па 2—3 гадзіны на гэтым КПП у апошнія 2 месяцы — гэта ўжо звыкла», — напісала адна з каментатарак.
Іншая справаздачыцца, што ў ноч на 12 чэрвеня наогул правяла ў чарзе тры гадзіны.
«На зваротны шлях выбралі іншую дарогу праз Вялікія Лукі, мяжы там няма, але ёсць жвіровая дарога ў 30 км», — дадае яна.
Ехаць лесам
Людзей, якія раяць аб'язджаць асноўную трасу ляснымі шляхамі, хапае.
Мужчына, які пазаўчора ехаў з Мінска ў Смаленск праз М-1 і быў у шоку ад чаргі, адпісаў, што назад у Беларусь ехаў ужо праз пост, які знаходзіцца недзе ў лесе, таму там было ўсяго дзве машыны.

Іншыя дадаюць, што падобныя лайфхакі працуюць толькі на выезд з Расіі, а на ўезд усё адно давядзецца трошкі пачакаць.
Таксама некаторыя адзначаюць, што памер чаргі нават на М-1 моцна залежыць ад часу і дня тыдня.
«Гледзячы ў які час патрапіць: у пятніцу ўвечары з РБ у РФ за 40 хвілін трапілі, а ў нядзелю вечарам вярталіся ў Беларусь — і наогул чаргі не было», — піша адзін з карыстальнікаў.
Жанчына, якая часта перасякае мяжу, сцвярджае, што чэргі цяпер ёсць амаль заўжды.
«Цяпер часцей за ўсё норма 1,5 гадзіны і вышэй, рэдка шанцуе прайсці хутчэй», — дзеліцца досведам.
Праверкі ладзіць толькі расійскі бок
Агулам жа тэндэнцыя такая, што трапіць у Беларусь з Расіі можна хутчэй, чым з Беларусі ў Расію, паколькі кантроль праводзіць выключна расійскі бок і на ўездзе ў РФ ён больш глыбокі.
Агулам жа, калі на М1 вялікі затор, то раяць ехаць праз вёску Ляды. Маўляў, там і чэргаў звычайна няма, ды і сам дагляд праходзіць хутчэй.
У падарожнікаў правяраюць дакументы, багаж і аглядаюць аўтамабіль.
Сярод каментатараў нямала тых, хто адзначае, што цяпер на праезд мяжы з Расіяй часу сыходзіць як на праезд у ЕС.
Што яшчэ хвалюе тых, хто едзе ў Расію?
Акрамя чэргаў і таго, куды праехаць хутчэй, у прыгранічных чатах у апошнія дні актыўна абмяркоўваюць паліва.

Шмат каго хвалюе, ці няма дэфіцыту паліва па дарозе з Беларусі да Масквы.
Людзі паведамляюць, што ў Смаленскай вобласці з палівам праблем няма, праўда, на запраўках чэргі па 5—7 машын на кожную калонку.
Таксама актыўна абмяркоўваюць нормы правозу паліва ў каністрах. Людзі пішуць, што, паводле слоў расійскіх памежнікаў, у Расію з Беларусі можна везці не больш за 100 літраў паліва. Галоўнае, каб тара была жалезнай, маўляў, з пластыкавымі могуць быць пытанні.
Каментары