Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»22

Лукашэнка паціснуў руку Сурыкаву, але падгуляў Еўропе

Адмовіўшыся ад спакусы стаць галоўным ньюсмейкерам у Празе, беларускі афіцыйны кіраўнік зрабіў паслугу не Маскве, а Бруселю. Піша ў сваім блогу на НН Аляксандр Класкоўскі.

Устаноўчая імпрэза «Усходняга партнёрства» ў пахмурнай Празе атрымалася болей будзённай, чым многія чакалі. Нават выніковую дэкларацыю, як высветлілася, падпісваць не прадугледжвалі — бакі проста сімвалічна абмяняліся копіямі тэксту. Дый не толькі Лукашэнка, але і лідэры шэрагу буйных заходніх краін у чэшскую сталіцу не прыляцелі.

Што ж да Лукашэнкі, то ён у гэты дзень яшчэ і паказальна сустрэўся з расійскім амбасадарам. Прычым адразу падкрэсліў, што хоча дакласці пра сутнасць сваёй гутаркі з Юшчанкам у Гомелі. Маўляў, ніякіх сакрэтаў і ніякіх камянёў за пазухай. Так і ведайце: «Усходняе партнёрства» — не ва ўрон Расіі.

Канечне, у Маскве не такія прасцякі, каб весціся на піяраўскія рэчы. І хоць разумеюць, што Лукашэнку сварыцца з Расіяй сапраўды няма рацыі, але на новую праграму ЕС усё адно будуць касавурыцца. Якая б ні была абгортка, а патыхае геапалітыкай. Тое, што на мове Бруселя дыпламатычна называецца поясам добрасуседства, для Масквы — санітарны кардон. Абкладаюць!

Варта згадаць, як нервова адрэагавала расійскае кіраўніцтва на супольную сакавіцкую дэкларацыю Кіева з Бруселем аб мадэрнізацыі ўкраінскай газатранспартнай сістэмы. У Гомелі напярэдадні пражскага саміту кіраўнікі Беларусі і Украіны таксама шмат гаварылі пра энергетыку.

Пастфактум з вуснаў Лукашэнкі прагучала: «Віктар Юшчанка сказаў, што Еўропа цікавіцца пазіцыяй Беларусі па энергетычных пытаннях, транзіце. Я адказаў: так, гэта нам вельмі выгадна, усе праекты будуць намі падтрымлівацца і рэалізоўвацца».

Не сакрэт, што звышзадача Еўропы пры гэтым — аслабіць дыктат усходняй «энергетычнай імперыі».

Ці выпадкова у Прагу паляцеў Сямашка — куратар беларускай энергетыкі? А міністр Мартынаў там жа абмяняўся з еўракамісаркай Ферэра-Вальднер тэкстамі пагаднення аб супрацы між Беларуссю і ЕС у сферы энергетыкі. Працэс пайшоў!

Адметна, што Сурвіла, Пазьняк, Шушкевіч і Казулін у супольнай заяве датычна «Усходняга партнёрства» таксама робяць акцэнт на тым, што «прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва ў галіне эканомікі маглі б стаць энергетыка і дыверсіфікацыя паставак энергетычных рэсурсаў, менавіта — інвестыцыі ў праектную і тэхналагічную дзейнасць па транспарціроўцы энергетычных рэсурсаў (нафты, газу, электрычнасці)».

Лукашэнка ж, адмовіўшыся ад спакусы стаць галоўным ньюсмейкерам у Празе, падгуляў, як ні парадаксальна, не Маскве, а Еўропе. Пазбавіў яе дзеячаў ад маральных згрызот. Ды і перад беларускай апазіцыяй Еўропа ў выніку выглядае болей прыстойна: як вы і замаўлялі, панове — ніякіх поціскаў рукі «апошняму дыктатару»!

Пазбягаючы скандалу, беларускі афіцыйны кіраўнік такім чынам дэ-факта прадэманстраваў зацікаўленасць у гладкім разгортванні стасункаў з ЕС.

У дзень стрыманай інаўгурацыі новай праграмы стала выразна бачна: гэта толькі рама для карціны, якую яшчэ належыць намаляваць. І няма гарантыі, што атрымаецца шэдэўр.

Па-першае, праект пракруцілі хутка: падштурхнулі вайна на Каўказе ды зімовы газавы канфлікт Масквы з Кіевам. Таму праграма сырая, туманная. Ды і грошай на яе адшкадавалі з вераб’ёву дзюбу. Па-другое, старая Еўропа не гарыць жаданнем надта адчыняць абдымкі «ўсходнім партнёрам». Напрыклад, Сарказі, які саміт праігнараваў, болей глядзіць на Міжземнамор’е, у бок былых французскіх калоній, чым на ўсход кантынента. Па-трэцяе, і самі «ўсходнія партнёры» нагадваюць натоўп бесталковых навабранцаў.

Так што змрочныя прагнозы аўстрыйскай Die Presse пра пагрозу мёртванароджанага дзіцяці не такія ўжо і беспадстаўныя. Гэта суцешыла б Маскву, але было б не на карысць нашай краіне, для якой жыццёва важныя нават міліметры ў Еўропу.

Канкрэтнае напаўненне праграмы — гэта тое поле, дзе можа сказаць слова і грамадзянская супольнасць. Ці будзе працяг тых пробліскаў кансалідацыі, што назіраюцца ў асяроддзі апазіцыі (ну хто думаў, што Пазьняк з Казуліным стануць выступаць адзіным фронтам)?

Зрэшты, відавочна, што сёння на рэжым рэальна могуць ціснуць крызіс ды расійскі чыннік. У інтэрв’ю Рэйтэр Лукашэнка зноў не ўтрымаўся ад крыўдаў на Маскву. Дэ-факта гэта і ёсць адно з тлумачэнняў еўрапейскага трэнду Мінска.

Пры ўсіх добра вядомых «але», звязаных са спецыфікай рэжыму і мяккацеласцю ЕС, трэнд гэты — у рэчышчы нашых нацыянальных інтарэсаў.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Аляксандр Лукашэнка пракульгаў па чырвонай дарожцы на плошчы Цяньаньмэнь. Коля выконваў ролю ахоўніка10

Аляксандр Лукашэнка пракульгаў па чырвонай дарожцы на плошчы Цяньаньмэнь. Коля выконваў ролю ахоўніка

Усе навіны →
Усе навіны

У Фінляндыі пасадзілі ў турму лідара нігерыйскіх сепаратыстаў

З сакавіка Польшча адмовіла ў міжнароднай абароне амаль тысячы іншаземцаў1

Нехта ад імя Вольгі Карпушонак выйшаў на сувязь з «Нашай Нівай»15

«Мы гулялі не за іх сцягі, а за нашу краіну». Галоўны трэнер «Нёмана» — пра заўзятараў з бел-чырвона-белымі сцягамі19

Паўлу Латушку прыслалі беларускамоўны ліст з запалохваннямі і парадамі, што рабіць10

Расія і ЗША рыхтуюць новы раўнд кансультацый1

Патрэбы НАТА мяняюць эканоміку Еўропы. Але еўрапейскай абаронцы не хапае шэрагу крытычна важных прадуктаў

Наркотыкі, піратэхніка, падробка білетаў: за што затрымлівалі беларусаў на канцэрце Каржа3

Сі Цзіньпін не стаў чакаць Пуціна, які спазніўся на фатаграфаванне2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аляксандр Лукашэнка пракульгаў па чырвонай дарожцы на плошчы Цяньаньмэнь. Коля выконваў ролю ахоўніка10

Аляксандр Лукашэнка пракульгаў па чырвонай дарожцы на плошчы Цяньаньмэнь. Коля выконваў ролю ахоўніка

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць