Лукашэнка абяцае кітайцам пабудаваць другую АЭС для іх цяпліц, а зарабляць на кветках і гародніне будуць Баскаў з Цяцерыным
Аляксандр Лукашэнка прапануе Кітаю будаваць у Беларусі цяплічныя комплексы для вырошчвання гародніны і кветак. Ён абяцае танныя газ і электрычнасць, рынкі збыту і кваліфікаваную працоўную сілу. А зарабляць на кветках і гародніне з тых цяпліц будуць набліжаныя да яго бізнэсмены.

Аляксандр Лукашэнка прапануе Кітаю будаваць у Беларусі цяплічныя комплексы для вырошчвання гародніны і кветак, а вырашчаную прадукцыю пастаўляць не толькі на ўнутраны рынак, але і за мяжу, уключаючы сам Кітай. Аб гэтым ішла размова на яго сустрэчы ў Пекіне з прадстаўнікамі шэрага кітайскіх кампаній, піша БелТА.
«Мы вас чакаем у Беларусі. Зямель і глебы, прыдатнай для цяпліц, у нас хапае. Калі вы выкарыстоўваеце штучнае арашэнне і падкормку раслін, мы крыху ўмеем гэта рабіць. Людзі, якія могуць працаваць на гэтых комплексах, у Беларусі ёсць», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніцтвам кампаніі «Шаньдун Лісэнтэ Агратэхноладжы» на чале са старшынёй праўлення Ванам Шаўбо.
Лукашэнка распісваў канкурэнтныя перавагі Беларусі, нават паабяцаў пабудаваць другую АЭС, каб даць танную электрычнасць:
«У нас прымальны кошт прыроднага газу, лішкі электраэнергіі (мы плануем пабудаваць другую атамную станцыю, мы яе абавязкова пабудуем). Таму вы можаце сур'ёзна разгарнуцца ў Беларусі, на нашым рынку.
Што вельмі важна, мы вельмі шмат такой прадукцыі сёння прадаём у Расіі. Расійскі рынак неабсяжны. У Еўропе вельмі патрэбна гэта прадукцыя. Таму калі хутка разгорнемся, мы можам атрымаць любую агародніну і прадаць на неабмежаваных рынках», — сказаў ён.

На сустрэчу ў Кітаі былі запрошаныя і набліжаныя да сям'і Лукашэнкі сенатар, былы трэнер Колі Лукашэнкі Дзмітрый Баскаў, а таксама бізнесмен, сябра Лукашэнкі Сяргей Цяцерын.
Аказалася, што першы праект пабудуюць у Віцебскай вобласці, як распавёў сам Цяцерын.
«На сустрэчы з бізнэс-партнёрамі мы прыйшлі да таго, што гэты праект будзе жыць, будзе рухацца. У іх вельмі цікавыя сёння пытанні, звязаныя з селекцыяй. Гародніннай, фруктовай. Тое, што можа быць карысным нашай краіне. Ёсць памідоры, агуркі такой формы, якіх я сам раней не бачыў. Ёсць куды імкнуцца. І гэта ў нас сумесны інвестыцыйны праект, які будзе жыць у Беларусі. Мы дамовіліся сустрэцца ўжо ў верасні, і гэты праект пачне рухацца спачатку ў Віцебскай вобласці, а потым далей па краіне», — распавёў бізнэсмен.
У Баскава, выглядае, будзе іншы кірунак — ён хваліў кветкавы бізнэс.
«На сустрэчах з бізнэс-кампаніямі была кітайская ініцыятыва па будаўніцтве і эксплуатацыі цяпліц у Рэспубліцы Беларусь. Цяпліц, у якіх будуць вырошчвацца прыгожыя кветкі», — сказаў журналістам Баскаў і таксама дадаў, што кітайцаў з іх тэхналогіямі чакаюць у Беларусі, у нас ёсць усе неабходныя ўмовы для паспяховых будаўніцтва і эксплуатацыі цяпліц — прыродны газ, дастатковая колькасць электраэнергіі, айчынныя ўгнаенні і, вядома ж, кваліфікаваныя кадры.
«Таму я думаю, што ў нас павінен атрымацца добры сумесны кітайска-беларускі праект», — сказаў Баскаў.
Цяпер чытаюць
Зніклы Анатоль Котаў быў партнёрам самага высокапастаўленага беларускага разведчыка, які пераехаў у Польшчу. Тут можа быць ключ да разгадкі яго знікнення

Каментары
-NN
дзеля тых хто не зразумеў ,
1) 2 АЭС, гэта 60 % эклектычнасці + мясцовая магчымасці каля 20%. І Масковія не зможа шантажаваць РБ
2) Усё ў Беларусі будуецца дзеля ЭЗ.
3) Маскоўская імперыя памірае і Саша гэта цудоўна ведае