Грамадства

«Украінцы жартуюць: не хвалюйцеся, зараз вызвалім сябе, пойдзем ратаваць вас». Пагутарылі з беларусам, які запісаўся ў тэрытарыяльную абарону Украіны

Калі Кіеў пачалі бамбіць, некаторыя беларусы, якія там жылі, вырашылі застацца, каб абараняць Украіну. Адзін з іх — Яўген Міхасюк. Хлопец расказаў, якую падрыхтоўку праходзіць і як да яго ставяцца ўкраінскія абаронцы.

Яўген Міхасюк пайшоў у тэрытарыяльную абарону Украіны. Фота: «Вясна»

Яўгену 27, ён працаваў менеджарам у сферы, набліжанай да ІТ. Апошнія восем год таксама быў грамадскім актывістам. Яго затрымлівалі яшчэ да выбараў, у ліпені 2020, за ўдзел у велапрабегу салідарнасці.

Хлопец жыў ва Украіне апошнія паўтара года — з’ехаў пасля пратэстаў у 2020-м. Ён тлумачыць, чаму цяпер замест эвакуацыі выбраў барацьбу.

«Украіна — вельмі класная, свабодная і прагрэсіўная краіна. І калі перад гэтай краінай, якая скінула з сябе саўковы рэжым, стала пагроза паглынання Расіяй, то я вырашыў: хопіць бегчы. Далучыўся да гэтага змагання. Украіна — нацыя, якая сапраўды бароніць сваю зямлю і сваю свабоду».

У войску Яўген не служыў. Але хадзіў у цір, займаўся самападрыхтоўкай, бо цікавіла гэтая тэма. Калісьці таксама прафесійна займаўся боксам і барацьбой. Запісацца ў тэрытарыяльную абарону ён змог па сваіх сувязях.

«Бо каб патрапіць туды беларусу (а Беларусь — краіна-агрэсар), трэба, каб цябе хтосьці пацвердзіў, сказаў, што ты не сепаратыст і не лукашыст, — кажа хлопец. — Амуніцыя паступова выдаецца, але вы павінны разумець, які цяпер маштаб мабілізацыі ва Украіне, таму не ўсё адразу. Штосьці спрабуем набываць самі.

Фота з асабістага архіву

Я не з’яўляюся проста цяпер абаронцам рэгіёна. Мы выконваем розныя ваенныя задачы, якія перад намі ставяцца (напрыклад, разгрузка прыпасаў), але пакуль што не сутыкаемся напрамую з расейцамі. Праходзім навучанне.

І гэта вельмі важна. Як кажа наша кіраўніцтва, у гэтым цяпер вялікая перавага Украіны над Расіяй — апошняя пускае непадрыхтаваных салдат, а ва Украіне ў першых шэрагах ваюе прафесійная армія з досведам баявых дзеянняў на Данбасе. А мы цяпер рэзерв, падтрымка».

У вучэбцы Яўген асвойвае асновы медыцыны, тактычную падтрыхтоўку, абыходжанне са зброяй.

«Я лічу, беларусы абавязаныя ехаць сёння ва Украіну»

У падраздзяленні, куды трапіў хлопец, большасць — беларусы.

«У асноўным гэта маладыя людзі — 25-35 год, абсалютна розных прафесій. Насамрэч, беларусаў, якія ўдзельнічаюць у абароне Украіны, даволі шмат, але яны не сабраныя ў адзін атрад. Шмат тут і былых беларускіх вайскоўцаў.

Да нас ставяцца вельмі добра. Украінцы кажуць: ваў, клас, беларусы, расказвайце пра такую магчымасць іншым. Шмат жартаў на тэму «не хвалюйцеся, зараз вызвалім сябе, пойдзем ратаваць вас».

Украінскія вайскоўцы па-сяброўску ставяцца да беларусаў, але, канечне, перад тым, каб стаць такімі, яны хочуць упэўніцца, што ты нармальны чалавек», — дзеліцца Яўген.

Фота з асабістага архіву

Ён расказвае, што спрабаваў звязвацца са Святланай Ціханоўскай. Прапанаваў ёй дапамагчы беларусам афармляцца тут як вайсковым структурам. Але на яго паведамленне не адказалі.

«Я лічу, беларусы абавязаныя ехаць сёння ва Украіну. Гэта няпроста, але можна ісці ў амбасаду і дамагацца, каб дазволілі далучыцца да ўкраінскіх абаронцаў. Мне падаецца, гэта адзіны шлях для Беларусі да вызвалення ў гэтай сітуацыі.

Канечне, страшна, — не хавае Яўген эмоцый ад таго, што цяпер знаходзіцца ў прыфрантавой зоне. — Але гэта мой выбар, і ўсё. Я адчуваю сябе на сваім месцы, лічу, што раблю так, як павінен».

Чытайце таксама:

Беларускі праграміст з Google ахвяруе Украіне месячны заробак — $20 тысяч: «Я раней не верыў, што Расія ненавідзіць усё нерасійскае»

Вайна ва Украіне. Шосты дзень АНЛАЙН

Каментары

Цяпер чытаюць

З'явілася відэа палёту беспілотніка над Гомелем. Ён праляцеў праз цэнтр горада ў бок Украіны9

З'явілася відэа палёту беспілотніка над Гомелем. Ён праляцеў праз цэнтр горада ў бок Украіны

Усе навіны →
Усе навіны

Віктар Бабарыка: «Калі ў мяне спытаюць: «Цябе катавалі?», я скажу: «Я не ведаю»54

У Мінску на будоўлі пасля ўдару кранам загінуў рабочы

Бабарыка пра сябе ў 2020-м: Гэта не наіўнасць. Не думаю, што такога крыважэрнага сцэнара нехта чакаў103

У якой разведкі была найлепшая інфармацыя з Беларусі ў лютым 2022 і хто паведаміў Буданаву, што асноўны ўдар расіян будзе на Гастомель. З’явілася вялікая публікацыя19

«Гэты ўдар цяжка пераацаніць». Чым унікальная атака «Фламінга» на завод у Воткінску1

З'явіліся новыя расцэнкі на газ, цяпло і электрычнасць для насельніцтва1

Частку трупаў нават не закопвалі. Адкрыліся вусцішныя падрабязнасці пра падзеж жывёлы ў Клецкім раёне

«Гігабайты скончыліся, ляжыць відэа». Беларусы дзеляцца, ці хапае ім мабільнага інтэрнэту пасля абмежаванняў11

У Слоніме навучэнку каледжа пазбавілі права самой распараджацца стыпендыяй

больш чытаных навін
больш лайканых навін

З'явілася відэа палёту беспілотніка над Гомелем. Ён праляцеў праз цэнтр горада ў бок Украіны9

З'явілася відэа палёту беспілотніка над Гомелем. Ён праляцеў праз цэнтр горада ў бок Украіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць