Помнік вядомым акцёрам Яроменкам прыбралі з іх магілы паўтара года таму. Яго дэмантаж не ўзгаднілі з роднымі. І ён дагэтуль застаецца ў Тэатры імя Янкі Купалы.

На адсутнасць надгробка на магіле славутых акцёраў звяртаюць ўвагу наведнікі некропаля. На яго месцы цяпер пустка. Стаіць толькі крыж па Галіне Арловай, а на ім пачэпленыя шыльды з датамі жыцця акцёраў, што былі кумірамі сваіх пакаленняў.
Народная артыстка Беларусі Галіна Арлова памерла ў 2021 годзе. Яна маці Мікалая Яроменкі-малодшага і жонка Мікалая Яроменкі-старэйшага.
Як высветліла «Наша Ніва», помнік Яроменкам быў дэмантаваны ў 2021 годзе.
«Дырэктар Купалаўскага тэатра сказаў, што Галіну Арлову трэба хаваць побач з мужам і сынам. Таму было вырашана разабраць помнік. Цяпер ён на тэрыторыі Тэатра імя Янкі Купалы. Але працэс яго вяртання на месца расцягнуўся», — расказалі нам.

Рашэнне аб дэмантажу помніка не было ўзгоднена з роднымі нябожчыкаў, таму яны адмовіліся фінансаваць яго рэстаўрацыю. Неразбярыха з пытаннем, адкуль браць сродкі, зацягнула працу і вяртанне помніка на месца.
Міністр культуры Анатоль Маркевіч распарадзіўся скарыстацца грашыма з фондаў Тэатра імя Янкі Купалы.
У тэатры запэўнівалі, што рэстаўрацыйныя працы з помнікам працягваюцца і ахвяраванняў ад грамадзян не патрабуецца.
На вернутым помніку Яроменкам будзе пазначана і Галіна Арлова.

Мікалай Яроменка-старэйшы памёр у Мінску 30 чэрвеня 2000 года 84-гадовым ад сардэчнага прыступу. Ëн народны артыст Беларусі, у яго даробку дзясяткі роляў у тэатры і кіно. Палітычна ён быў адданым лукашэнкаўцам, за што яго пасля канстытуцыйнага перавароту 1996 года прызначылі на сінекуру ў Савет Рэспублікі першага склікання.
Мікалай Яроменка-малодшы памёр у Маскве 27 мая 2001 года ў 52-гадовым веку ад інсульту. З 1976 года быў акцёрам расійскай кінастудыі імя Горкага. Славутым ён стаў пасля адной з галоўных роляў у савецкім баевіку «Піраты ХХ стагоддзя», а таксама ў прыгодніцкім серыяле «У пошуках капітана Гранта». Як і ў бацькі, у яго дзясяткі роляў у кіно. У год смерці ён стаў дарадцам па культуры пасольства Беларусі ў Маскве.
Галіна Арлова памерла 21 жніўня 2021 года ў Мінску ў 92 гады. Яна народная артыстка Беларусі. Усю сваю акцёрскую кар’еру адпрацавала ў Купалаўскім тэатры. Яна не была вядомай, як муж і сын. Галоўныя свае ролі адыграла на тэатральнай сцэне.
Яроменкі і Арлова пахаваныя на алеі з магіламі знаных беларускіх акцёраў на Усходніх могілках.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬГлядзіце таксама:
У Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы набралі акцёраў з Расіі
«Квіткоў было не купіць!» Што за спектакль з аншлагам прэзентавалі «Купалаўцы»
Ніхто не ведаў яе сапраўднага імя. Таямніца Галіны Макаравай
Цяпер чытаюць
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары