То козы, то сувязісты, то касцы. У Чэрыкаве ўжо два разы спрабавалі закласці парк каля возера, ды ўсё не па кані корм
У Чэрыкаве на пустцы каля возера ў раёне вуліц Кавалёва і Сормаўскай ужо неаднаразова спрабавалі высадзіць саджанцы ліпы і бярозы, каб стварыць паркавую зону. Аднак кожны раз умешваюцца розныя абставіны, і праца ўрэшце ідзе ў глум, піша раённая газета «Веснік Чэрыкаўшчыны».

Пяць гадоў таму саджанцы ліпы тут высаджвалі пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама. Аднак не ўлічылі, што сюды любіла вадзіць пасвіць свой казіны статак мясцовая жыхарка з дому непадалёк. Скончылася тым, што жывёлы пааб'ядалі парасткі, і яны засохлі.
Увосень 2021 года мясцовы жыхар Віктар Раманаў, кіраўнік аднаго з грамадскіх аб’яднанняў, паспрабаваў пасадзіць парк другі раз. Гэтым разам саджалі ліпы і бярозы, і козы ў справу не ўмешваліся: з іхнімі гаспадарамі правялі тлумачальную работу. Але было каму шкодзіць і без коз.
«Прыкладна праз тыдзень пасля пасадкі некалькі дзясяткаў саджанцаў было вырвана з каранямі, — распавёў выданню Віктар Раманаў. — На наступны год на месцы пасадкі засталося каля 10 саджанцаў, астатніх нават выдранымі не аказалася».

Намеснік старшыні Чэрыкаўскага райвыканкама, які курыруе пытанні будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, Дзмітрый Клімянкоў выказаў здагадку, чым можа тлумачыцца гэтая прыкрая з'ява.
«З досведу скажу: часам мы сутыкаемся з тым, што грамадзяне прапаноўваюць азеляніць той ці іншы ўчастак у горадзе або іншых населеных пунктах раёна, але, як высвятляецца пазней, у гэтых месцах пралягаюць рознага роду камунікацыі, якія не сумяшчальныя з пасадкамі дрэў.
Наколькі мне вядома, у месцы, пра якое ідзе гаворка, таксама пралягаюць лініі сувязі, на вызначанай адлегласці ад якіх не могуць быць пасаджаныя і расці дрэвы. Гэта патрабаванне павінна абавязкова выконвацца».
Але і дзесяці саджанцам, якія ўпісаліся ў патрабаванні сувязістаў па адлегласці, спакойнага жыцця ніхто не забяспечыў:
палову іх сёлета проста скасілі падчас чарговай касьбы ўзбочын.
Цяпер раённае начальства разважае: ці варта ўвогуле закладаць парк ля гэтага возера, ці ўжо хай будзе як ёсць. Калі вынік разваг будзе станоўчы, то ўвосень, магчыма, паспрабуюць зрабіць гэта ўжо трэці раз.
Цяпер чытаюць
Беларусь ужо не толькі пра палітвязняў. З чым Святлана Ціханоўская паехала на адзін з галоўных форумаў па бяспецы ў ЗША і што там рабіў Сяргей Ціханоўскі
Каментары