Культура

У Варшаве рыхтуюць лялечны спектакль пра Купалу па матывах п’есы Караткевіча

Варшаўскі тэатр лялек «Батлейка +» і Хор вольных беларусаў падрыхтавалі спектакль «Купала. Пачатак» па матывах п’есы Уладзіміра Караткевіча «Калыска чатырох чараўніц». «Будзьма» схадзіла на генеральную рэпетыцыю і распавядае, чаму варта паглядзець спектакль. Прэм’ера адбудзецца 12 кастрычніка ў Варшаве.

Хто зрабіў спектакль

«Купала. Пачатак» — гэта батлейка плюс музыка. Музычную частку спектакля ўзялі на сябе Хор вольных беларусаў і Беларуская музычная школа ў Варшаве. Іх спевы дапаўняюць лялечны спектакль. 

Жывыя акцёры задзейнічаныя таксама ў сцэне перадгісторыі асноўнага дзеяння, дзе паказаныя некаторыя моманты жыцця Кастуся Каліноўскага.

Пра што спектакль і чаму ён актуальны

Спектакль звязвае адразу некалькі постацяў, важных для беларускай гісторыі і культуры: паказана, як Кастусь Каліноўскі паўплываў на жыццёвы выбар Янкі Купалы, пра што Уладзімір Караткевіч у 1981 годзе напісаў п’есу «Калыска чатырох чараўніц».

«Нам падалося, што «Калыска чатырох чараўніц» — вельмі актуальная п’еса ў наш час, — кажа адзін са стваральнікаў спектакля Зміцер Хведарук. — Там паказаны гістарычны фон, дзякуючы якому Купала стаў Купалам. Гэта адгалоскі паўстання Каліноўскага. Паўсюль у Вялікім Княстве Літоўскім шляхта марыла аб тым, каб аднавіць незалежнасць. Паўстанне было задушана, на тэрыторыю Княства ўвайшлі расейскія войскі. Паўстанец, сябар Каліноўскага, рэальны гістарычны персанаж Зыгмунд Чаховіч дапамог Купалу знайсці свой сапраўдны беларускі голас, і гэта вельмі крута апісана ў п’есе Караткевіча.

Нам падалося, што гэта твор якраз пра ідэнтычнасць беларусаў у гэтых умовах, салідарнасць і пра тое, што трэба гаварыць усяму свету, што мы — беларусы».

«Мы хацелі паказаць час на раздарожжы, калі людзі не ведаюць, што рабіць. Можа быць, пастаноўка зматывуе кагосьці пачытаць п’есу «Калыска чатырох чараўніц», — кажа іншая стваральніца спектакля, Ганна Апановіч.

Для каго пастаноўка

Па словах Ганны Апановіч, у спектаклі задзейнічана толькі адна сюжэтная лінія з п’есы Караткевіча, а іх там значна больш. Але нават гледачу, які незнаёмы з гэтым творам, будзе зразумела, пра што гаворка. Стваральнікі спадзяюцца, што на прэм’еру завітаюць і дарослыя, і дзеці, а найбольш разлічваюць на гледачоў, якія прыйдуць сем’ямі.

Народныя песні ў спектаклі

Пасля сцэн з жыцця Каліноўскага мы чуем маналог Янкі Купалы, які прадстаўлены і жывым акцёрам, і лялькамі (немаўлятка і дарослы). Гучыць «Купалінка» ў выкананні Хору вольных беларусаў, і паэт, увасоблены акцёрам Змітром Хведаруком, кажа «Гэту песню я чуў у ноч, калі нарадзіўся». Так, тут няма памылкі. Аўтарская «Купалінка» Міхася Чарота напісана ў 1920-я, значна пазней за дату нараджэння Купалы, але па матывах народных купальскіх песень, якія паэт мог чуць у канцы ХІХ ст. 

Далей у спектаклі прагучыць яшчэ адна купалка. А арыгінальны тэкст п’есы Караткевіча яшчэ больш насычаны фальклорнымі творамі: там можна пабачыць словы песень «Яшчур», «Падушачка», «Дубочак зялёненькі», «Унадзіўся сівы конь», «За гарою зайчыкі трубяць», «Лазар». Магчыма, стваральнікі спектакля калі-небудзь наладзяць супрацу са спевакамі, якія выконваюць народныя песні ў адкрытай, нехаравой, манеры.

Хочаце паглядзець батлейку — запрасіце на гастролі 

Каардынатарка праекта Марыя Вайтовіч распавяла, што «Купала. Пачатак» — гэта ўжо чацвёрты сумесны спектакль тэатра лялек «Батлейка +» і Хору вольных беларусаў. Год таму яны падрыхтавалі калядную праграму, пра якую мы пісалі тут. Потым быў велікодны спектакль і паказ па матывах беларускіх народных казак. Апошні разам з новым спектаклем плануюць паказваць па-за сезонам. 

Стваральнікі спектакляў ахвотна прымуць запрашэнне на гастролі.

Якія дэкарацыі выкарыстоўваюць

Пад кожны спектакль у батлейцы мяняюцца дэкарацыі і ствараюцца амаль усе новыя лялькі. Цяперашнія дэкарацыі паказваюць Вязынку — вёску, дзе нарадзіўся Купала. Гэтыя ж дэкарацыі выкарыстоўваліся ў спектаклі па матывах казак.

Калыску, над якой чатыры чараўніцы судзяць долю Купалу-немаўлятку, хацелі зрабіць адмыслова да прэм’еры, але знайшлі гатовую ў адной з варшаўскіх антыкварных крам. «Можа быць, гэта калыска і ё з часоў Купалы», — кажа Марыя Вайтовіч.

Як трапіць на прэм’еру

Прэм’ерны паказ спектакля «Купала. Пачатак» адбудзецца 12 кастрычніка ў 18.30 у Варшаве па адрасе Puławska 114, у будынку польскай пратэстанцкай царквы.

Уваход вольны. Будзе магчымасць аддзячыць данатам. 

Спектакль і рэквізіты для яго зроблены сіламі і на сродкі саміх удзельнікаў.

Каментары

Цяпер чытаюць

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў6

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

«Пояс крэпасцяў» на Данбасе: чаму ён важны для Украіны1

Што адбываецца з квіткамі на аўтобусы з Мінска ў Вільню пасля масавай адмены рэйсаў? Гэта нешта ненармальнае19

Пастаўкі нафты па нафтаправодзе «Дружба» ў Еўропу зноў спыніліся3

Кім Чэн Ын узнагародзіў вайскоўцаў, што ваявалі з Украінай8

Хлопец паскардзіўся, што праз калапс на мяжы не можа выехаць з Варшавы ў Мінск. Беларусы падзяліліся лайфхакамі9

Беларусы ў сацсетках абураюцца, што дэкрэтніцам нібыта плацяць больш, чым тым, хто ходзіць на працу27

Бум на бікіні-стрынгі. Гэта бодзіпазітыў ці нешта іншае?25

Гарыць станцыя перапампоўвання нафты ў Бранскай вобласці, праз якую атрымлівала сыравіну Беларусь12

Dana Holdings выключылі з санкцыйнага спісу ЗША5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў6

«Некаторым людзям варта зняць ружовыя акуляры». Лявончык — пра Мельнікаву, уцечку ў «Байхэлп», белыя паліто і грошы на 1300 палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць