Грамадства

Сілавікі прапануюць адкупляцца за данаты і тлумачаць механізм. Што пра гэту схему і гарантыі кажа юрыст?

Сілавікі сцвярджаюць, што не мае значэння, калі фонды салідарнасці прызналі экстрэмісцкімі: данаціў — значыць вінаваты. І прыводзяць схему, па якой можна пазбегнуць крымінальнай адказнасці. «Наша Ніва» папрасіла юрыста пракаментаваць гэтыя заявы.

Фонды і «экстрэмізм»

У сюжэце АНТ ад 11 кастрычніка начальнік аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Уладзіслаў Ларыёнаў тлумачыў, што калі чалавек данаціў у фонды, то не мае значэння, калі нейкае аб’яднанне грамадзян прызнана экстрэмісцкім ці тэрарыстычным. 

«Прызнанне іх такімі — гэта падвядзенне рысы пад іх дзейнасцю, а не адпраўны пункт для магчымасці кваліфікацыі дзеянняў асоб, якія іх спансуюць», — даводзіў ён логіку, якой кіруюцца сілавыя органы, фактычна пацвярджаючы, што прымяняюць закон заднім чыслом.

Юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка кажа, што ў маі 2016 года ў заканадаўстве з'явіўся артыкул «фінансаванне экстрэмісцкага фармавання», які прадугледжваў адказнасць за фінансавую падтрымку фармаванняў, якія ўжо прызнаныя экстрэмісцкімі.

Пазней гэта норма трансфармаваная «з падтрымкі экстрэмісцкага фармавання» ў «падтрымку экстрэмісцкай дзейнасці». Пасля гэтага людзей сталі пераследаваць за фінансаванне арганізацый, якія на момант данатаў яшчэ не былі прызнаныя экстрэмісцкімі.

Юрыст акцэнтуе ўвагу на тым, што ўлада спекулюе на двухсэнсоўнасці тлумачэнняў прававых нормаў. З іх не зразумела простым людзям, што іх дзеянні могуць быць забароненымі.

«Фармулёўкі, якія выкладзеныя ў законе, не даюць чалавеку адназначнага адказу, ці супрацьпраўныя яго дзеянні. Спецыяліст, вядома ж, зразумее пра што гаворка, але, калі чалавек не разбіраецца ў юрыдычных тонкасцях, хутчэй за ўсё не ўбачыць выразнай пагрозы», — гаворыць ён.

У сітуацыі, калі цяперашняй уладзе «не да законаў», кажа Сапелка, чалавеку трэба быць гатовым, што ён трапіць пад крымінальны пераслед за падтрымку ініцыятывы, якая не прызнаная на момант ахвяравання экстрэмісцкім фармаваннем.

Юрыст заўважае, што Лукашэнка экстрэмізмам называе тое, што аб’ектыўна не зʼяўляецца агульнанебяспечнымі дзеяннямі. У цяперашняй Беларусі антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца як інструмент пераследу людзей за ажыццяўленне сваіх правоў і свабод.

Падтрымка грамадскіх ініцыятываў, дзейнасць якіх скіравана на абарону правоў і інтарэсаў людзей, не можа быць экстрэмізмам, настойвае юрыст.

«Чалавек ахвяруе на дапамогу пацярпеламу ад гвалту сілавікоў, міліцыі, неправасудных выракаў пастаноў, ён апрыёры не лічыць свае дзеянні незаконнымі», — падкрэслівае ён.

А што з практыкай, калі прапануюць адкупіцца і абяцаюць не заводзіць крыміналкі?

У сюжэце АНТ тлумачылася, што калі чалавек данаціў адзін раз і актыўна раскаяўся, то яго могуць вызваліць ад крымінальнай адказнасці. Але трэба будзе сплаціць кампенсацыю. Наколькі гэта адпавядае закону? Ці дае гэта гарантыю, што справы пасля не завядуць?

Павел Сапелка кажа, што ў законе ёсць нормы, якія вызваляюць ад крымінальнай адказнасці па абвінавачванні ў экстрэмісцкай дзейнасці (артыкул 361-2 УК). Яны прадугледжваюць дзейнае раскаянне і добраахвотную кампенсацыю шкоды.

Паводле юрыста, калі гаворка ідзе пра дзейнае раскаянне, то яно тычыцца асоб, якія ўпершыню ўчынілі менш цяжкае злачынства альбо злачынства, якое не ўяўляе вялікай грамадскай небяспекі.

Падазраванага могуць вызваліць ад крымінальнага пераследу калі:

  • ён сам прыйшоў з павіннай;
  • актыўна садзейнічаў выкрыццю злачынства;
  • выплаціў нанесеную злачынствам шкоду або вярнуў неабгрунтаванае абагачэнне;
  • сплаціў даход, атрыманы злачынным шляхам;
  • унёс на дэпазітны рахунак органа, які вядзе крымінальны працэс, кампенсацыю ў памеры 50 працэнтаў ад учыненай злачынствам шкоды.

Павел Сапелка заўважае, што чалавек, які «добраахвотна» прызнаўся ў «фінансаванні экстрэмісцкага фармавання» мусіць пільнаваць, каб вызваленне ад крымінальнай адказнасці належным чынам было аформлена.

Пастанова павінна выносіцца органам, які вядзе крымінальны працэс — пракурорам ці следчым са згоды пракурора.

«Гэта не мусяць быць аператыўнікі, КДБ, ці органы фінансавага кантролю», — падкрэслівае юрыст.

Ён паўтарае: кампенсацыя шкоды, іншыя выплаты павінны быць зробленыя толькі на рахунак органа, які вядзе крымінальны працэс і ніякія іншыя.

Па словах юрыста, выкананне такіх умоваў можа стаць гарантыяй таго, што да гэтага пытання вяртацца не будуць. У адваротным выпадку чалавека могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці ўжо з вынясеннем прысуду.

Павел Сапелка дапускае, што ў выпадку, калі падазраванага ў «фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці» схапілі, дабіліся ад яго дзейнага раскаяння, орган, які вядзе крымінальны працэс, можа разглядаць гэта як добраахвотную яўку з павіннай.

Па словах Уладзіслава Ларыёнава, Дэпартамент фінансавых расследаванняў разам са Следчым камітэтам за першае паўгоддзе 2023 года выявіў 70 злачынстваў, звязаных з фінансаваннем экстрэмісцкай дзейнасці, і 6 злачынстваў, звязаных з фінансаваннем тэрарыстычнай дзейнасці.

З гісторый тых, каго выклікалі ў органы на тлумачэнне за данаты, мінімальная сума кампенсацыі — 500 ці 1000 даляраў. Калі ж чалавек пераводзіў фондам салідарнасці значную суму, то кампенсацыю звычайна просяць у 10-кратным памеры. Часам сумы касмічныя.

У сюжэце АНТ расказалі пра Антона Федарэнку, які ў якасці кампенсацыі пералічыў у дзіцячы фонд хворых анкалогіяй 60 тысяч даляраў.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Каго садзяць за данаты, а каму дазваляюць адкупіцца. Вось якая логіка

«Даведалася, што выклікаюць у КДБ». Як айцішнікі вывозілі грошы ў 2023 годзе

Чаму Гараўскага апраўдалі? Тлумачаць юрысты

Каментары

Цяпер чытаюць

Галоўны ідэолаг Беларусі знайшоў у краіне «псеўдапатрыятычныя ячэйкі» і заклікаў да змагання з імі «адзіным баявым кулаком»12

Галоўны ідэолаг Беларусі знайшоў у краіне «псеўдапатрыятычныя ячэйкі» і заклікаў да змагання з імі «адзіным баявым кулаком»

Усе навіны →
Усе навіны

Тату-мастаку з Гомеля, што жыве ў Польшчы, патрэбна дапамога. Некалькі месяцаў таму яму перасадзілі сэрца

«Яўрэй-сіяніст напаў на іранскае дзіця». У твітары істэрыя вакол фэйкаў пра беларуса, які напаў на хлопчыка ў маскоўскім аэрапорце14

У Польшчы тэсціруюць пераход на 4-дзённы працоўны тыдзень. Чаму дзяржаве выгадна, каб людзі працавалі менш2

Беларускія комікі запусцілі ютуб-шоу спатканняў усляпую3

Пад Мінскам па віне п'янага кіроўцы «Мерседэса» загінулі дзве жанчыны і двое дзяцей3

Чалы: Лукашэнка гатовы пераступіць цераз асабістую нянавісць дзеля шанцу раскалоць эміграцыю8

Па дарозе са Швецыі ў Беларусь машына згубіла мінімум 300 тысяч кіламетраў прабегу — цяпер яе прадаюць за $15 тысяч8

Банкрутуе завод кампазітных канструкцый. У яго хацелі ўкласці 220 мільёнаў еўра

Пластычнаму хірургу з Беларусі вынеслі ў Маскве абвінаваўчы прысуд і адпраўляюць у калонію3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Галоўны ідэолаг Беларусі знайшоў у краіне «псеўдапатрыятычныя ячэйкі» і заклікаў да змагання з імі «адзіным баявым кулаком»12

Галоўны ідэолаг Беларусі знайшоў у краіне «псеўдапатрыятычныя ячэйкі» і заклікаў да змагання з імі «адзіным баявым кулаком»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць