Грамадства

«Цяжка насіць гэты цяжар, так і бадзяюся разам з імі». Прайшоў вечар салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі «Вясны»

Вечар салідарнасці з палітзняволенымі праваабаронцамі «Вясны» Алесем Бяляцкім, Валянцінам Стэфановічам і Уладзем Лабковічам прайшоў у Вільні ў гасцёўні Беларускай рады культуры. Вясноўцаў затрымалі 14 ліпеня 2021 года — два гады таму.

Вечар пачаўся з хвіліны маўчання па загінулым палітвязню Алесю Пушкіне. У свой час Алесь Бяляцкі напісаў пасляслоўе да кнігі Пушкіна «Турэмны альбом»:

«Для вопытнага і абазнанага перформера, якім ёсць Алесь, зняволенне было натуральным і неабходным працягам перформансу […].

Я ніколі не забудуся пра карціну-перформанс, якую Алесь выставіў на першым з'ездзе Беларускага народнага фронту, які праходзіў у чэрвені 1989 года ў Вільні. Гэта быў бел-чырвона-белы сцяг з чырвонай паласой, намаляванай крывёй мастака. Кроў на паветры пабурэла, парудзела і не была такой цёмна-вішнёвай, як спачатку, калі мастак нацадзіў яе са сваёй жылы ў шклянку. І як жа гэтая карціна адпавядала нашым тагачасным жаданням і пачуццям! Мы былі гатовыя без роздуму і без развагаў аддаць што там шклянку — усю сваю кроў — за Беларусь! Такія былі часы і такі быў Алесь Пушкін».

Юрыст ПЦ «Вясна» Павел Сапелка нагадаў пра тое, як праходзіў пераслед траіх вясноўцаў:

«Пасля 14 ліпеня 2021 года былі доўгія пакутлівыя месяцы, калі ішло расследаванне. З аднаго боку, мы выдатна разумелі сітуацыю, што, хутчэй за ўсё, гэта дрэнна скончыцца, але з іншага боку, былі спадзяванні, што нешта адбудзецца — і нашы калегі хутка змогуць далучыцца да нас».

«Нам страшна. Цяпер Уладзімір Лабковіч знаходзіцца ў шклоўскай калоніі — там, дзе загінуў палітвязень. Алесь — у калоніі для тых, хто ўжо раней асуджаўся да пазбаўлення волі. Гэта не робіць гэтых людзей горшымі, але, на жаль, гэта не тое асяроддзе, якое можа падтрымаць Алеся і можа быць спрыяльным асяроддзем для развіцця.

Нашым калегам максімальна абмежаваная сувязь з сем'ямі, блізкімі, аднадумцамі, яны практычна не атрымліваюць лістоў ад старонніх. Валянцін Стэфановіч часам прымудраецца перадаць на волю пазітыўны зарад: ён рады чуць, што «Вясна» працуе, што мы працягваем сваю дзейнасць», — адзначыў Павел Сапелка.

На вечарыне салідарнасці выступіў і праваабаронца «Вясны», пісьменнік Сяржук Сыс. Ён прачытаў свой верш «Два гады», які напісаў 14 ліпеня 2023 года:

«Два гады збіраюцца ў галаве маёй каменьчыкі-камяні,
Непрыгожыя такія, не аблашчаныя хвалямі марскімі…
Шурпатыя і калючыя, ты адчуеш іх, толькі голаў крані…
Цяжка насіць гэты цяжар, так і бадзяюся разам з імі.

Два гады як ні дома не маю, ні песень, якія спявалі сябры, —
Толькі жахі начныя, і крыкі, і голаў, каменнем напоўнены.
Паскараючы бег свой, нясуся ў прадонне глухое з гары,
Час выгнання адлічваю я маладзікамі і поўнямі».

Падтрымайце лістамі і паштоўкамі салідарнасці зняволеных вясноўцаў:

ПК № 9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16
Аляксандру Віктаравічу Бяляцкаму;

ПК № 15, 213105, г. Магілёў, п/а Вейна, Слаўгарадская шаша, 183
Валянціну Канстанцінавічу Стэфановічу;

ПК № 17, 213004, г. Шклоў, вул. 1-я Заводская, 8
Уладзіміру Мікалаевічу Лабковічу.

Каментары

Цяпер чытаюць

Жыхары Грушаўкі і Міхалова застаюцца без дэпутаткі: чэмпіёнка Мірончык-Іванова збіраецца ў дэкрэт19

Жыхары Грушаўкі і Міхалова застаюцца без дэпутаткі: чэмпіёнка Мірончык-Іванова збіраецца ў дэкрэт

Усе навіны →
Усе навіны

Таямніцы Мінскага замчышча: недабудаваны храм, які ставіць у тупік навукоўцаў, і маладая князёўна з касой і кветкавым вянком1

У ЗША 18‑гадовы зумер зарабіў $30 мільёнаў на дадатку, які лічыць калорыі па фота ежы

У афіцыйным Пантэоне герояў ёсць князь, пра існаванне якога многія пачуюць першы раз13

Прарасійскі блок разгромна прайграе выбары ў Малдове20

У афіцыйны Пантэон герояў запісалі тэрарыста, але там не будзе франтавіка Васіля Быкава. Затое будзе праваслаўны, які Хрысту ногі рэзаў27

Рэдкі метэор ярка згарэў над беларускім Палессем1

Названыя 13 расійскіх камандзіраў, датычных да злачынстваў у Бучы4

Усебеларускі народны сход пройдзе ў канцы года22

Спявачка Селена Гомес выйшла замуж

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жыхары Грушаўкі і Міхалова застаюцца без дэпутаткі: чэмпіёнка Мірончык-Іванова збіраецца ў дэкрэт19

Жыхары Грушаўкі і Міхалова застаюцца без дэпутаткі: чэмпіёнка Мірончык-Іванова збіраецца ў дэкрэт

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць