Грамадства

Беларуская дызайнерка адкрыла ў Варшаве творчую прастору — «Дом Буслоў»

Прастора для фэшн-беларусаў з'явілася на вуліцы Адама Міцкевіча ў польскай сталіцы. У вітрыне — дызайнерскія вырабы, на шкле — назва на трох мовах: на беларускай, польскай і англійскай. «Запрашаем усіх, хто хоча болей даведацца пра Беларусь», — тлумачыць гаспадыня і стваральніца творчай прасторы Вольга Кардаш.

Дызайнерка адзення Вольга Кардаш.

Больш, чым проста крама

У цэнтры Мінска Вольга мела краму ўласнага адзення. У пратэсным жніўні 2020-га яна стварыла серыю цішотак з лагатыпамі прадпрыемстваў, дзе адбываліся страйкі. І гэта быў апошні праект дызайнеркі ў Беларусі: жыць у несвабоднай краіне яна не захацела, і ўжо ў верасні пераехала ў Польшчу.

Цяпер у Варшаве яна ўвасабляе сваю даўнюю мару — стварыць прастору, дзе можна пазнаёміцца з творчасцю мастакоў, дызайнераў мэблі, адзення і аксесуараў, нешта набыць і чамусьці навучыцца.

«Я назвала прастору «Дом буслоў», бо буслы — мая даўняя любоў, — кажа Вольга Кардаш. — Гэта хэдлайнер майго брэнда. Работы з бусламі ў мяне заўсёды былі, ёсць і будуць, і сёння тут ужо можна ўбачыць адзенне з розных маіх калекцый. І ўвогуле бусел для беларусаў вельмі важная птушка, дый для палякаў таксама не чужая. А яшчэ, з улікам таго, што Варшава — гэта такі транзітны горад, праз які праязджае шмат турыстаў, мы хочам, каб наша прастора была цікавая і замежным гасцям. Каб людзі з розных краін знаёміліся з творчым жыццём беларусаў.

У «Доме буслоў» можна паглядзець і набыць адзенне, біжутэрыю, карціны, а яшчэ — замовіць мэблю, узоры якой бачаць наведнікі. І гэта не адзінае адрозненне творчай прасторы ад тыповага мастацкага салона або шоў-рума.

Тут чакаюць беларускіх чытачоў

«Дом буслоў» мае стаць яшчэ і міні-кнігарняй. Гэтым займаецца Наста Ганчарова, якая арганізавала ў Варшаве літаратурны клуб, а цяпер яшчэ й шукае магчымасцяў наладзіць продаж беларускай літаратуры.

Наста Ганчарова

«Я была на фестывалі «Прадмова», пазнаёмілася з многімі аўтарамі, і зараз планую, як дастаўляць беларускія кнігі ў Варшаву. Хочацца, каб людзі дакладна ведалі: у «Доме буслоў» яны прадаюцца. Бо мы разумеем, што да нас будуць заходзіць тыя, хто апынуўся за мяжой па волі лёсу, у эміграцыі. Для іх павінны быць «пункт», дзе можна набыць беларускую кнігу, каб не так востра адчуваць адарванасць ад радзімы», — гаворыць Наста.

Першая з літаратурных навінак, якая ўжо з'явілася на паліцах, — гэта «Падарожжы Бенджаміна Трэцяга» з ілюстрацыямі Міці Післяка — беларускага ілюстратара, які жыве ў Нью-Ёрку.

Яшчэ адна ідэя, якую хочуць ажыццявіць у «Доме буслоў», — гэта прэзентацыі кніг з удзелам аўтараў, сяброўскія сустрэчы з маладымі беларускімі літаратарамі.

Першы майстар-клас будзе прысвечаны «павукам»

Сярод аўтарскіх прац, прадстаўленых у «Доме буслоў» — незвычайныя завушніцы ў выглядзе «павукоў», традыцыйнай для Беларусі дэкаратыўнай канструкцыі з саломы. «Павукоў» рабілі перад Калядамі і чаплялі да столі як абярэг ад злых сілаў. Праз год яго спальвалі, а ў хаце з'яўляўся новы. Гэтая традыцыя натхніла беларускую дызайнерку Насту, стваральніцу брэнду «Канва»:

«Я люблю працаваць з саломай, ёсць у мяне і саламяныя завушніцы. Аднойчы я падумала: а што, калі зрабіць завушніцы — «павукі»? Знайшла лёгкі метал, завушніцы ў мяне ёсць і залацістыя, і цёмныя. Гэта асноўны профіль маёй творчасці — павукі, абярэгі, і ў кожны пакуначак для пакупнікоў я кладу тлумачэнні на паперы, што гэта за сімвал. І якраз на Хэлаўін, днямі, буду праводзіць тут такі павучыны шабаш — майстар-клас па «павуках». Іх робяць перад Калядамі, але чаму б не цяпер — калі настаюць такія цёмныя магічныя вечары».

Наста, стваральніца брэнда «Канва»

У Мінску вырабы Насты прадаваліся ў сувенірнай краме мастацкага музея, на рамесніцкіх кірмашах. Было шмат магчымасцяў для гандлю, але пасля падзей 2020 года давялося з'ехаць. Цяпер дзяўчына супрацоўнічае з «Домам буслоў», іншымі беларускімі пляцоўкамі і стварае саламяныя творы. Салома, праўда, цяпер польская. Затое традыцыя — родная.

Каментары

Цяпер чытаюць

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае

Усе навіны →
Усе навіны

Як звесці рызыку інфаркту да мінімуму?

Беларус надрукаваў на 3D-прынтары пісталет-кулямёт2

Азараў расказаў, чым будзе займацца яго дэтэктыўнае бюро «Рэкс»6

Чарговы скандал з адміністрацыяй Трампа: журналісты знайшлі ў інтэрнэце персанальныя даныя топ-чыноўнікаў4

«Мой заробак у Польшчы вырас у дзесяць разоў» — гінеколаг Ганна Каско49

Міністр абароны Літвы: Няма гарантыі, што вайскоўцы ЗША ў машыне — правяраюцца і іншыя версіі1

Каля новай станцыі метро хочуць знесці прыватны сектар і двухпавярхоўкі. Мінчан клічуць на абмеркаванне5

У Мінску з'явіліся электрасамакаты «Яндэкс Go»

Удзельніцам «Міс Беларусь» дазволілі мець татуіроўкі і пірсінг4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае

Беларусы выкупілі пад Мінскам дзевяць участкаў, каб жыць цеснай кампаніяй. Адно месца яшчэ вакантнае

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць